Згодна зь разьлікамі экспэртаў Усясьветнага банку, беларуская эканоміка «прасядзе» сёлета на 3,5%, у наступным годзе — на 1%.
І толькі ў 2017 годзе магчымы выхад «на траекторыю росту». Экспэрты патлумачылі, на чым грунтуюцца іхнія прагнозы.
Нэгатыўны прагноз грунтуецца на двух асноўных фактарах, заявіў супрацоўнік беларускага прадстаўніцтва Руслан Піянткоўскі:
«Па-першае, паводле нашых прагнозаў, асноўныя гандлёвыя партнэры — Расея і Ўкраіна — будуць знаходзіцца ў рэцэсіі. Сумарна яны займаюць вялікую долю ў беларускім экспарце. Таму беларускай эканоміцы немагчыма было гэтага не адчуць.
Па-другое, цэны на нафту сёлета значна ніжэйшыя параўнальна зь сярэднімі летась. Нафтаперапрацоўка вельмі істотна ўплывае на эканоміку Рэспублікі Беларусь. Яе экспарт займае каля адной траціны ўсяго беларускага экспарту і адну шостую прадукцыі ўсёй беларускай прамысловасьці. Падзеньне цаны суправаджаецца і падзеньнем маржы перапрацоўкі нафты. Таму і даходнасьць тут сёлета значна ніжэйшая».
Спадар Піянткоўскі дадаў, што абодва гэтыя фактары не падлягаюць уплыву Беларусі, што робіць сытуацыю яшчэ больш складанай.
Кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў ставіцца да гэтага прагнозу даволі асьцярожна. На ягоную думку, якую ён выказаў у камэнтары для Свабоды, сытуацыя можа быць яшчэ горшая:
«Усясьветны банк не закранае шмат якіх фактараў. Ён глядзіць толькі на макраэканамічныя стабілізатары. Вось адзін прыклад. Інвэстыцыі ў Беларусь практычна не даюць аддачы. Гэта азначае, што пры дзейнай мадэлі эканомікі ўліваньні Ўсясьветнага банку, Антыкрызіснага фонду не дадуць выніку.
Наша мадэль гасьне. Эфэктыўна пакуль толькі тое, што бліжэй да сыравіны
У мінулыя гады мы пакрывалі дэфіцыт плацёжнага балянсу, які ўвесь час узрастаў, за кошт зьнешніх пазыкаў. То бок мы праядалі болей, чым стваралі. І таму цяпер мы вінныя вельмі шмат. За апошнія два з паловай гады ў нас літаральна на вачах падае эфэктыўнасьць нашай прамысловасьці, найперш — машынабудаўніцтва, хіміі, лёгкай прамысловасьці. Наша мадэль гасьне. Эфэктыўна пакуль толькі тое, што бліжэй да сыравіны.
У нас ня тая мадэль. Мы маем сацыялістычную мадэль вытворчасьці, якая прыстасаваная для параўнальна невялікай краіны. І Лукашэнка ў студзені на вялікай прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што пакуль ён прэзыдэнт, ён будзе прытрымлівацца плянавай эканамічнай мадэлі».
Прадстаўнікі Ўсясьветнага банку сёньня таксама казалі, што супольна зь Міжнародным валютным фондам і беларускім урадам яны працуюць над «дарожнай мапай» для Беларусі. Аднак даць ацэнку гэтым намаганьням экспэрты Ўсясьветнага банку адмовіліся. Такую пазыцыю яны патлумачылі тым, што гэты дакумэнт яшчэ вельмі сыры і над ім трэба шмат працаваць.
Леанід Злотнікаў і тут ня бачыць выразных пэрспэктываў:
«Быў жа крызіс 2009 году. І тады была „дарожная мапа“. І крэдыт быў ад МВФ на 3,5 мільярда даляраў, які мы толькі-толькі вярнулі. І што гэта дало ў выніку? Ровень жыцьця беларусаў пачаў зьніжацца са жніўня мінулага году. І ўжо зьнізіўся на 13%. Гэта — абвал. З гэтага абвалу мы ня выйдзем бязь іншай мадэлі эканомікі».