New York Times надрукавала інтэрвію з экс-кіраўніком Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі, доктарам навук па аналітычнай хіміі Рыгорам Родчанкавым, у якім той агучыў новыя факты ўжываньня допінгу расейскімі спартоўцамі — гэтым разам падчас зімовай Алімпіяды 2014 году ў Сочы.
Спартовы чыноўнік пасьля допінгавага скандалу з адхіленьнем лёгкаатлетычнай зборнай Расеі ад міжнародных спаборніцтваў і, хутчэй за ўсё, ад летняй Алімпіяды ў Рыё-дэ-Жанэйра хаваецца ў ЗША, баючыся за сваё жыцьцё. Сёлета ў лютым раптоўна памерлі два высокапастаўленыя супрацоўнікі Расейскага антыдопінгавага агенцтва (РУСАДА) Вячаслаў Сінеў і Мікіта Камаеў. Само агенцтва было прызнанае неадпаведным кодэксу Ўсясьветнага антыдопінгавага агенцтва і расфармаванае.
Родчанкаў сьцьвярджае, што часткай «дзяржаўнай допінгавай праграмы» былі сама меней паўтара дзясятка расейскіх алімпійскіх чэмпіёнаў і прызэраў. Па яго словах, яшчэ за два тыдні да пачатку Гульняў-2014 ён атрымаў сьпіс спартоўцаў, якім трэба было забясьпечыць «абсалютную чысьціню». Агулам, па ягоных падліках, цягам спаборніцтваў блізу 100 допінг-пробаў чальцоў зборнай Расеі былі замененыя аналізамі, узятымі раней. Прычым, сьцьвярджае ён, «спэцапэрацыі» ў лябараторыі пад покрывам ночы ладзілі ня толькі антыдопінгавыя экспэрты, а і прадстаўнікі спэцслужбаў. «Людзі сьвяткуюць, вітаючы алімпійскіх чэмпіёнаў, а мы як апошнія дурні падмяняем іх мачу», — кажа Родчанкаў, малюючы карціну таго, як насамрэч арганізаваны расейскі спорт.
Родчанкаў даў New York Times доступ да свайго электроннага ліставаньня зь Міністэрствам спорту Расеі, дзе апісваліся дэталі абнародаваных допінг-схемаў. Адметна, што кіраўнік спартовага ведамства Віталь Мутко ў адказ на абвінавачаньні заявіў, што ўсе прызнаньні Родчанкава — працяг інфармацыйнай атакі на расейскі спорт: «Гэта фантазіі чалавека, якога самога абвінавачвалі, а пакрыўджаны можа нагаварыць усё што заўгодна», — заявіў Мутко.
«Ты ўжываеш допінг — я цябе прыкрываю. А каб я цябе прыкрыў — ты мне плаціш»
Адзін з самых дасьведчаных беларускіх спартовых аналітыкаў Барыс Тасман шмат гадоў вывучае тэму допінгу ў спорце. На яго перакананьне, сытуацыя ў Расеі — найбольш паказальны і павучальны прыклад таго, як ужываньне забароненых прэпаратаў ператвараецца ў норму:
«Тое, што ў Расеі ўсё гэта буяе, — не выклікае сумневу. Але як немагчыма вытруціць пустазельле, якое ў іх стаіць па ўзбочынах дарог, гэтак жа нерэальна навесьці парадак у спорце, усё адзін да аднаго. Асабіста я ня ведаю, як яны зьбіраюцца выкручвацца. Уся сыстэма так збудаваная, што ад нізу да верху яна карумпаваная: праплаты, прэпараты. Ты ўжываеш допінг — я цябе прыкрываю. А каб я цябе прыкрыў — ты мне плаціш. Прыкладна так працуе схема. І нават калі паспрабавалі гэта пагасіць унутры Расеі, аказалася, што нічога не атрымліваецца. З 90 рэгіёнаў прыяжджаюць спартоўцы на чэмпіянат Расеі — і ўжо „нафаршыраваныя“. Што зь імі рабіць? Гавары, не гавары — бяз сэнсу. Ім трэба выйграць першынства краіны, каб адабрацца ў асноўную каманду, трапіць на зборы, атрымаць экіпіроўку, дывідэнды. Галоўнае — усунуцца туды любой цаной. А потым пачынаюць гарэць на допінгавым кантролі...»
У якасьці доказу маштабнай карумпаванасьці Рыгор Родчанкаў у сваім інтэрвію, якое з-за абʼёмнасьці запісвалася цягам трох дзён і стане сюжэтам для дакумэнтальнага фільму, прызнаецца: на просьбу спэцслужбаў, якія дзейнічалі «ад імя расейскага ўраду», ён асабіста дапамагаў спартоўцам правільна спажываць забароненыя рэчывы, каб гэта засталося па-за ўвагай спэцыялістаў. «Кактэйль» з анабалічных стэроідаў, над якім навуковец працаваў некалькі гадоў, атлеты самага высокага ўзроўню выкарыстоўвалі да Алімпіяды-2012 у Лёндане і Гульняў-2014 у Сочы. Пакуль ня грымнуў гром з боку Міжнароднага антыдопінгавага агенцтва — у абʼёмнай справаздачы канстатаваліся шматлікія факты сыстэматычнага ўжываньня допінгу расейцамі.
Усьлед за гэтым Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацыяў спыніла на нявызначаны тэрмін сяброўства Ўсерасейскай асацыяцыі лёгкай атлетыкі, абнародаваўшы сьпіс спартоўцаў, якім забаронена выступаць на міжнародных спаборніцтвах на ўвесь пэрыяд дыскваліфікацыі. Агулам у пераліку — больш за 4 тысячы прозьвішчаў, уключна зь лідэрамі зборнай Расеі. Гэта першы выпадак у гісторыі, калі праз допінг ад спаборніцтваў адхіляюць цэлую нацыянальную фэдэрацыю.
Пасьля новых прызнаньняў Рыгора Родчанкава, не выключае спартовы аналітык Барыс Тасман, сьпіс рызыкуюць папоўніць і прадстаўнікі зімовых дысцыплінаў:
«Усе расейскія зоркі, якія цяпер хорам пішчаць, што да гэтай гісторыі ня маюць ніякага дачыненьня, проста хлусяць, і яшчэ як.
Яны ўсе ў долі, яны ўсе цудоўна ведаюць, што рэальна адбываецца. Калі ты ва ўсім гэтым жывеш, то ня можаш нечага ня ведаць. Пакуль у Расеі кардынальна ня зьменяць сыстэму падрыхтоўкі спартоўцаў, ніякага толку ня будзе. Разам з тым я ня веру, што да Алімпіяды ў Рыё-дэ-Жанэйра нешта магчыма ня тое што выкараніць, а нават паспрабаваць паварушыць. Неабходны надзвычай працяглы час, каб мэханізм хоць бы перазапусьціць. А калі заплюшчыць вочы, пашкадаваць, пусьціць іх на Алімпіяду, то ўсё будзе працягвацца і далей. Зробіш палёгку, а яны гэта ўспрымуць як „перамогу“. Інакш у Расеі і быць ня можа — паглядзіце, пра што гавораць іх лідэры, паслухайце іх рыторыку. Усё замешана на грашах».
Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва Беларусі разьмясьціла інтэрвію Родчанкава на сваім сайце
Расейцы на сочынскай Алімпіядзе аказаліся на галаву вышэй за супернікаў, здабыўшы больш за 30 мэдалёў. Адметна, што гульні двухгадовай даўнасьці сталі найбольш пасьпяховымі і для каманды Беларусі: упершыню беларусы здабылі 6 узнагародаў (дагэтуль не ўдавалася больш за дзьве), прычым 5 зь іх — вышэйшай вартасьці. Тры золаты прынесла ў скарбонку біятляністка Дарʼя Домрачава, два — на рахунку фрыстайлістаў Антона Кушніра і Алы Цупер, срэбра ў актыве яшчэ адной страляючай лыжніцы Надзеі Скардзінай. Ніякіх прэтэнзіяў да беларускіх алімпійцаў па выніках допінг-пробаў не было — праўда, пасьля алімпійскага трыюмфу наступны сэзон распачала толькі Скардзіна, усе астатнія ўзялі паўзу.
Зрэшты, для Беларусі допінгавыя скандалы ня рэдкасьць. Шэраг чэмпіёнаў ужо страцілі свае тытулы пасьля таго, як лябараторныя пробы паказалі станоўчы вынік пры аналізах на ўтрыманьне забароненых рэчываў. Між тым, як сьцьвярджаюць у Нацыянальным антыдопінгавым агенцтве (НАДА), ніякага «зрошчваньня» спорту зь дзяржаўнымі структурамі няма і быць ня можа. Задача арганізацыі — ня толькі допінг-кантроль, але прадухіленьне самой зьявы і бязьлітасная зь ёй барацьба. Дарэчы, на сайце агенцтва ёсьць сьпіс спартоўцаў, дыскваліфікаваных на доўгія тэрміны ці нават пажыцьцёва, некаторыя зь іх уваходзілі ў склад нацыянальных камандаў. Цяпер там больш за тры дзясяткі прозьвішчаў.
Што тычыцца скандальнага інтэрвію Рыгора Родчанкі, то, як кажа кіраўнік НАДА Дзяніс Мужжухін, да Беларусі яно ня мае ніякага дачыненьня. Нейкі час таму было падпісанае пагадненьне аб супрацоўніцтве з РУСАДА — былі пляны міжведамасных сацыялягічных і навуковых дасьледаваньняў, а таксама сумеснага тэставаньня спартоўцаў: расейцаў — у Беларусі, беларусаў — у Расеі. Аднак дзейнасьць расейскага агенцтва была прыпыненая да таго, як ад слоў перайшлі да справы:
«Не магу асабліва штосьці камэнтаваць ці сказаць нешта цікавае. Ну, калі РУСАДА зачынілі, то як мы можам нешта зь імі сумесна рэалізаваць? Тое ж тычыцца і Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі: пазбавілі акрэдытацыі — і ўсё. То бок у тым кірунку ў нас праца стала, нічога не адбываецца. А рабіць высновы з заяваў Родчанкі — што ды як і чым скончыцца — няма сэнсу. Хоць, зразумела, гэта той артыкул, які ўзбударажыў усю спартовую супольнасьць ва ўсім сьвеце. Таму, дарэчы, гэты матэрыял ёсьць і на нашым сайце. Але нешта аналізаваць з нашага боку было б непрыгожа і некарэктна. Няхай гэтым займаюцца тыя, хто такія заявы робіць».
У справе вызначэньня допінг-пробаў Беларусь супрацоўнічае зь дзьвюма ўстановамі, акрэдытаванымі Ўсясьветным антыдопінгавым агенцтвам — у Варшаве і Дрэздэне. Гэта найбольш прывабныя адрасы з гледзішча лягістыкі і кошту. Усяго такіх лябараторыяў у сьвеце больш за 30.
Ужо на тытульнай старонцы nada.by чырвоным міргае папярэджаньне адносна таго, што апошнім часам пачасьціліся выпадкі станоўчых пробаў на наяўнасьць мілдранату (мэльдонію) — легальны дагэтуль прэпарат ад пачатку 2016 году стаў падставай для дыскваліфікацыі. У 12 беларускіх спартоўцаў у чатырох відах спорту ўжо знайшлі нязначную канцэнтрацыю прэпарату. Прычым у дзевяці выпадках гэта выявіла Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва. Таму ў НАДА раяць лішні раз перастрахавацца, лябараторным чынам праверыўшы мэдыкамэнты і біялягічна актыўныя дабаўкі.
Калі наважыўся прымаць допінг, трэба быць гатовым, што цябе раней ці пазьней вылічаць
Ня ўсе атлеты згодныя з вэрдыктамі міжнародных спартовых структураў, але вымушаныя падпарадкоўвацца агульным правілам гульні. Прыкладам, штурхальніца ядра Надзея Астапчук страціла алімпійскую ўзнагароду празь некалькі дзён пасьля лёнданскай Алімпіяды — аналіз паказаў наяўнасьць у арганізьме забароненых прэпаратаў. Апроч таго, што спартоўка атрымала чатырохгадовую дыскваліфікацыю, былі ануляваныя яе вынікі пачынаючы ад 2005 году — уключна зь перамогамі на чэмпіянаце сьвету і топавых лёгкаатлетычных этапах.
Некаторыя расейскія спартоўцы, якія «пагарэлі» па аналягічных абвінавачаньнях Міжнароднага антыдопінгавага агенцтва, катэгарычна адмовіліся здаваць нячэсным шляхам здабытыя ўзнагароды, асабліва калі гаворка ішла пра новавыяўленыя акалічнасьці выступаў 6—8-гадовай даўніны. Надзея Астапчук свае ўзнагароды вярнула, але абурэньне калегаў разумее:
«Калі нехта кажа, што не аддасьць мэдаль, я яго цудоўна разумею. Спартовец выйграў узнагароду, пасьля спаборніцтваў ніякіх забароненых прэпаратаў у яго не знайшлі, якія могуць быць прэтэнзіі? Добра, хай сабе час будзе з запасам — 2–3, нават 4 гады. На якой падставе праверка робіцца праз два алімпійскія цыклі? З такім жа посьпехам можна і на 20 гадоў замахнуцца, чаго толькі васьмю абмяжоўвацца? Глупства. Абсалютна не разумею, які сэнс цяпер варушыць усё тое, што было столькі гадоў таму? Ну, праверылі, абвясьцілі: так і так, на той момант былі іншыя тэхналёгіі, не маглі выявіць допінг аж да такой „глыбіні“. Але цяпер ведайце: навука ідзе наперад, знойдзем усё і ў любой колькасьці. Папярэджаньня было б дастаткова. Навошта капацца ў мінулым? Ніякай радасьці ад мэдалёў пад такім прэсінгам ня будзе, бо заўтра да допінгу аднясуць звычайную ваду».
У розныя гады ў «чорныя сьпісы» траплялі (а некаторыя там і дагэтуль) вядомыя беларускія спартоўцы: малатабойцы Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі, штурхальніцы ядра Яніна Карольчык і Натальля Міхневіч, цяжкаатлеты Міхаіл Аўдзееў і Анастасія Новікава, кідальніца дыску Ірына Ятчанка, велагоншчыца Тацяна Шаракава, плыўчыха Аляксандра Герасіменя, біятляніст Вадзім Сашурын, маратонка Вольга Рэзкая ды іншыя. Некаторыя па заканчэньні тэрміну дыскваліфікацыі вяртаюцца ў спорт і дэманструюць высокія вынікі, а іншыя, як цяжкаатлет Генадзь Аляшчук, штурхальнік ядра Андрэй Міхневіч ці малатабоец Андрэй Варанцоў, застануцца ў сьпісе назаўсёды.
Прадстаўніца вольнай барацьбы Васіліса Марзалюк, якая таксама адбыла двухгадовую дыскваліфікацыю, ня верыць нараканьням на зьнешнія сілы і перакананая, што недазволены прэпарат ня можа трапіць у арганізм бязь ведама спартоўца:
«Трэба быць шчырым перад сабой і іншымі: калі ўзяў на сябе такую адказнасьць, будзь гатовы за яе пацярпець. Я ведаю, што ў маім відзе дакладна можна абысьціся бяз допінгу, таму я чыстая. Як астатнія? Не магу нікога ні асуджаць, ні абараняць. Проста калі гэта рабіў, трэба быць гатовым, што цябе вылічаць. І перш чым пайсьці на такі крок, варта добра падумаць: ці гатовы потым судзіцца, траціць грошы, здароўе, нэрвы? Або знойдзеш сілы сумленна прызнацца?
У асноўнай масе такія абвінавачаньні што ва ўсясьветным спорце, што ў беларускім маюць пад сабой падставы. Тэрміны дыскваліфікацыі — справа іншая, але падставы ёсьць. Зафіксавалі падвышаны ўзровень тэстастэрону, знайшлі анаболік. Як ён мог трапіць у арганізм? Выпадкова? Як, адкуль? Дзе можна зьесьці анаболікі? Падаецца проста сьмешным. Здараецца, мабыць, што недзе і падсыплюць, але гэта нейкія выключныя выпадкі».
Сёлета ва Ўсясьветным антыдопінгавым кодэксе зьявіўся новы артыкул, які забараняе супрацоўнічаць нават з пэрсаналам спартоўца, які парушыў антыдопінгавыя правілы. Маюцца на ўвазе трэнэры, мэнэджэры, агенты, чальцы штату каманды, мэдычны пэрсанал, а таксама бацькі. Беларусы пакуль адзначыліся толькі аднойчы: у сьпісе асобаў, якія падпалі пад гэты артыкул, — Любоў Бялова, экс-трэнэр па паўэрліфтынгу. А вось колькасьць расейскіх прозьвішчаў набліжаецца да дзясятка.