Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы афіцэр міліцыі хоча спагнаць зь цяперашніх амапаўцаў па 1 капейцы за ілжэсьведчаньні


Уладзімер Няпомняшчых, архіўнае фота
Уладзімер Няпомняшчых, архіўнае фота

Сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі з Гомеля Ўладзімер Няпомняшчых зьвярнуўся ў суд з пазовам, каб спагнаць з маёра міліцыі Андрэя Лукʼянцава, прапаршчыкаў Ігара Ючко і Міхаіла Аленічава кампэнсацыю маральнай шкоды па 1 капейцы — за ілжывыя сьведчаньні.

З абласной управы ўнутраных спраў, дзе служаць міліцыянты, грамадзкі актывіст патрабуе спагнаць праз казначэйства кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 9900 рублёў.

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка ўзбудзіла справу паводле пазову Ўладзімера Няпомняшчых, устанавіўшы, што падставы для адмовы няма.

12 верасьня вышэйзгаданыя амапаўцы затрымалі Ўладзімера на прыпынку грамадзкага транспарту на Прывакзальнай плошчы. Актывіст кіраваўся на аўтавакзал, каб ехаць у Менск — перадаць старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай сьведчаньні аб прыпісках яўкі выбарнікаў, зафіксаваныя ім асабіста на ўчастку № 10 Цэнтральнай акругі, і паўдзельнічаць у акцыі пратэсту «Патрабуем сапраўдных выбараў».

У рапартах міліцыянты пазначалі, што Няпомняшчых на прыпынку лаяўся, размахваў рукамі, хапаўся за форменную вопратку і нават спрабаваў уцячы.

На падставе такіх сьведчаньняў у Чыгуначным РАУСе супраць Уладзімера былі складзеныя два адміністрацыйныя пратаколы — за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

У накіраваным у суд суправаджальным лісьце да складзеных адміністрацыйных пратаколаў ад імя начальніка Чыгуначнага РАУСу Ігара Цімашэнкі зьмяшчалася й хадайніцтва, каб Уладзімеру Няпомняшчых вынесьлі «адміністрацыйнае пакараньне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту».

27 верасьня судзьдзя Чыгуначнага раёну Гомеля Мікалай Бакуноў пакараў Уладзімера Няпомняшчых штрафам у 3 базавыя велічыні. Адказчык хадайнічаў, каб слуханьне справы перанесьлі на пазьнейшы тэрмін, што дало б магчымасьць выклікаць у суд у якасьці сьведак маёра Лукʼянцава, прапаршчыкаў Ючко і Аленічава. Камандаваньне палку патрульна-паставой службы УУС у той дзень даслала ў суд ліст, што згаданыя службоўцы знаходзяцца ў камандзіроўцы.

Стала ўжо практыкай, што супрацоўнікі міліцыі вінавацяць апазыцыянэраў у хуліганстве і самі ж пасьля ілжэсьведчаць у судах

«Стала ўжо практыкай, што супрацоўнікі міліцыі вінавацяць апазыцыянэраў у хуліганстве і самі ж пасьля ілжэсьведчаць у судах. На прыпынку грамадзкага транспарту, дзе ў верасьні мяне затрымлівалі, было каля трох дзясяткаў гараджанаў. Але амапаўцы нікога ў сьведкі не запісалі. І паколькі судзьдзя Бакуноў ня даў мне магчымасьці паглядзець гэтым амапаўцам у вочы, запытацца, дзе іх такімі выхавалі, то я й зьвярнуўся ў суд з пазовам на спагнаньне маральнай шкоды. Спадзяюся, што гэтым разам амапаўцам ня ўдасца схавацца за паведамленьнем пра камандзіроўкі», — кажа Ўладзімер.

Папярэдні разгляд пазову актывіста ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля прызначаны на 31 кастрычніка.

Уладзімера Няпомняшчых у Гомелі ведаюць як чалавека, які часьцяком носіць майку з надпісам «За Беларусь без Лукашэнкі». 12 верасьня, калі яго затрымлівалі амапаўцы, актывіст быў у майцы з падвойным надпісам: сьпераду — «Астравецкая АЭС — твой выбар?», на сьпіне — яшчэ адно пытаньне да грамады: «Дзеці-мутанты таксама?»

Раней Уладзімер сам служыў у міліцыі, цяпер ён пэнсіянэр МУС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG