Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астана ад Елбасы: як за 20 гадоў ператварыць мёртвы стэп у бліскучы мэгаполіс


Астана сёньня
Астана сёньня

Казахстан — адна з рэдкіх дзяржаў, дзе ўлады наважыліся зьмяніць месца дысьлякацыі сталіцы. Два дзясяткі гадоў таму на рашэньне прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева функцыі галоўнага адміністрацыйнага цэнтру перайшлі ад Алматы да Астаны, колішняга Цалінаграду. Карэспандэнт Свабоды ацаніў вынікі маштабнага экспэрымэнту.

Да сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя тутэйшую тэрыторыю насялялі стэпавыя качэўнікі, якія рушылі сьледам за сваімі статкамі. Толькі ў 1822 годзе, з усталяваньнем у рэгіёне расейскіх парадкаў, была ўтворана Акмалінская акруга, а празь нейкі час і горад Акмалінск. У 1961-м яго пераназвалі ў гонар кампаніі па асваеньні цаліны — так на мапах зьявіўся Цалінаград.

Здабыўшы незалежнасьць, савецкую назву казахі скасавалі, вярнуўшы даўнейшую Акмалу. У 1994-м прэзыдэнт Назарбаеў пастанавіў перанесьці сюды сталіцу з Алматы. Прычыны называюць розныя, ад палітычных трэньняў і да катастрафічнай экалёгіі ў Алматы. Як бы там ні было, афіцыйна сталічны статус быў аформлены ўвосень 1997-га, а на наступны год горад атрымаў назву Астана. Сёлета ў ліпені тут зарэгістравалі мільённага жыхара.

Квартал «Паўночнае зьзяньне»
Квартал «Паўночнае зьзяньне»
Комплекс адміністрацыйных будынкаў
Комплекс адміністрацыйных будынкаў
Залатыя вежы бізнэс-цэнтру
Залатыя вежы бізнэс-цэнтру

Такім чынам, у наступным годзе Астана (перакладаецца з казахскай літаральна як «сталіца») адзначыць 20-годзьдзе існаваньня ў новым статусе, а фонам сьвяткаваньня стане прэстыжная спэцыялізаваная міжнародная выстава Expo-2017 — першая такога кшталту на постсавецкай прасторы. Часьцяком Астану называюць месцам, дзе зьмяшаліся Ўсход і Захад.

Калі правы бок другога пасьля Алматы казахстанскага «мільёньніка» — гэта збольшага спальны раён са звыклай гарадзкой архітэктурай, то левабярэжная частка імкліва пераўвасабляецца ў ультрасучасны мэгаполіс з ухілам у хайтэк. Нездарма жыхары малапавярховай Астаны адчуваюць сябе абдзеленымі ўвагай і ўсё больш настойліва патрабуюць інвэстыцыяў. Зрэшты, у пошуках спакою гараджане выяжджаюць далей ад тлуму якраз за рэчку.

На вуліцах Астаны
На вуліцах Астаны

Калі верыць тамтэйшым мэдыйным рэсурсам, да шэрагу праектаў прыклаў руку сам Елбасы — так паважліва зьвяртаюцца да кіраўніка дзяржавы падначаленыя. Ва ўсякім разе, рэалізацыяй самых знакавых праектаў займаліся ўсясьветна вядомыя архітэктары — Норман Фостэр, Кісэ Куракава, Кензо Танге, а таксама вялікая каманда мясцовых дойлідаў.

Адмыслоўцы атрымалі карт-блянш на самыя сьмелыя задумы: бязьмежныя казахстанскія стэпы дазваляюць не баяцца, што архітэктура сапсуе прыродны ляндшафт. Стылізацыя пад даўніну адмяталася адпачатку, стаўка зроблена на высокатэхналягічныя формы. Выключэньне — хіба тэатар опэры і балету ды яшчэ некаторыя будынкі, напрыклад, комплекс «Трыюмф Астаны».

Тэатар опэры і балету і комплекс «Трыюмф Астаны»
Тэатар опэры і балету і комплекс «Трыюмф Астаны»
Будынак нафтавай кампаніі «Казмунайгаз»
Будынак нафтавай кампаніі «Казмунайгаз»
Арка Дому міністэрстваў
Арка Дому міністэрстваў

Дамінантай — без малога 100-мэтровы манумэнтальны комплекс «Байтэрэк». Форма і зьмест шчыльна пераплеценыя: дрэва жыцьця, якое каранямі ўтрымлівае зямлю, а кронай падпірае неба. Зрэшты, вобразнае рашэньне шмат у каго выклікае пытаньні, і ў народзе гэтую будыніну нават называюць «Кубак УЭФА». За невялікія грошы можна ўзьняцца на аглядную пляцоўку ў залатым шары і з вышыні ацаніць маштаб перабудовы калгаснага Цалінаграду ў фэшэнэбэльную Астану.

Асноўнае жыцьцё сканцэнтраванае ўздоўж Водна-зялёнага бульвара —некалькі кілямэтраў пешай зоны зьвязваюць пампэзную рэзыдэнцыю Нурсултана Назарбаева «Акорда» са шматпавярховым молам у выглядзе юрты Хан-Шатыр. Тут шпацыруюць абарыгены і рэдкія госьці — улады хоць і стараюцца, але пакуль ня маюць чым прыцягнуць турыстаў. Качавы народ, які стагодзьдзямі вызнаваў свабоду ад любых прапісак, не пакідаў манумэнтальных памятак сваёй гісторыі.

Манумэнтальны комплекс «Байтэрэк»
Манумэнтальны комплекс «Байтэрэк»
Від зь вежы «Байтэрэк»
Від зь вежы «Байтэрэк»

Абапал — галоўныя адміністрацыйныя, дзелавыя і жылыя комплексы «Паўночнае зьзяньне», «Ізумрудны квартал», «Парк Закаханых», экстравагантная канцэртная заля «Казахстан» ды іншыя. На газонах — разнажанравыя інсталяцыі мясцовых аўтараў, раз-пораз трапляюцца біг-борды сацыяльнага зьместу ды плякаты з мудрымі выказваньнямі Елбасы па-казахску і расейску. Увогуле моўная карціна вельмі падобная да беларускай: Казахстан пад уплывам маскоўскай экспансіі быў гэтак жа зрусыфікаваны, і казахі ў масе сваёй размаўляюць па-расейску. Нават у семʼях, этнічная прыналежнасьць якіх не выклікае сумневу.

Дзеля справядлівасьці, культ прэзыдэнта ў Казахстане нашмат мацнейшы, чым у суседніх сярэднеазіяцкіх краінах, за выключэньнем, безумоўна, аўтарытарнага запаведніку Гурбангулы Бердымухамедава ў Туркмэністане. Праўда, параўноўваць два гэтыя рэжымы зусім не выпадае: Назарбаеў у параўнаньні з туркмэнскім калегам — надзвычайны лібэрал. А праявы публічнага ўшанаваньня першай асобы можна сьпісаць на выдаткі рэгіянальных традыцыяў.

Канцэртная заля «Казахстан»
Канцэртная заля «Казахстан»
Гандлёвы цэнтар «Хан Шатыр»
Гандлёвы цэнтар «Хан Шатыр»
Унутры моднага молу
Унутры моднага молу

Вось, напрыклад, Назарбаеў унівэрсытэт. Выказваньне Назарбаева ўпрыгожвае подступы да «Байтэрэку»: «Мала заваяваць свабоду і незалежнасьць, іх трэба адстаяць і замацаваць, перадаць нашым нашчадкам». А ўзьняўшыся ўгару, можна сумясьціць руку з залатым адбіткам далоні першага і пакуль адзінага прэзыдэнта краіны.

Непадалёк ад галоўнага шляху ўзвышаецца белы мячэт Нур Астана. Яшчэ адно месца паломніцтва мусульманаў — Хазрэт Султан, адзін з найбольшых мячэтаў у Сярэдняй Азіі. Праўда, выглядаюць яны хоць і пампэзна, але досыць аднастайна, калі параўноўваць з культавымі ўстановамі суседняга Ўзбэкістану.

Выказваньні Назарбаева на вулічных плякатах
Выказваньні Назарбаева на вулічных плякатах
Будынак Назарбаеў Універсытэту
Будынак Назарбаеў Універсытэту
Рэзыдэнцыя прэзыдэнта «Акорда»
Рэзыдэнцыя прэзыдэнта «Акорда»
Парлямэнт Казахстану
Парлямэнт Казахстану

Насупраць — раён канцэнтрацыі спартыўных комплексаў: футбольная арэна мясцовага клюбу «Астана», хатняя пляцоўка аднайменнай баскетбольнай каманды, лядовы палац хакеістаў «Барыса».

Цэлы раён забудоўваецца на месцы былога пустыра — узводзяцца незвычайнай формы павільёны, залі, экспазыцыйныя пляцоўкі. У наступным годзе Астана прыме спэцыялізаваную выставу Expo-2017, упершыню сярод краін СНД. Заяўленая тэма — «Энэргія будучыні». Цягам трох месяцаў прадстаўнікі больш як 100 краін сьвету будуць дэманстраваць свае напрацоўкі, якія тычацца альтэрнатыўных крыніц энэргіі і «зялёных тэхналёгіяў».

Будоўля павільёнаў Expo-2017
Будоўля павільёнаў Expo-2017
Манэкены з «глёбусамі» краін-удзельніц
Манэкены з «глёбусамі» краін-удзельніц
Недарэчная Belorus
Недарэчная Belorus

За год да адкрыцьця выставы перад комплексам адміністрацыйных будынкаў нафтавай кампаніі «Казмунайгаз» выставілі сотню плястыкавых манэкенаў, якія трымаюць «глёбусы» будучых удзельнікаў Expo-2017 з назвамі краінаў. Стылізаваныя чалавечкі ўпрыгожаныя выявамі, характэрнымі для таго ці іншага рэгіёну. Беларусь у шэрагу першых, «глёбус» якой сустракае на плошчы. Праўда, не абышлося безь недагляду з боку той жа беларускай амбасады: бусел з раскінутымі крыламі суправаджаецца надпісам Belorus. Усё астатняе — у адпаведнасьці з навамодным вышываначным трэндам.

Мячэт Нур Астана
Мячэт Нур Астана
Скрыжаваньне Ўсходу з Захадам
Скрыжаваньне Ўсходу з Захадам
Будынак камэрцыйнага банку
Будынак камэрцыйнага банку
«Яйка» нацыянальнага архіву
«Яйка» нацыянальнага архіву

Шпацыр па Астане пакінуў прыемныя ўражаньні — як мінімум засталося адчуваньне цэласнасьці таго, чаго хацелі дасягнуць стваральнікі абноўленага гораду пасярод казахстанскага стэпу. Калі жыхары сапраўды прагаласавалі за сучаснае аблічча, яны яго атрымалі. Вялізны плюс — адсутнасьць канфлікту паміж старым і новым: будоўлі ня нішчылі даўнейшых падмуркаў.

Прызнаньне ў любові да свайго гораду
Прызнаньне ў любові да свайго гораду

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG