Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Алексіевіч не прымалі ў Саюз пісьменьнікаў?


Сьвятлана Алексіевіч. Фота з асабовай справы ў СБП
Сьвятлана Алексіевіч. Фота з асабовай справы ў СБП

Сёлетняга Нобэлеўскага ляўрэата па літаратуры ў свой час не прынялі ў Саюз пісьменьнікаў БССР. Што было прычынай адмовы? Госьцем перадачы — літаратуразнаўца і перакладчык Ціхан Чарнякевіч, які зазірнуў у архівы Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

— Ціхан, калі вы ў 2013 годзе перакладалі на беларускую мову «Час сэканд-хэнд» Сьвятланы Алексіевіч, ці было ў вас адчуваньне, што маеце справу з творам будучага Нобэлеўскага ляўрэата?

Ціхан Чарнякевіч
Ціхан Чарнякевіч

— Так, ужо тады было нямала спадзяваньняў на Нобэлеўскую прэмію для Сьвятланы Алексіевіч. Як памятаю, рабіліся сур’ёзныя стаўкі ў букмэкерскіх канторах, нават выходзілі ў Стакгольме на першых палосах газэтаў фотаздымкі пісьменьніцы — за пару дзён да абвяшчэньня імя новага ляўрэата. Фактычна ішла гаворка не пра нейкую далёкую будучыню, а пра тое, што 50 на 50 прэмія магчымая. Так што пад Нобэля кніга, якую мы перакладалі разам з Валерам Стралко, выходзіла ўжо тады.

— У газэце «Новы час» вы нядаўна апублікавалі матэрыялы з асабовай справы Алексіевіч, якая захоўваецца ў Саюзе беларускіх пісьменьнікаў. Мяне зьдзівіла, што, аказваецца, у саюз яе прынялі ня зь першага заходу. З чым гэта было зьвязана?

— На той час, а справа адбывалася ў 1983 годзе, у Саюз пісьменьнікаў зь першага разу трапіць было няпроста. Да таго ж, у выпадку з Алексіевіч была пэўная перадгісторыя, калі яе першую кнігу «Я зьехаў зь вёскі» ў штыкі ўспрыняло партыйнае кіраўніцтва Беларусі. Кніга была напісаная па аповедах тых вяскоўцаў, якія пераехалі ў горад («сена на асфальце» — паводле вызначэньня Міхася Стральцова), і тых, хто з гораду вырашыў вярнуцца ў вёску. Алексіевіч тады працавала карэспандэнтам «Сельской газеты», вельмі часта езьдзіла, пісала нарысы, добра ведала сытуацыю. І вось напісала кнігу, дзе досыць крытычна выказалася, прыкладам, пра тагачасную пашпартную сыстэму. Вёска тады была замкнёнай прасторай, і зьехаць адтуль было складана. Кніга ў выніку ня выйшла, яе проста забаранілі выдаваць. Сумнавядомы Сеўрук, які яшчэ ў 1960-я гады змагаўся з Быкавым, і тут праявіў сябе, праз ЦК націснуў на «Новый мир», і кнігу зьнялі з публікацыі. Але за Алексіевіч змагаліся яе старэйшыя сябры — Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Янка Брыль. Пытаньне аб яе прыёме было вынесенае на Прэзыдыюм Саюзу пісьменьнікаў. Абаронцы Алексеівіч разумелі — справа рызыкоўная, можа не атрымацца, але менавіта цяпер, калі пачынаецца саюзная слава пісьменьніцы, у тым ліку і дзякуючы фільмам па яе сцэнарах (ужо міжнародныя пайшлі прэміі), трэба абавязкова прыняць яе ў саюз — даць афіцыйную «ахоўную грамату». Пры гэтым яны разумелі, што Алексіевіч ужо мае статус нядобранадзейнай праз гісторыю зь першай кнігай.

Заява на ўступленьне ў Саюз пісьменьнікаў БССР
Заява на ўступленьне ў Саюз пісьменьнікаў БССР

— А хто даваў рэкамэндацыі Алексіевіч? Ад гэтага таксама залежала галасаваньне падчас прыёму ў Саюз пісьменьнікаў.

— Былі вельмі добрыя рэкамэндацыі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Ігната Дуброўскага (вядомага на той час нарысіста). Адамовіч напісаў, што даўно ведае Сьвятлану Алексіевіч, што яе нарысы з поўным правам могуць лічыцца апавяданьнямі. І вось яго цікавая фраза: «Я пазнаёміўся з поўным тэкстам кнігі „Калі жанчыны ваявалі“ (першая назва кнігі „Ў вайны не жаночае аблічча“), і гэты твор ставіць Сьвятлану Алексіевіч у шэраг найбольш сур’ёзных ваенных аўтараў. Заўтра гэта стане відавочна». На думку Адамовіча, Алексіевіч ужо тады была аўтарам з вялікім запасам на будучыню. Ён гэта адчуў. Рэкамэндацыі Адамовіча і Брыля нібы паказвалі на духоўную пераемнасьць паміж кнігамі «Я з вогненнай вёскі» і творчасьцю Сьвятланы Алексіевіч. Ужо тады была фактычна завершаная і часткова апублікаваная ў часопісе «Маладосьць» кніга «Ў вайны не жаночае аблічча». Чакалася, што афіцыйнае зацьверджаньне пісьменьніцы сябрам саюзу дасьць ёй магчымасьць выдаць, нарэшце, першую кнігу. І калі прэзыдыюм, насуперак прыёмнай камісіі, прыняў яе ў саюз, кніга сапраўды выйшла.

Рэкамэндацыі Алеся Адамовіча і Янкі Брыля
Рэкамэндацыі Алеся Адамовіча і Янкі Брыля

— А хто выступаў на тым прэзыдыюме, хто заступаўся за Алексіевіч?

— Выступаў Васіль Быкаў — менавіта ён папрасіў уключыць у парадак дня «справу Алексіевіч». Бралі слова таксама Ніл Гілевіч, Алена Васілевіч, Янка Брыль, Алесь Адамовіч, Нічыпар Пашкевіч. Дарэчы, апошні быў даволі адыёзнай асобай...

— Так, дужа партыйны быў чалавек...

— Але ён сказаў, што «прыйдзе час, калі Сьвятлану Алексіевіч назавуць публіцыстам-падзьвіжнікам, і тады справядліва ўзьнікне пытаньне, чаму яе не прынялі ў Саюз пісьменьнікаў». Адзначаўся і матэрыяльны бок справы. Янка Брыль сказаў, што, робячы вялікую справу, Сьвятлана Алексіевіч часта траціць уласныя грошы, а таму саюзу нядрэнна было б дапамагчы ёй матэрыяльна. Цікава было прачытаць і меркаваньне Васіля Віткі, які адзначаў, што «тэма Алексіевіч па асьвятленьні жанчыны на вайне вельмі новая. Гэта прагучала ня толькі ў нас у Беларусі, але і на ўвесь сьвет. Гэта сапраўдная публіцыстыка, гэта талент!». Цікава, што менавіта ўнучка Віткі Юлія Чарняўская цяпер сябруе з Алексіевіч і паехала зь ёю ў Стакгольм. На тым паседжаньні выступалі таксама Генадзь Бураўкін і Пімен Панчанка — усе яны змагаліся за тое, каб Алексіевіч стала паўнапраўным сябрам Саюзу пісьменьнікаў.

Алексіевіч напісала шмат рэцэнзій на новыя кніжкі Ніны Мацяш, Петруся Макаля, Юркі Голуба, на паэму Алеся Разанава

— У «Новым часе» вы апублікавалі і некаторыя цікавыя дакумэнты. Напрыклад, заяву Сьвятланы Алексіевіч на прыём у Саюз пісьменьнікаў. Там у графе «на якой мове пішаце» пісьменьніца ўласнаручна адзначыла: «на беларускай і расейскай». Беларуская нават на першым месцы. Ці можаце вы што-небудзь сказаць пра беларускамоўныя творы Алексіевіч?

— Цяпер даволі складана з гэтым разабрацца. У 1970-я гады яна нярэдка публікавалася ў беларускамоўных выданьнях — у «ЛіМе», у альманаху «Сучасьнік». Да таго ж, Алексіевіч напісала шмат рэцэнзій на новыя кніжкі Ніны Мацяш, Петруся Макаля, Юркі Голуба, на паэму Алеся Разанава, якая была апублікаваная ў часопісе. То бок, яна ўсё гэта адсочвала, ёй гэта было, відавочна, цікава, яна пісала пра беларускую літаратуру. У асабовай справе нямала анкетаў, і паўсюль Сьвятлана Алексіевіч піша, што яна беларуска. Для яе не стаяла пытаньне нацыянальнасьці, хто яна — расейка, украінка, беларуска. Пасьлядоўна, кожны год, запаўняючы розныя дакумэнты, яна ўказвала толькі адну нацыянальнасьць — беларуска.

Сьвятлана Алексіевіч, 1988 год
Сьвятлана Алексіевіч, 1988 год

— Давайце вернемся да пачатку нашай гутаркі. Калі я чытаю Адама Міцкевіча па-польску, то разумею, што гэта нешта невытлумачальна беларускае. Калі я чытаю Ігара Шклярэўскага па-расейску, я адчуваю там беларускі гук, нейкія беларускія малекулы, якія змешчаныя ў структуру іншамоўнага верша. Ці адчувалі вы штосьці падобнае, перакладаючы тэксты Сьвятланы Алексіевіч?

— Адчуваў. Вечны ўціск, рэпрэсіі, вайна, пакуты, гібеньне, нішчымніца — гэтыя тэмы зьяўляюцца стрыжнявымі для Алексіевіч. Яны б’юць, напэўна, па кожным беларусе — ён успамінае і дзядоў сваіх на вайне, і бабуляў, якія засталіся без сваіх мужоў, дзяцей, якія бачылі немцаў... У кожнай вёсцы ёсьць свае гісторыі пра шакалядку ад немца ці, наадварот, пра спаленую хату, пра застрэленага чалавека. Усё гэта — вельмі блізкія нам тэмы. Тое, што яны праз Алексіевіч прагучалі на ўвесь сьвет, сьведчыць пра іх унівэрсальнасьць. У той жа Сірыі сёньня дзе-небудзь бацька сядзіць з забітым хлопчыкам на руках... Ці радыяцыя на Фукусіме ў Японіі. Там «Чарнобыльская малітва» чытаецца як учора выдадзеная, актуальная кніга.

Нобэля па літаратуры ў беларусаў забраць ужо немагчыма

— З усяе тае слоўнай ніягары, якая абрынулася на нас (найперш у сацсетках) пасьля вэрдыкту Нобэлеўскага камітэту, я хачу прыгадаць выказваньне маскоўскага выдаўца кніг Алексіевіч Барыса Пастарнака: «Усё шумавіньне схлыне, а застанецца вялікая расейская літаратура і ў ёй — Сьвятлана Алексіевіч». Дык што, змаганьне за Алексіевіч і сёньня мусіць працягваецца — як і ў 80-я гады?

— Думаю, што так. За кожную каштоўнасьць людзі змагаюцца. Калі які-небудзь літоўскі дзеяч скажа, што ўсё схлыне, а для Літвы застанецца вялікі князь Вітаўт, мы ж ня зможам з гэтым пагадзіцца, праўда ж? Паводле літоўцаў, у іх на сёньня, па-мойму, дзевяць нобэлеўскіх ляўрэатаў, у тым ліку Чэслаў Мілаш, якога яны абсалютна спакойна залічваюць у сваю літаратурную гісторыю... Але Нобэлеўскі камітэт вешае сьцяжкі каля прозьвішчаў, там напісана грамадзянства па пашпарце. Таму адабраць ад Беларусі Сьвятлану Алексіевіч хай ніхто не стараецца — ні маскоўскія выдаўцы, ні Пятро Парашэнка, які таксама выказаўся ў свой час наконт украінства пісьменьніцы. Нобэля па літаратуры ў беларусаў забраць ужо немагчыма.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG