Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкае выдавецтва апублікавала адну з кніг Алексіевіч па-беларуску. Дзе яе набыць


Сьвятлана Алекісевіч падчас панэльнай дыскусіі на Віленскім кніжным кірмашы. Вільня, 1 сакавіка 2025 году
Сьвятлана Алекісевіч падчас панэльнай дыскусіі на Віленскім кніжным кірмашы. Вільня, 1 сакавіка 2025 году

У Нямеччыне ў межах ініцыятывы «33 кнігі для іншай Беларусі», якую праводзяць Ірына Герасімовіч і Сільвія Засэ, выйшла супольная публікацыя выдавецтваў «Логвінаў» і Suhrkamp — кніга Нобэлеўскай ляўрэаткі ў літаратуры Сьвятланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар» на беларускай мове, паведамляе Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў.

«Дакумэнтальны тэкст Сьвятланы Алексіевіч, напісаны ў 1983 годзе і апублікаваны на расейскай мове ў часы Савецкага Саюзу ў 1985 годзе, апавядае пра жанчын, якія ваявалі ў Чырвонай Арміі падчас Другой сусьветнай вайны, але так і ня сталі часткай калектыўнай памяці. Яны дзеляцца з аўтаркай аповедамі пра вайну, пра сьмерць і забойствы, пра бруд і паскудзьдзе, пра тэрор і ваенныя злачынствы, пра раны, боль і голад. Ды расказваюць пра тое, як пра іх забыліся. Як і ў іншых сваіх кнігах, Сьвятлана Алексіевіч дае прастору галасам тым, хто застаецца незаўважаным», — гаворыцца ў апісаньні кнігі на сайце ініцыятывы.

Беларуская вэрсія кнігі, якая выйшла ў выдавецтве «Логвінаў» у 2018 годзе, карысталася вялікай папулярнасьцю, з аднаго боку, дзякуючы бліскучаму перакладу філёзафа і пісьменьніка Валянціна Акудовіча, а з другога — як важны знак пераадоленьня падзелу паміж беларускамоўнай і расейскамоўнай літаратурнымі сцэнамі Беларусі, паведамляе Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў. І вось цяпер выходзіць перавыданьне ў межах кампаніі «33 кнігі для іншай Беларусі» як вынік супрацоўніцтва выдавецтваў «Логвінаў» і Suhrkamp.

Купіць кнігу «У вайны не жаночы твар» Сьвятланы Алексіевіч можна на сайце нямецкага выдавецтва Suhrkamp.

Нямецкамоўнае выданьне кнігі выйшла ў выдавецтве Suhrkamp у 2015 годзе. Таксама ў выдавецтве выходзілі і іншыя кнігі пісьменьніцы па-нямецку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG