Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Трусаў: Алексіевіч трэба ўключыць у школьную праграму па беларускай літаратуры


Старшыня ТБМ Алег Трусаў
Старшыня ТБМ Алег Трусаў

ТБМ імя Ф. Скарыны зьвярнулася ў Міністэрства адукацыі з прапановай уключыць у навучальныя праграмы па беларускай літаратуры творы Сьвятланы Алексіевіч. Як паставіліся да такой ідэі міністэрскія чыноўнікі, і якія творы Нобэлеўскай ляўрэаткі вартыя вывучэньня ў школах? Госьцем перадачы — старшыня таварыства Алег Трусаў.

— Спадар Алег, наколькі ведаю, вы ня толькі ў Мінадукацыі зварот накіравалі, але і ў Міністэрства інфармацыі — каб усе кнігі Сьвятланы Алексіевіч выдаць у дзяржаўных выдавецтвах. І што вам адказалі з абодвух міністэрстваў?

Мы хочам, каб нашы людзі прачыталі ўсе творы Алексіевіч на роднай мове.

Мы хочам, каб нашы людзі прачыталі ўсе творы Алексіевіч на роднай мове. Зь Міністэрства інфармацыі мы атрымалі адказ, што наша прапанова будзе разгледжаная, калі пісьменьніца дасьць згоду на перавыданне сваіх кніг у беларускім дзяржвыдавецтве. Такім чынам, было б добра, каб спадарыня Сьвятлана, ведаючы пра гэтыя нашы звароты, копіі мы ёй можам у любы момант перадаць, прапанавала, напрыклад, «Мастацкай літаратуры» перавыдаць усе свае кнігі. Па-беларуску. Думаю, гэта магчыма, асабліва калі мы пад гэта яшчэ некалькі тысячаў подпісаў пакладзём. Калі людзі пасьля таго, як Алексіевіч дасьць згоду, пачнуць пісаць на імя міністра інфармацыі Ананіч: хочам прачытаць на роднай беларускай мове кнігі Нобэлеўскай ляўрэткі.

— За наданьне адной зь менскіх вуліцаў імя Васіля Быкава сабралі подпісаў сто тысячаў, а вынік — нуль.

— Ня так зьбіралі і ня так пасылалі. Каб гэта было сто тысячаў канвэртаў, і ў кожным ліст — а так што? Усе подпісы былі сабраныя ў адну скрынку і адвезеныя ў гарвыканкам. І на ўсю скрынку чыноўнікі далі адну маленькую адпіску, і на гэтым усё скончылася. Тыя, хто зьбіраў, можа, мелі нейкія іншыя мэты, але так ня робіцца.

— У сувязі з вашай ідэяй перавыдаць кнігі Алексіевіч мне прыгадалася, як яшчэ пры жыцьці Васіля Быкава тая ж «Мастацкая літаратура» зьбіралася выдаць Збор твораў пісьменьніка ў 8 тамах. Нават рэклямны буклет выпусьцілі і раздавалі яго на Франкфурцкім кніжным кірмашы. А потым аказалася, што гэта была ўсяго толькі прапагандысцкая акцыя, ніхто той збор твораў выдаваць і не зьбіраўся.

— А я вам пра другія выпадкі нагадаю. Помніце, як пачынаўся Збор твораў Уладзімера Караткевіча ў 25 тамах? Спачатку выдавецтва абвесьціла, а потым сказала — няма грошай. І толькі калі грамадзянская супольнасьць, ТБМ у тым ліку, пачало адмысловую кампанію, Караткевіч пачаў выходзіць. Ужо, калі не памыляюся, дзесяць тамоў выйшла. Ды і справа з выданьнем Быкава тады не заглухла. Знайшоўся Аляксандар Казулін, які знайшоў фінансы, і Быкаў пачаў выходзіць. Таксама, па-мойму, тамоў дзесяць ужо выйшла. А нядаўна мы зьвярнуліся ў Міністэрства сувязі з прапановай ушанаваць Фэрдынанда Рушчыца, і на днях зьявіўся канвэрт зь яго партрэтам, дзе не напісана, што гэта польскі мастак. Такім чынам, мы і Рушчыца вярнулі ў нашу нацыянальную скарбонку. І падобных фактаў я магу назваць шмат. Зноў жа кажу — усё залежыць ад колькасьці грамадзянаў. Калі толькі Скобла ці Трусаў будуць гэтым займацца, то, хутчэй за ўсё, справа скончыцца чыноўніцкай адпіскай. Мы будзем ініцыяваць перавыданьні Алексіевіч, а калі дзяржаўныя выдавецтвы не захочуць, дык гэта зробяць прыватныя. І выдадуць, і прададуць, і прыбытак атрымаюць. Якая нам розьніца, хто будзе выдаваць? Галоўнае, каб выйшла. Не захоча «Мастацкая літаратура», то «Галіяфы» выдадуць ці яшчэ якое выдавецтва.

— А якія творы Сьвятланы Алексіевіч, на вашу думку, трэба вывучаць у беларускіх школах? З улікам таго, што яны разьлічаныя ўсё ж на дарослага чытача.

За Гарэцкім і Быкавым Алексіевіч становіцца ў адзін шэраг.

— Трэба вывучаць усе шэсьць кніг. Зразумела, у старэйшых класах. Трэба, каб спачатку вучні прачыталі і засвоілі «На імпэрыялістычнай вайне» Максіма Гарэцкага і ваенныя аповесьці Васіля Быкава. За Гарэцкім і Быкавым Алексіевіч становіцца ў адзін шэраг. А што, творы Дастаеўскага лёгкія? Альбо «Ціхі Дон» — простае чытаньне? Іншая справа, што школьнікам трэба добра гісторыю выкладаць. Бо я, напрыклад, калі ўпершыню ў 9 клясе прачытаў першы том «Ціхага Дону», то ня мог зразумець, чаго расейцы пайшлі ў Прусію. У мяне ўзьнікла маса пытаньняў. У школе пра гэта не казалі, Першую сусьветную вайну мы наогул не вывучалі... Таму Алексіевіч у школе — гэта нармальна. Як гэта, каб творы Нобэлеўскага ляўрэата не вывучалі ў школе? Дарэчы, Міністэрства адукацыі фармальна з намі пагадзілася. Больш за тое, Алексіевіч мусіць вывучацца на ўроках беларускай літаратуры, ніякім чынам не расейскай.

— І адразу ўзьнікае лягічнае пытаньне: а чаму б на ўроках беларускай літаратуры не вывучаць тады і выдатную паэзію магілёўца Ігара Шклярэўскага ці, крый Божа, прозу менчука Чаргінца?

— Я сыходжу з таго, што многія народы прынцыпова перакладаюць на родную мову творы сваіх землякоў. Тады яны становяцца часткай іхняй культуры. Возьмем, напрыклад, Адама Міцкевіча. Па-польску нашы дзеці яго не прачытаюць. Калі ж мы бяром «Дзяды» ці «Пана Тадэвуша», таленавіта перакладзеныя на беларускую мову, мы адразу адчуваем, што Міцкевіч — гэта наш чалавек. Мова заўжды вяртае чалавека ў тое месца, адкуль ён выйшаў. Я магу прыгадаць і свайго земляка Аляксандра Твардоўскага. Мы зь ім наогул з аднаго Мсьціслаўскага раёну, проста мяжа нашу зямлю разрэзала. Твардоўскі бліскуча ведаў беларускую мову і нават называў сябе беларусам.

— То і Твардоўскага трэба вывучаць поруч з Барадуліным?

— Так, і Твардоўскага. Але ў беларускамоўнай вэрсіі.

— Калі ў праграму па беларускай літаратуры ўвесьці Міцкевіча з Ажэшкай ды Твардоўскага са Шклярэўскім, то там не застанецца гадзінаў на Караткевіча, Мележа ці таго ж Быкава.

— Па-рознаму можна вывучаць. Можна ўсё ж знайсьці час на тых творцаў, якія зьвязаныя зь Беларусьсю, нашых землякоў і г. д. І калі Шклярэўскага з Твардоўскім на ўроку хаця б успомнілі і далі прачытаць нейкія творы, то вучні зразумелі б, што гэта не чужыя нам людзі. Разумееце, калі аўтар пісаў пра Беларусь, ня будучы беларусам і карэнным жыхаром, то ён нашых рэаліяў ніяк ня зможа апісаць. А калі ён нарадзіўся тут, то ўсё роўна, на якой мове ён бы ні пісаў, у яго творах будзе беларуская прырода, як у Міцкевіча, будуць нашыя замкі, наш фальклёр, як у Яна Чачота ў «Песьнях ліцьвінаў». І калі мы такому аўтару дадаем фармальную, але важную прыкмету — мову, ён стоадсоткава становіцца нашым. Напрыклад, Мікола Гусоўскі. Пісаў ён на лаціне, а мы яго своечасова пераклалі на беларускую мову, і ён стаў нашым.

— Падчас першай прэс-канфэрэнцыі Сьвятлана Алексіевіч сказала, што з разуменьнем паставілася б да дзяржаўнай узнагароды (гаварылася, здаецца, пра магчымае наданьне ёй званьня Герой Беларусі). Як вы лічыце, чаму дзяржава не пайшла на гэта? А пайшла на звыклую для яе канфрантацыю?

Каб кіраўнік нашай дзяржавы быў трошачкі больш адукаваны, ён бы тут жа падпісаў указ аб узнагароджаньні Алексіевіч.

— А чаму Хрушчоў пайшоў на канфрантацыю з Пастэрнакам? Усё паўтараецца ў гісторыі. Каб кіраўнік нашай дзяржавы быў трошачкі больш адукаваны, ён бы тут жа падпісаў указ аб узнагароджаньні Алексіевіч. І адносіны да яго на Захадзе палепшалі б, і крэдыт хутчэй бы атрымаў. Але — усё паўтараецца, бо яны з Хрушчовым мэнтальна блізкія. Як бы нешта добрае робяць, але ня вельмі добрае.

— Што вы чакаеце ад Нобэлеўскай лекцыі Сьвятланы Алексіевіч?

— Шчыра, кажучы, нічога добрага для нас не чакаю. Вядома ж, яна будзе гаварыць у Стакгольме аб правах чалавека, пра пагрозу «русского мира», якая сапраўды існуе. Я ня думаю, што яна будзе казаць пра катастрафічнае становішча беларускай мовы і культуры. Хоць Алексіевіч пра ўсё гэта цудоўна ведае. Яна ж вырасла ў Беларусі, закончыла журфак БДУ. На жаль, я ніколі ня чуў, каб яна выступіла ў падтрымку беларускамоўнай школы, у падтрымку беларускай мовы. А сваімі настаўнікамі ў той жа час Алексіевіч называе Алеся Адамовіча і Быкава. Чаму ж ня ўзяць прыклад з Адамовіча, які пісаў на дзьвюх мовах? Быкаў усьведамляў, што ён прадстаўнік нацыі, якая можа загінуць. Як я разумею, у Алексіевіч гэтага разуменьня не было, няма і наўрад ці будзе.

— Калі вы так лічыце, навошта пішаце звароты ў міністэрствы, хадайнічаяце за яе?

— Нягледзячы на сказанае вышэй, я да Алексіевіч стаўлюся з вялікай павагай — як да вельмі таленавітай пісьменьніцы. Хоць, на маю думку, яе творы — гэта нешта на мяжы мастацкай літаратуры і высокай эсэістыкі. Плюс да ўсяго, заслугоўвае павагі і яе грамадзянская пазыцыя. Яе асуджэньне агрэсіўнай палітыкі Пуціна. І трэба зірнуць праўдзе ў вочы, калі б яна ня выступіла супраць «русского мира», супраць анэксіі Крыму, а выступіла б «за», (тэарэтычна яна магла гэта зрабіць), то ніхто ёй ніякай прэміі ня даў бы. Паколькі ў прысуджэньні Нобэлеўскай прэміі прысутнічае палітычны чыньнік — так было ў пачатку ХХ стагодзьдзя, так і цяпер.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG