Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацьку і сына пазбавілі ліцэнзіі за нібыта няправільна запоўнены пуцявы ліст


Мікола і Сяргей Верамеенкі
Мікола і Сяргей Верамеенкі

Гарадзенскім актывістам БХД Сяргею Верамеенку і ягонаму сыну Мікалаю Міністэрства транспарту скасавала ліцэнзію на перавозку пасажыраў, тым самым пазбавіўшы магчымасьці зарабляць на жыцьцё. Верамеенкі лічаць, што за гэтым могуць стаяць як палітычныя прычыны, так і звычайнае чыноўніцкае самаўпраўства.

Сяргей Верамеенка разам з сынам Мікалаем некалькі год працавалі таксістамі на адным аўта. Як распавядае старэйшы Верамеенка, ягоны сын — прадпрымальнік, а ён у яго працуе па найме. Іх непрыемная гісторыя пачалася з таго, што транспартная інспэкцыя спыніла машыну, калі Сяргей Верамеенка ехаў у рамонтную майстэрню.

Прэтэнзіі інспэктара, паводле Верамеенкі, палягалі на тым, што ў яго нібыта няправільна быў запоўнены пуцявы ліст: не былі пазначаны час выезду і паказаньні сьпідомэтра. Верамеенка, у сваю чаргу, тлумачыў інспэктару, што едзе на рамонт, без пасажыраў і запоўніў пуцявы ліст у адпаведнасьці з заканадаўствам. Як узгадвае, ён нават цытаваў інспэктару:

«У пастанове Міністэрства транспарту і камунікацыяў РБ № 25 ад 25 сакавіка 2012 году і інструкцыі, прыкладзенай да яе, прадугледжана выкарыстаньне прадпрымальнікам свайго аўта ў асабістых мэтах. У гэтай жа інструкцыі падрабязна запісана, як у такім выпадку запаўняць пуцявы ліст. І я запоўніў яго згодна з інструкцыяй. А транспартны інспэктар спаслаўся на тое, што ў іх існуе нібыта яшчэ нейкі ліст зь Міністэрства транспарту, які дадаткова тлумачыць інструкцыю».

У выніку транспартны інспэктар, паводле Верамеенкі, склаў пратакол аб тым, што пуцявы ліст запоўнены неадпаведна інструкцыі і перавоз пасажыраў адбываецца з парушэньнямі заканадаўства. Пазьней пратакол быў перададзены ў гаспадарчы суд. У судзе Верамеенка быў прызнаны вінаватым, і на яго быў накладзены штраф — 3 мільёны рублёў. Верамеенка кажа, што не прызнаў сваёй віны і ў судзе.

Судзьдзя вынес пастанову не на нашу карысьць, хоць прадстаўнік транспартнай інспэкцыі не прадставіў у судзе нават той дакумэнт, на які ён спасылаўся

«Судзьдзя вынес пастанову не на нашу карысьць, хоць прадстаўнік транспартнай інспэкцыі не прадставіў у судзе нават той дакумэнт, на які ён спасылаўся. Ён яго чамусьці ня браў нават з сабою. Рашэньне вынесьлі папросту зь ягоных словаў. Чамусьці судзьдзя заняў бок прадстаўніка транспартнай інспэкцыі...»

Сяргей Верамеенка кажа, што такім чынам за адно парушэньне яго з сынам пазбавілі ліцэнзіі на працу. Мікола Верамеенка лічыць, што суд прыняў усё ж палітычнае рашэньне, а не эканамічнае. Ён цікавіўся ў многіх таксістаў, ці пазбаўлялі ліцэнзіі каго-небудзь за такое парушэньне, і ніхто ня мог узгадаць пра падобныя выпадкі.

«У законе прапісана, што за грубае парушэньне могуць адабраць ліцэнзію, — кажа Мікола Верамеенка. — Але справа ў тым, што гэтае „грубае“ парушэньне было надумана транспартнай інспэкцыяй».

Сяргей Верамеенка не сьцьвярджае, але дапускае, што гэта можа быць зьвязана зь ягонай палітычнай дзейнасьцю, бо і ён, і сын актыўна ўдзельнічаюць у розных праграмах БХД, былі назіральнікамі на мінулых выбарах, зьбіралі подпісы ў Адміністрацыю прэзыдэнта за тое, каб ня ўводзіць абмежаваньні памераў аўтамабіляў таксі і тэрміну іх выкарыстаньня і г.д. А яшчэ ён кажа, што чыноўнікі вельмі ня любяць, калі ў адказ на іхнія пратаколы нехта цытуе і паказвае ім тое, што запісана ў законе.

«У размове з намесьнікам начальніка транспартнай інспэкцыі я наўпрост казаў, што вы, маўляў, ведаеце, я маю рацыю. Я прыводзіў яму прыклады таго, як працуюць таксоўкі ў Польшчы, Літве, іншых краінах. А ён мне адказваў: калі вам падабаецца Літва, то едзьце і працуйце ў Літве...»

Сяргей Верамеенка распавядае, што штраф пакуль ня выплацілі. Ужо прыходзілі судовыя выканаўцы і абяцалі апісаць маёмасьць. Працы пакуль няма. Каб падаць дакумэнты на атрыманьне новай ліцэнзіі, няма сродкаў. Верамеенка кажа, што шукаюць з сынам нейкую іншую дзейнасьць, але пакуль безвынікова.

«Магчыма, калі б тады, як яны напісалі пратакол, я зь імі пагадзіўся, то штраф быў бы меншы і ліцэнзіі б не пазбавілі. Але я заняў прынцыповую пазыцыю, і дайшло да таго, што маю тое, што маю...»​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG