Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cуд адхіліў пазоў грамадзкага актывіста да трох амапаўцаў за ілжэсьведчаньні


Уладзімер Няпомняшчых
Уладзімер Няпомняшчых

12 сьнежня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Марына Дамненка адхіліла пазоў грамадзкага актывіста, былога афіцэра міліцыі Ўладзімера Няпомняшчых да трох амапаўцаў за ілжэсьведчаньні.

Міліцыянты ў верасьні затрымалі апазыцыянэра на Прывакзальнай плошчы, калі ён выпраўляўся ў Менск на акцыю пратэсту «Патрабуем справядлівых выбараў». Няпомняшчых абвінавацілі ў лаянцы і непадпарадкаваньні міліцыі, склалі два адміністрацыйныя пратаколы.

На падставе міліцэйскіх пратаколаў суд пакараў актывіста штрафам у памеры трох базавых велічыняў — 63 рублямі. Прычым на хадайніцтва Няпомняшчых суд Чыгуначнага раёну ня стаў выклікаць амапаўцаў, маёра Сяргея Лукʼянцава, прапаршчыкаў Ігара Ючко і Міхаіла Аленічава, якія затрымлівалі апазыцыянэра. Адхіленае было й хадайніцтва аб выманьні відэазапісу затрыманьня з камэры вонкавага назіраньня, усталяванай на Прывакзальнай плошчы.

Былы афіцэр міліцыі хацеў спагнаць зь цяперашніх амапаўцаў па 1 капейцы за ілжэсьведчаньні

«Ведаючы нашы суды, я не разьлічваў, што мой пазоў задаволяць. Мне важна было выцягнуць гэтых амапаўцаў на сьвет Божы, каб хоць у іх зварухнулася кропля сумленьня, — кажа Няпомняшчых. — Можа, хоць праз суд яны задумаюцца над сваімі учынкамі, над сваім лёсам. Бо заўтра па камандзе іх саміх абвінавацяць у правапарушэньнях ці злачынствах, і пры такіх ілжэсьведках яны нічога нікому не дакажуць. У мяне няма сумневу, што быў загад на маё затрыманьне перад паездкай у Менск. Вядома, за мной сачылі: як толькі я выйшаў з тралейбуса на Прывакзальнай плошчы, тут жа, як з табакеркі, зьявіліся амапаўцы».

У пазове Няпомняшчых прасіў спагнаць з амапаўцаў па адной капейцы маральнай шкоды і 9900 рублёў празь Міністэрства фінансаў — з УУС Гомельскага аблвыканкаму, якому падпарадкоўваецца полк патрульна-паставой службы, дзе яны служаць.

Судзьдзя Дамненка, адхіліўшы пазоў апазыцыйнага актывіста, патлумачыла, што ён не прадаставіў фактаў ілжэсьведчаньняў маёра Лукʼянцава, прапаршчыкаў Ючко і Аленічава.

«Я прасіў суд запатрабаваць запіс майго затрыманьня з камэры відэаназіраньня, каб пацьвердзіць сваю правату, — дадае Няпомняшчых, — але судзьдзя Дамненка адхіліла хадайніцтва. Яна нават не дачакалася адказу з рэгіянальнага ўпраўленьня КДБ, каб атрымаць адказ, сачыла за мной спэцслужба ці не. Сама ініцыявала запыт, нават перанесла з гэтай прычыны суд. І, не дачакаўшыя адказу з УКДБ, прыняла сёньня рашэньне адхіліць мой пазоў да амапаўцаў».

Судзьдзя абавязала таксама Няпомняшчых сплаціць 189 рублёў судовых выдаткаў, паколькі рашэньне не на яго карысьць.

Прысутныя на судзе праваабаронцы Алесь Яўсеенка і Віктар Адзіночанка лічаць, што, нягледзячы на адмову ў задавальненьні пазову грамадзкага актывіста, амапаўцы вымушаныя былі прыходзіць на судовыя пасяджэньні, даваць тлумачэньні, часам нават апраўдвацца. Магчыма, такія суды прыцішаць жаданьне ўладных структураў прэвэнтыўна прыцягваць апазыцыянэраў да адказнасьці перад грамадзкімі акцыямі, традыцыйна абвінавачваючы іх у лаянцы і хуліганстве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG