Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія візы недаступныя беларусам у Менску і Маскве. Тлумачым, хто вінаваты і што рабіць


Амбасада ЗША ў Маскве і кансулят у Санкт-Пецярбургу з 23 жніўня адмяняюць прыём заяў ад грамадзян Беларусі на атрыманьне амэрыканскіх візаў.

Тым, хто ўжо запісаўся на гутаркі ў Расеі і аплаціў зборы, дату гутарак перапрызначаць, паведамляе амбасада ЗША ў Расеі.

Хто вінаваты?

19 сакавіка 2008 году пад ціскам беларускіх уладаў быў скарочаны дыпляматычны штат амбасады ЗША ў Менску — з 35 да 5. Гэткім патрабаваньнем Менск адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтона, уведзеныя за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі.

У выніку беларусам, каб атрымаць візу ЗША, з 2008 году даводзілася зьвяртацца ў кансуляты Злучаных Штатаў у Маскве, Варшаве, Кіеве, Вільні.

Сёлета ў ліпені расейскія ўлады запатрабавалі рэзка скараціць прысутнасьць у іх краіне амэрыканскіх дыпляматаў — таксама пасьля новых антырасейскіх санкцый за анэксію Крыму і агрэсію на Данбасе.

Улады ЗША пасьля гэтага спынілі выдачу візаў па ўсёй Расеі і абяцалі вярнуць прыём дакумэнтаў на візы толькі ў Маскве з 1 верасьня. Але беларусаў ужо там прымаць ня будуць.

Што рабіць?

Амбасада ЗША ў Беларусі рэкамэндуе беларусам зьвяртацца ў амбасады Злучаных Штатаў у Варшаве, Кіеве і Вільні.

Але, каб наведаць Варшаву ці Вільню, беларусам патрэбна спачатку шэнгенская віза.

Колькі гэта каштуе?

Як кажа Свабодзе спадарыня Алена, адна з тых, хто зь Беларусі падаваў заявы на амэрыканскія візы ў Маскву і Кіеў, гэта і раней было дорага і складана:

«У Маскве беларусы падавалі дакумэнты не ў саму амбасаду, а ў кампанію PONY EXPRESS — гэта адзіная афіцыйная фірма, упаўнаважаная амбасадай ЗША дастаўляць заявы на візы і прызначэньне гутарак у амбасадзе. Дакумэнты ў амбасадзе прымаюць па папярэднім запісе. Замовіць патрэбную дату амаль немагчыма — з прычыны „абмежаванай колькасьці месцаў“. Таму выбіраць зручную дату не даводзіцца. Трэба аплаціць кошт візы, зборы — гэта больш за 200 даляраў. Дарога туды і назад — яшчэ столькі ж.

Калі пасьпяхова праходзіш гутарку, пашпарт застаецца ў амбасадзе, чакаць візы даводзілася ад 4 да 7 дзён. Таму на працы даводзілася браць адпачынак за свой кошт. Трэба недзе наймаць жытло, што бяз пашпарта даволі праблематычна. У Маскве без дакумэнтаў наагул няпроста. Да таго ж бяз пашпарта нельга купіць квіток ні на цягнік, ні на самалёт (а загадзя плянаваць не выпадае, бо дакладна ня ведаеш, калі вернуць пашпарт).

Візу давалі толькі на 1 год, таму я мусіла штогод езьдзіць то ў Маскву, то ў Кіеў. У Кіеве тыя ж самыя праблемы».

Ці можна спадзявацца на візу ў Менску?

Са жніўня 2014 году амэрыканская амбасада ў Менску аднавіла выдачу візаў некаторым катэгорыям беларускіх грамадзянаў — студэнтам, удзельнікам праграм культурнага абмену, асобам, старэйшым за 70 гадоў. Візы ў Менску таксама маглі атрымаць грамадзяне, у якіх раней ужо была амэрыканская віза.

Але з 30 студзеня 2017 году пачаў дзейнічаць іміграцыйны ўказ прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які распаўсюдзіўся і на беларусаў. Цяпер паўторна атрымаць візу ў Менску могуць толькі тыя грамадзяне Беларусі, у якіх віза скончылася менш за 12 месяцаў таму. Калі больш за 12 месяцаў — давядзецца ехаць па візы ў суседнія сталіцы.

Як сьведчыць Алена, у 2015 годзе ёй удалося атрымаць візу ЗША ў Менску:

«З 2014 году зьмяніліся правілы, амэрыканская амбасада ў Беларусі аднавіла выдачу візаў пэўнай катэгорыі грамадзян (я туды трапіла, бо мела раней візы). Але на пачатку 2017 году зьявіўся іміграцыйны ўказ Дональда Трампа. У мяне віза ЗША скончылася ў сярэдзіне 2016 году. Так што зноў давядзецца куды-небудзь ехаць. Масква адпадае, застаецца Кіеў. Я ўяўляю, як складана будзе запісацца, бо ўсе беларусы „ламануцца“ туды. Або давядзецца рабіць шэнген і ехаць у Вільню ці Варшаву. Радасьці мала, дый абыдзецца гэта з улікам кошту шэнгенскай візы яшчэ даражэй, чым у Маскву ці Кіеў».

МЗС Беларусі шкадуе

22 жніўня Міністэрства замежных спраў Беларусі выказала афіцыйную пазыцыю беларускага боку:

«Са шкадаваньнем успрынялі паведамленьне аб тым, што амбасада ЗША ў Расеі спыніла прыём дакумэнтаў на афармленьне візаў для грамадзян Беларусі. Спадзяемся, што, прыняўшы сёньняшняе рашэньне, амэрыканскі бок знойдзе магчымасьць пашырыць працу консульскага аддзелу сваёй амбасады ў Менску», — гаворыцца ў заяве начальніка ўпраўленьня інфармацыі — прэс-сакратара МЗС Дзьмітрыя Мірончыка.

11 верасьня 2016 году, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, Аляксандар Лукашэнка выказаў спадзяваньне, што ў хуткім часе зьявіцца амэрыканскі амбасадар замест часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі і пашырыцца кансулят

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG