Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль Расея вядзе «антытурыстычную апэрацыю», Беларусь падпісвае турыстычныя пагадненьні з Турэччынай


Пляж у Анталіі
Пляж у Анталіі

Сёньня ў Стамбуле праходзіць сустрэча беларускіх і турэцкіх турапэратараў, на якой чакаецца падпісаньне пагадненьня аб узаемным супрацоўніцтве паміж Нацыянальнымі агенцтвамі турызму.

Адным з вынікаў расейска-турэцкага канфлікту стала поўнае спыненьне продажу тураў з Расеі ў Турэччыну. Гэтак Масква адрэагавала на тое, што турэцкія вайскоўцы зьбілі расейскі самалёт «Су-24», які парушыў паветраную прастору Турэччыны. Вярнуць на радзіму ўсіх суайчыньнікаў, якія ад’ехалі на турэцкія пляжы яшчэ да згаданага інцыдэнту, агенцтва «Ростуризм» загадала да пачатку сьнежня. Паводле афіцыйных дадзеных, гаворка ідзе тысяч пра дзесяць чалавек.

Нагадаем, што крыху раней для расейцаў быў закрыты Эгіпет — пасьля таго як тэрарысты падарвалі пасажырскі самалёт больш як з 200 расейскімі турыстамі на борце.

Выглядае, што за кароткі прамежак часу грамадзяне Расеі страцілі два самыя масавыя бюджэтныя напрамкі — у абодвух выпадках яны складалі самую значную частку замежнікаў, якія выбіралі гэтыя краіны для адпачынку. Як лічыць турыстычны экспэрт Лілія Кобзік, на тое, каб вярнуць страчаныя пазыцыі, запатрабуецца не адзін год:

Лілія Кобзік
Лілія Кобзік

«Тут такая справа: як цяжка раскруціць нешта новае, гэтак жа складана потым спыніць незваротны працэс. Вядома, калі адбываецца жорсткі форс-мажор, праграмы, як мы бачым, валявым рашэньнем спыняюцца. Але ці задумваюцца пры гэтым над элемэнтарнымі наступствамі? Каб пасьля зноў аднавіць нармальны турыстычны паток, пройдуць ня тое што месяцы, а можа і гады. Каб усё вярнуць на ранейшыя пазыцыі, калі жарсьці ўрэшце супакояцца.

Бо калі ацэньваць далейшы сэзон, то годнай альтэрнатывы Эгіпту і Турэччыне папросту няма.

Так, ёсьць Арабскія Эміраты, але гэта значна даражэй. Ёсьць Азія — тыя ж Тайлянд, Віетнам. Таксама ня танна. Адчыняецца пакрысе Лацінская Амэрыка, але, зноў жа, гэта ўсё іншыя кошты, пра масавасьць гаворка не ідзе».

Беларуская туріндустрыя ніяк не адрэагавала на пошук саюзьнікам чарговага ворага за мяжой. Мала таго, акурат сёньня ў Стамбуле пройдзе сустрэча беларускіх і турэцкіх турапэратараў, на якой заплянавана падпісаць пагадненьне аб узаемным супрацоўніцтве паміж Нацыянальнымі агенцтвамі турызму.

На фоне расейскага дэмаршу беларускія турапэратары прадаюць туры ў Турэччыну без аніякіх абмежаваньняў, уключна з раньнім браніраваньнем на 2016 год.

Пры гэтым удакладняюць, што чартэрныя праграмы адновяцца толькі зь вясны наступнага году, цяпер на лініі працуе толькі рэгулярны рэйс у Стамбул. Прычына банальная: пляжны сэзон завяршыўся, тэмпэратура на папулярных курортах не падымаецца вышэй за 20 градусаў. Цяпер у Турэччыне застаўся хіба што адпачынак для «лянівых» — каля басэйна.

Ці можа Беларусь скарыстаць з сытуацыі гэтак жа, як падчас іншых канфліктаў, ініцыяваных Расеяй? Вынікам супрацьстаяньня з Грузіяй і Ўкраінай ужо стала пераарыентацыя пасажырапатоку з аэрапортаў згаданых краінаў на менскі. Як удакладнілі ў турыстычных агенцтвах, ніхто не забараняе расейцам набываць туры ў Беларусі і, адпаведна, потым лятаць самалётамі кампаніі «Белавія». Тым больш што зьніжкі ў выпадку раньняга браніраваньня сягаюць да 30%, і расейцы, пазбаўленыя магчымасьці замовіць пуцёўку дома, могуць зрабіць гэта хоць бы нават у Воршы.

Аднак, як лічаць удзельнікі турыстычнага рынку, разьлічваць на ажыятаж з боку расейцаў наўрад ці выпадае. Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі кошты турпаслуг у Расеі значна ніжэйшыя, чым у Беларусі. Адпаведна, расейцы не гатовыя пераплочваць толькі за саму магчымасьць наведаць цёплыя мясьціны, якія ім некалі палюбіліся. Пра гэта, у прыватнасьці, гаворыць уладальнік турыстычнай кампаніі Holiday.by Андрэй Барашка:

Андрэй Барашка
Андрэй Барашка

«Тое, што год адметны для турыстычнай галіны Беларусі шмат у якіх вымярэньнях, — гэта бясспрэчна. Як з улікам унутраных фактараў, так і зьнешніх. Што да канкрэтнай сытуацыі, то аксіёма гэтая ня раз абвяргалася, але піраміда патрэбнасьцяў выкладзена нават у тэарэтычных падручніках: турпаслугі стаяць у людзей не на першым месцы ў параўнаньні зь нейкімі побытавымі пытаньнямі. Каб разьвітацца з далярамі, эўра, расейскімі рублямі, чалавек павінен дакладна разумець, што, умоўна кажучы, прыехаўшы з адпачынку, ён ня будзе пра гэта шкадаваць. А ў рэжыме невядомасьці ўсе дзеяньні спыняюцца. Пакуль мы маем справу з абсалютнай няпэўнасьцю, пры якой людзі хочуць пачакаць, а не прымаць нейкія рашэньні, за якія потым давядзецца шкадаваць».

У Турэччыне цяпер некалькі дзясяткаў беларусаў, якія набывалі туры праз расейскія агенцтвы. Мяркуючы па ўсім, іх вывезуць разам з расейцамі, паступовая «эвакуацыя» якіх павінна завяршыцца ў першай дэкадзе сьнежня. Тыя ж беларускія аматары падарожнічаць праз Маскву, якія заплянавалі адпачынак з вылетам праз Расею, могуць разьлічваць на 100-працэнтную кампэнсацыю выдаткаў. Для гэтага трэба зьвярнуцца ў кампанію, дзе быў набыты тур, альбо выбраць альтэрнатыву. Хоць у адсутнасьць Эгіпту знайсьці нейкі варыянт за тыя ж грошы будзе складана: Тайлянд ды іншыя азіяцкія краіны як мінімум удвая даражэйшыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG