Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускамоўны праграміст распавёў, як яго сайт спрычыніўся да «вышыванкавай рэвалюцыі»


Павал Шут
Павал Шут

Задоўга да моды на вышыванкі і вышымайкі беларускамоўны праграміст Павал Шут стварыў сайт spampavac.by, дзе публікаваў для спампоўваньня вэктарныя малюнкі зь беларускім арнамэнтам і тлумачыў, як самастойна ў праграме Adobe Illustrator вымалёўваць узоры. Бо дызайнэрам для працы і далейшага друку патрэбныя менавіта вэктарныя файлы — карцінкі, якія можна расьцягваць, сьціскаць, і якія не губляюць пры гэтым выразнасьці лініяў.

Для першых саколак-вышымаек, якія выпусьцілі Радыё Свабода і Арт Сядзіба, таксама быў выкарыстаны арнамэнт з гэтага сайту. Пазьней узоры з сайту spampavac.by зьявіліся на самых розных рэчах, на прадукцыі Арт Сядзібы, у афармленьні розных спажывецкіх тавараў.

Свабода паразмаўляла з Паўлам Шутом, якога некаторыя СМІ ўжо празвалі адным з аўтараў вышыванкавай рэвалюцыі.

— Павал, адкуль узьнікла такая ідэя — выкласьці вэктарныя арнамэнты, з чаго ўсё пачалося?

— Я зрабіў гэты сайт як спосаб дзяліцца рэчамі, якія я сам раблю, і ня толькі сам. Тры гады таму, калі яшчэ не было моды на вышыванкі, была ўжо патрэба ў арнамэнтах, іх памалу пачалі выкарыстоўваць у адзеньні, у чым заўгодна. Я зразумеў, што нестае менавіта вэктарных малюнкаў. Вырашыў зрабіць.

— Хацець — адно, але ж трэба яшчэ і ўмець, валодаць ня толькі праграмаваньнем. Трэба быць і мастацтвазнаўцам — ведаць арнамэнты, гэта ж цэлая навука. Зь якіх крыніцаў вы бралі арнамэнты?

— Натуральна, самі арнамэнты я з галавы ня выдумаў, гэта арнамэнты з сапраўдных кашуль, ручнікоў, адзеньня. Шукаў іх у кнігах, у інтэрнэце. Я іх выклаў, яны аўтаматычна посьцяцца — ёсьць такі блог Belarus-ornament у Tumblr.​

Прашу прабачэньня ў тых, чыё аўтарства не пазначана, калі вы пазнаеце свае карцінкі, пішыце, абавязкова назаву аўтара. Выбраў некалькі арнамэнтаў, якія выглядалі добра, у праграме іх паўтарыў, каб арнамэнты можна было выкарыстоўваць. То бок самі ўзоры там правільныя.

«Міс Беларусь-2004» Вольга Антропова і «Міс Беларусь-2008» Вольга Хіжынкава ў вышымайках
«Міс Беларусь-2004» Вольга Антропова і «Міс Беларусь-2008» Вольга Хіжынкава ў вышымайках

— Але пры ўсім пры тым гэта праца — графічная, інтэлектуальная, якая займае пэўны час. Не шкада працаваць бясплатна?

— Не шкада. Шчыра кажу — не шкада. Я разумеў, што такога рэсурсу не было. І мне вельмі прыемна бачыць сваю працу навокал, а ня проста атрымліваць за гэта грошы. Грошы я зарабляю на працы, дзякуй богу, не галадаю. Але калі хто захоча ахвяраваць, я зрабіў такую сыстэму: спампаваць можна і бясплатна, ставіш проста 0, але можна і ахвяраваць пэўную суму.

Пэрыядычна людзі ахвяруюць, і мне прыемна, што хтосьці ацаніў маю працу. Але гэта не заробак, гэта проста стымуляцыя, каб працаваць, каб адчуваць, што твая праца патрэбная людзям. Гэта мяне натхняе на новыя працы. У мяне ёсьць яшчэ некалькі незавершаных набораў арнамэнтаў, і такая цікавасьць да маёй сьціплай пэрсоны дасьць мне штуршок нарэшце ўсё гэта дарабіць.

Вышымайкі альбо адзеньне з арнамэнтам цяпер ужываюць і дзяржаўныя ўстановы кшталту БРСМ і піянэрскай арганізацыі
Вышымайкі альбо адзеньне з арнамэнтам цяпер ужываюць і дзяржаўныя ўстановы кшталту БРСМ і піянэрскай арганізацыі

— Цяпер бум на вышыванкі, вышымайкі, мода на арнамэнты. Хто толькі не вырабляе цішоткі, шкарпэткі, кашулі, сукенкі, нават майткі з арнамэнтам! Беларуская лёгкая прамысловасьць паставіла ўжо на паток вытворчасьць адзеньня: «Купалінка», Mark Formelle, Берасьцейскі панчошны камбінат... Можна спрачацца, прыгожа гэта ці не, густоўна ці наадварот. Як вы ацэньваеце гэтую прадукцыю?

— Канечне ж, я заўважаю гэтыя навінкі з арнамэнтам. Ёсьць узоры і з майго сайту, ёсьць іншыя. У асноўным усе гэтыя вырабы выглядаюць так сабе, ня вельмі густоўна. Я наагул бачыў нейкія майкі, дзе выкарыстаныя ўсе арнамэнты, якія ёсьць на маім сайце. Уяўляеце, на адной майцы налеплены ўсе арнамэнты адразу! Яны ж усе розныя, а ідуць адзін пад адным. Гэта абсалютна безгустоўна!

Але я спадзяюся, што колькасьць калісьці павінна перайсьці ў якасьць. Будзем спадзявацца, што гэта будзе разьвівацца, і зьмены мы пабачым.

Аляксандар Лукашэнка ў вышымайцы
Аляксандар Лукашэнка ў вышымайцы

— Можа, неяк адукоўваць, тлумачыць народу — як павінна быць? Праводзіць асьветніцкую працу, прышчапляць культуру спажываньня...

— Я думаю, проста трэба, каб дызайнам займаліся прафэсійныя дызайнэры, у якіх ёсьць густ, якія разумеюць, а ня ўсе, каму не лянота... Абмеркаваньні, што ёсьць правільна, што няправільна — усё гэта вельмі і вельмі адносна. Павінна быць дызайнэрская праца. Дызайнэры павінны браць пэўныя нацыянальныя матывы і рабіць стыльныя рэчы, каб гэта выглядала якасна, цікава, прыгожа і правільна. У гэтым сэнсе LSTR мне падабаецца, яны вельмі грунтоўна і адказна падыходзяць да сваёй працы.

У нас у Беларусі дастаткова цікавых таленавітых дызайнэраў, але яны ўсе занятыя працай на замежныя фірмы, робяць дызайны за сапраўдныя грошы. На жаль, наўрад ці беларускія прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці могуць прапанаваць нармальныя грошы, і добрыя дызайнэры працаваць на іх ня будуць. Вось і выходзіць ня вельмі добра.

Новая форма зборнай Беларусі па футболе
Новая форма зборнай Беларусі па футболе

— Павал, а бачылі новую форму нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе, што літаральна ўчора прэзэнтавалі?

— Шчыра скажу, мне ня вельмі спадабалася. Дызайнэрская праца — так сабе. Узялі арнамэнт бясплатна ў інтэрнэце і прычапілі сьпераду. Я там ня бачу асаблівага дызайну. Афармленьне гэтай цішоткі вельмі падобнае да звычайнай адыдасаўскай майкі. Выглядае так сабе. Лепей хоць так, чым нічога не рабіць. Але не магу сказаць, што я ўражаны, што гэта прыгожа...

— А вы самі маеце мастацкую адукацыю? Як вы да гэтага прыйшлі?

— Калі ў мяне быў першы кампутар, я ня ў гулькі гуляў, а вучыўся маляваць, вучыўся вэктарнай графіцы. У свой час я вучыўся ў Лінгвістычным унівэрсытэце на выкладчыка ангельскай і францускай моваў, там зацікавіўся інтэрнэтам, хацеў даведацца, як гэта ўсё працуе. Цяпер я вэб-распрацоўшчык у фірме PandaDoc, гэта такі стартап, у адпаведных колах мы добра вядомыя.

Павал Шут
Павал Шут

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG