Яшчэ пару гадоў таму дзяржаўная «Белорусская военная газета» называла «Зважай» споклічам памагатых нацыстаў. А тут нечакана дзяржаўная газэта «Зьвязда» публікуе набор вайсковых камандаў, дзе ёсьць і «Зважай!», і «Крокам руш» і «Вітаю, спадарства».
Што гэта? Збой у сыстэме ці заканамерны дрэйф у бок беларусізацыі?
У афіцыйным вайсковым слоўніку няма ніякіх «Зважай» і «Раўнуй!»
Падчас праходжаньня вайсковай службы ў Мазыры (2009-2010) я патрабаваў права несьці службу па-беларуску. Калі мне казалі, што нельга казаць «Зборка» і «Раўнуй», я даставаў з кішэні «Беларускі вайсковы слоўнік» С. Судніка і С. Чыслава. Гэта спрацоўвала першыя месяцы, пакуль праблемай не заняўся КДБ. За кожную беларускамоўную каманду мяне каралі, а 23 ліпеня 2009 мяне пакаралі 5 суткамі «губы» (арыштам на гаўптвахце) за «Зважай».
Але мой прыклад быў заразны. Саслужыўцы таксама спрабавалі перайсьці на беларускую. Аднак падчас службы днявальным аднаму з маіх сяброў лейтэнант прыгразіў «Яшчэ раз скажаш „Зважай“ — прыстрэлю».
Маё змаганьне за «Зважай!» і за беларускую мову ў войску мела шырокае нацыянальнае і міжнароднае рэха. У выніку ўлады пагадзіліся зрабіць беларускамоўны статут. На пачатку 2010, у разгар чарговай лібэралізацыі перад выбарамі, нас пасадзілі ў «ленінцы» і паказалі сюжэт, што ўлады выдалі статут па-беларуску (накладам 350 асобнікаў) і цяпер можна служыць па-беларуску. Пазьней гэта гісторыя стала адной зь сюжэтных лініяў фільму «Жыве Беларусь!»
У новым статуце былі «Смірна» і «Крокам марш» (замест руш). Але затое па-беларуску. Маладыя беларусы дэ-факта атрымалі права служыць па-беларуску. Праблема ў іншым: ад наяўнасьці статуту войска беларускамоўным ня стала.
Але «Зьвязда» сёньня задала добры кірунак для грамадзкай і экспэртнай дыскусіі, якім чынам беларусізаваць войска, хаця б пачаўшы з удасканаленьня камандаў.
Вяртаючыся ды пытаньня, выпадковасьць гэта ці зьмена палітыкі, я думаю — што гэта пошук уладамі новай ідэалягічнай парадыгмы. У грамадзтве створаны беспрэцэдэнтны попыт на Беларушчыну ў шырокім сэнсе, у тым ліку праз моўныя курсы, вышыванкі, стрыт-арт.
Відавочна, што пацярпела крах лукашэнкаўская ідэалягічная канструкцыя. Улады перахопліваюць грамадзкія ініцыятывы, што ня можа ня радаваць!
Праўда, робяць гэта пакуль досыць шаблённа і штучна.
Ну напрыклад:
- Лукашэнка на трактары ў вышымайцы, а БРСМ ладзіць Дзень вышыванкі а-ля Славянскі базар
- На канцэрт 3 ліпеня запрашаюць Паліну Рэспубліку, праўда, на фоне зялёнага сьцяга гэта выклікае эстэтычны дысананс
- па горадзе зьяўляюцца білборды зь Янкам Купалам, памылкова падпісаным Коласам (ці наадварот?) і іншая рэкляма з банальнымі памылкамі
- аграглямурныя вечарынкі,
- дзень абавязковых вышыванак на банкаўскіх супрацоўнікаў і падобная савецкая абавязалаўка
- вышымайкі ў ЦУМе сярод зялёна-чырвоных кашулек з надпісам "Бульбаш", і ў той жа сэкцыі прадаюць майкі зь сярпом і молатам
Так, ёсьць станоўчыя зрухі, але пакуль рана гэта называць палітыкай беларусізацыі, — хутчэй вымушаныя спробы ўратаваць карабель, які тоне. Для сапраўднай беларусізацыі неабходнае рэальнае вяртаньне беларускай мовы ў школы, унівэрсытэты і на тэлебачаньне, знос помнікаў Леніну і перайменаваньне вуліцаў, лібэралізацыя грамадзка-палітычнага жыцьця, легалізацыя «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга. Але гэта, магчыма, адбудзецца ўжо пры іншай уладзе.