Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні дзень перад дэнамінацыяй у Горадні: «Белпошта» не прымае плацяжоў, банкі скарацілі працу


Напярэдадні дэнамінацыі «Белпошта» спыніла прыём плацяжоў 30-га чэрвеня і 1 ліпеня. Таксама гарадзенцы сутыкнуліся з тым, што ў «Беларусбанку» «паляцела» сыстэма, а камэрцыйныя банкі скарацілі працоўныя дні.

Праблемы ў гарадзенцаў з тым, каб зьняць грошы ў банкамаце, аплаціць тыя ці іншыя паслугі ў ашчадных касах і банках пачаліся яшчэ ў чацьвер пад канец працоўнага дня. У «Беларусбанку» цалкам выйшла са строю сыстэма, і людзі, ідучы з працы, не маглі зрабіць патрэбныя апэрацыі. Таксама ў многіх гарадзкіх банкаматах паканчалася гатоўка, пад многімі рабіліся вялікія чэргі. А многія камэрцыйныя банкі абвясьцілі, што 1 ліпеня альбо наагул ня будуць працаваць, альбо будуць толькі пару гадзін. Работнікі ашчадных касаў раілі кліентам прыходзіць наагул у панядзелак.

Сёньня раніцай праца ў ашчадных касах Беларусбанку ў Горадні аднавілася, сыстэма запрацавала, зьявілася гатоўка ў банкаматах. Адміністратарка ашчаднай касы на вуліцы Ажэшкі кажа, што найбольшы наплыў яны чакаюць пасьля абеду, калі кліенты панясуць выручку.

— Сёньня чамусьці ўсе даволі нэрвова сябе паводзяць з самай раніцы, многія папрыбягалі здымаць пэнсіі, чэргі ўтварыліся. Рэч, відаць, у тым, што камэрцыйныя банкі многія наагул прыпынілі працу з грашовымі пераводамі і выплатамі, і таму ўсе ідуць да нас. Галоўнае, каб не было збою ў сыстэме, як гэта здарылася ўчора.

У памяшканьні пошты ў цэнтры гораду ня вельмі людна, але на дзьвярах вісіць абвестка, што ні сёньня, ні заўтра плацяжоў не прымаюцца. Нягледзячы на абвестку, людзі ўсё ж пытаюцца — чаму нельга зьняць ці паслаць грошы, зрабіць аплату?

— Вось, чытайце на паперцы — усё напісана. Прыходзьце ў панядзелак. — адказвае маладая дзяўчына з акенца.

Старэйшая спадарыня рэагуе даволі нэрвова: маўляў, вечна прыдумваюць нейкія праблемы, а пра людзей ніхто ня думае.

— А хто пра нас калі будзе думаць, — дадае малодшая спадарыня, і абедзьве сунуцца да выхаду.

Мужчына маладога веку, прадпрымальнік ня можа пагадзіцца з тым, што трэба аббегаць паўгораду, стаяць у чэргах, каб зрабіць звычайную аплату.

— Я не магу зразумець, у чым тут праблема, каб пошта аж два дні не прымала плацяжоў? Тэрміналы ўжо наладжаныя, і чаму яны ствараюць для людзей такую праблему? Я сам прадпрымальнік і кліент банку, але банк сёньня таксама не працуе. Думаў, заплачу на пошце, а тут свае законы.

Бухгальтарка прыватнай фірмы, спадарыня Аліна, кажа, што галоўнае сёньня пасьпець здаць наяўнасьць у касу, але, паводле яе, самыя складныя падзеі наперадзе.

— Нам далі зрабіць яшчэ квартальную справаздачу на працягу 15 дзён паводле старых грошай. А што там будзе далей, з гэтымі бухгальтарскім справаздачамі, то нават не ўяўляю, бо ўсё ж давядзецца неяк галаву прыстасоўваць, каб думала капейкамі. А ўявіце, як звычайнаму чалавеку ў краме напачатку будзе цяжка. Прадавачкам трэба будзе вельмі папарабіць, каб ня мець недастачы за працоўны дзень.

На «Белпошце» карэспандэнту Свабоды патлумачылі, што адсутнасьць прыёму плацяжоў у аддзяленьнях 30 чэрвеня і 1 ліпеня зьвязана з дэнамінацыяй:

«У апэрацыйных вокнах магчымыя праблемы з сувязьзю. Сёньня, калі такіх праблем няма, плацяжы могуць прыняць. А заўтра плацяжы наогул не прымаюцца, бо ўсюды будуць мяняць праграмы. То бок, 1 ліпеня аддзяленьні наогул ня будуць абслугоўваць кліентаў. Будзе толькі дастаўка карэспандэнцыі і газэт».

Апошнімі тыднямі ў Горадні зьявілася шмат рэклямы кашалькоў — на любы густ, як з натуральнай скуры, так і штучнай — самых розных вытворцаў. Неабходнасьць у кашальках падкрэсьліваецца зьяўленьнем капеек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG