Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачванаму ў сьмерці Пцічкіна пракурор прасіў 3 гады калёніі-пасяленьня

абноўлена

Фэльчар «Валадаркі» Аляксандар Крылоў
Фэльчар «Валадаркі» Аляксандар Крылоў

У працэсе аб сьмерці на «Валадарцы» ў 2013 годзе вязьня Ігара Пцічкіна пракурор просіць для абвінавачанага фэльчара Аляксандра Крылова 3 гады калёніі-пасяленьня паводле часткі 2 артыкулу 162 Крымінальнага кодэксу — за неналежнае выкананьне службовых абавязкаў, якое прывяло да сьмерці.

Пракурор Вадзім Кісель назваў сярод асноўных прычынаў, якія прывялі да сьмерці Пцічкіна, фіксацыю яго да ложка, якую прызначыў Крылоў незаконна, і лячэньне Пцічкіна з боку Крылова «не ў адпаведнасьці з пратаколам». Вынікі комплексных экспэртызаў прычын сьмерці Пцічкіна пракурор лічыць «супярэчлівымі» і «узаемавыключальнымі». Экспэрты казалі пра сьмерць у выніку вострай сардэчнай недастатковасьці, якая разьвілася ад комплексу прычынаў, на якія Крылоў ня мог узьдзейнічаць.

Крылоў не прызнае сябе вінаватым. Пракурор заяўляе, што Крылоў не раскаяўся. Адвакат Крылова Андрэй Міхайлаў кажа, што няма доказаў, што Пцічкіна зьбівалі, а ягоны кліент толькі фэльчар, але ня лекар.

Адвакат назваў праваабаронцаў «ворагамі», якія фінансуюцца ЦРУ. Прысуд Крылову, паводле Міхайлава, будзе на іх карысьць. Ён заклікаў суд Крылова апраўдаць, а таксама прыцягнуць да адказнасьці пракурора, які вёў справу Пцічкіна, па 393 артыкуле КК – за гэта, маўляў, трэба даваць 3–10 гадоў зьняволеньня. Пракурор Кісель назваў гэтыя словы адваката Міхайлава пагрозай і ціскам на суд.

Паседжаньне 14 кастрычніка завершылася. У панядзелак, 14 кастрычніка а 14:15 апошняе слова і абвяшчэньне прысуду.

21-гадовы Ігар Пцічкін адбываў на «Валадарцы» тры месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, ня маючы пасьведчаньня. Адміністрацыя ізалятара заявіла, што Пцічкін памёр ад спыненьня сэрца, аднак сваякі выявілі на целе шматлікія сінякі і сьляды пашкоджаньняў і дамагліся, каб у дачыненьні да лекараў «Валадаркі» завялі крымінальную справу.

Сьведкі, а гэта супрацоўнікі СІЗА на Валадарскага, а таксама некаторыя сукамэрнікі Ігара Пцічкіна, казалі на працэсе, што ён у турме перажываў «сындром адмены», уласьцівы для наркаманаў, якія трапілі ў зьняволеньне. Экспэрты-патолягаанатамы выявілі, што Пцічкін памёр у выніку тупой траўмы сэрца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG