Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы як татары і ўсходнія немцы


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

З усіх каштоўнасьцяў большасьць беларусаў выбірае парадак.

У Льва Гумілёва (гэта той, які пра пасіянарнасьць і этнагенэз) ёсьць «трамвайны прыклад», які Гумілёў любіў прыводзіць у сваіх лекцыях і выступах. У Ленінградзе ў трамваі едуць чатыры савецкія навуковыя супрацоўнікі аднаго ўзросту, але розных нацыянальнасьцяў — рускі, прыбалт (немец), каўказец і татарын. І вось у вагон уваходзіць п’яны, пачынае хаміць і чапляцца да пасажыраў. Рускі пачне п’янага ўгаворваць супакоіцца, прыбалт запатрабуе выклікаць міліцыю, каўказец дасьць дэбашыру ў зубы, а татарын ня будзе ўмешвацца, нібыта абыякава гледзячы ў вакно.

Пакінем убаку спрэчку наконт абсалютнай карэктнасьці гэтага прыкладу, але задумаемся, як у такой сытуацыі будзе паводзіць сябе «звычайны» беларус. Лаўлю сябе на думцы, што з кожным годам усё больш беларусаў будуць паводзіць сябе як прыбалт, і ўсё менш — як рускі. Але што застаецца нязьменным — гэта тое, што большасьць беларусаў, як я перакананы, будзе паводзіць сябе як татарын: глядзець у вакно і настойліва рабіць выгляд, што гэта іх ня тычыцца.

І гэта ня толькі чыста тэарэтычныя разважаньні. Прынамсі, у маім жыцьці былі тры выпадкі, калі я выкідаў з грамадзкага транспарту п’янага хулігана (не таму, што ён быў п’яны — супраць гэтага я нічога ня маю — а таму, што чапляўся да пасажырак), і кожны раз я рабіў гэта пры поўнай абыякавасьці астатніх пасажыраў, сярод якіх хапала мужчынаў, мацнейшых за мяне фізычна.

Другі прыклад. Неяк на папулярным беларускім партале абмяркоўвалася наступная сытуацыя: журналіст зьняў на відэа, як адзін чалавек біў іншага. Ён выклікаў міліцыю, а сам працягваў здымаць — і ўвесь патас ягонага допісу быў пра тое, чаму міліцыя гэтак доўга ня ехала. Калі нехта з чытачоў запытаўся, а чаму журналіст сам не ўмяшаўся — на яго абрынулася большасьць, якая пачала даводзіць, што ўмешвацца нельга, небясьпечна і незаконна.

Ну сапраўды, навошта ўмешвацца ў тое, што непасрэдна ня тычыцца твайго канкрэтнага жыцьця? Бо каб «умешвацца» і «рашаць праблемы» — для гэтага ж існуюць спэцыяльна нанятыя людзі. Нездарма ж Беларусь — гэта краіна з найбольшай колькасьцю людзей у пагонах, розных сілавых і праваахоўных органаў. А яшчэ ў Беларусі больш, чым дзе яшчэ, самых разнастайных кантрольных структураў, палова краіны сочыць, каб другая палова не парушала законаў і правілаў. Бо трэба ж, каб быў парадак! Усе гэтыя інструкцыі, якія выпускае кожнае ведамства, каб прымушаць беларусаў «хадзіць строем» — пра тое, што нельга фатаграфаваць аб’екты, нельга прадпрымальнікам браць сваякоў на працу, нельга сьпяваць у пераходах, нельга пераходзіць пешкі дзяржаўную мяжу — гэта ж ня нейкія марсіяне прыдумляюць, не агенты ФСБ і не заўсёды сам Лукашэнка, а звычайныя беларусы, якія працуюць чыноўнікамі. Як сказаў Даўлатаў — «таварыш Сталін, канечне, дыктатар, але хто напісаў 40 мільёнаў даносаў?»

Аднак невытлумачальная павага да любых навязаных «правілаў» уласьцівая і многім беларусам зь іншага, апазыцыйнага боку. «Мы законапаслухмяныя людзі» — кажуць апазыцыйныя палітыкі і плацяць дзяржаве вялікія грошы за сумнеўны прывілей прайсьці праз мэталашукальнікі на плошчу Бангалор. Ня мной заўважана, што Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, дзе ўдзельнікі масавых дэманстрацыяў пераходзяць дарогу выключна на зялёнае сьвятло.

Дарэчы, пра святлафоры. Неяк у сваім Фэйсбуку я напісаў пра тое, як дзіўна назіраць, калі пешаходы позна ўвечары на пустой вуліцы стаяць на чырвонае сьвятло сьвятлафора. Паглядзеўшы налева-направа і не заўважыўшы машын, я ў такой сытуацыі заўсёды пераходжу вуліцу пад асуджальныя позіркі астатніх, якія дысцыплінавана чакаюць зялёнага. Слухайце, я даволі часта пішу ў Фэйсбуку на самыя вострыя тэмы, але такой хвалі абурэньня і нават нянавісьці я ніколі ні раней, ні пасьля гэтага не сустракаў. Адны пісалі, што я, пераходзячы вуліцу на чырвонае, паставіў сябе тым самым вышэй за іншых людзей, іншыя выказваліся ў стылі «сёньня сьвятлафор, а заўтра такі чалавек украдзе ці заб’е каго». Такое ўражаньне, што я закрануў нешта для беларусаў сьвятое і сакральнае, амаль як «чыстыя вуліцы».

Парадак без свабоды і творчасьці — гэта казарма

Мяркую, нездарма, паводле ўсіх сацыялягічных апытаньняў, больш за іншыя эўрапейскія народы беларусы паважаюць немцаў. Пры гэтым, мне здаецца, беларусы ўхваляюць нейкі гістарычны і цяпер ужо міталягічны вобраз немца — парадак, дысцыпліна, паслухмянасьць — які не абавязкова адпавядае сучасным рэаліям. Асьмелюся здагадацца, што беларусы любяць менавіта немцаў, а не галяндцаў ці там італьянцаў, не за іхнюю партыйную дэмакратыю ці свабоду прэсы, а менавіта за той самы «парадак».

У Расеі хоць «строгость законов смягчается необязательностью их исполнения». Але ў Беларусі да любога правіла і да любой інструкцыі ставяцца з максымальнай сур’ёзнасьцю — мне ў дыскусіі пра зялёнае сьвятло пісалі, што толькі «выкананьне ўсіх існуючых правілаў без выключэньняў прывядзе нас да прававой дзяржавы». У людзей, якія кажуць, што ніколі не парушалі закон, я хачу запытацца: а калі была дэвальвацыя ў 2011-м і даляр каштаваў афіцыйна 5 тысяч, а неафіцыйна — 8 тысяч, вы яго мянялі па афіцыйным курсе? Калі вы мянялі за 8 — то вы парушалі закон, калі за 5 — то вы проста ідыёт.

Я ж ня супраць «парадку», проста ён павінен ураўнаважвацца здаровым сэнсам і свабодай. Бо парадак без свабоды і творчасьці — гэта казарма, гэта ГДР, дзікае спалучэньне нямецкага «орднунгу» з сацыялізмам. У Вугоршчыне быў мяккі «гуляшовы сацыялізм», у Польшчы была «Салідарнасьць» і масавы супраціў уладам, а ў ГДР не было ані мяккасьці нораваў, ані супраціву — а толькі «парадак», чыстыя вуліцы і траціна краіны ў агентах Штазі.

Хіба гэта не нагадвае сёньняшнюю Беларусь?

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG