Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпіяда і палітыка: адлік ідзе ад 1908 году


Арабскі тэрарыст у Ізраільскім доме алімпійскай вёскі ў Мюнхэне падчас захопу закладнікаў, 1972 год
Арабскі тэрарыст у Ізраільскім доме алімпійскай вёскі ў Мюнхэне падчас захопу закладнікаў, 1972 год

У сувязі з палітычнай акцыяй зборнай Беларусі на Паралімпіядзе ў Рыё Свабода сабрала выпадкі ўмяшаньня палітыкі ў спорт на Алімпіядах і Паралімпіядах.

1908 год. Лёндан. Фінляндыя не пайшла пад расейскім сьцягам

Парад зборных у 1908 годзе. Фота: Theodore Andrea Cook
Парад зборных у 1908 годзе. Фота: Theodore Andrea Cook

Тады ўпершыню было вырашана арганізаваць цырымонію адкрыцьця ў выглядзе шэсьця пад сваімі дзяржаўнымі сьцягамі. Але расейцы забаранілі фінам (на той час Вялікае Княства Фінляндзкае было часткай Расейскай імпэрыі) выступаць пад фінскім нацыянальным сьцягам. Фіны ж адмовіліся ад навязанага ім расейскага трыкалёра і прайшлі па стадыёне наагул бязь сьцяга.

1920 год. Антвэрпэн. Безь Нямеччыны, яе саюзьнікаў і Савецкай Расеі

Першы выпадак сьвядома арганізаванага алімпійскага байкоту дзяржаў з ініцыятывы Міжнароднага алімпійскага камітэту. Дзеля афіцыйна абвешчаных палітычных матываў — у якасьці пакараньня за разьвязваньне Першай сусьветнай вайны — на Алімпіяду не былі запрошаныя спартоўцы Нямеччыны і краін, якія падтрымлівалі яе падчас вайны.

Акрамя таго, арганізатары гульняў дэманстратыўна праігнаравалі існаваньне Савецкай Расеі. Расейцы зьвярнуліся з просьбай дапусьціць іх да Алімпіяды. Але афіцыйнай прычынай адсутнасьці рэакцыі на савецкі запыт была адмова РСФСР прызнаць фінансавыя абавязаньні царскай Расеі.

1924 год. Парыж. Бальшавікі адмовіліся самі

Аргкамітэт парыскай Алімпіяды перадаў у Вышэйшую раду па фізычнай культуры РСФСР афіцыйнае запрашэньне на гульні. Аднак гэтым разам адмовіліся бальшавікі. Афіцыйна байкот быў абгрунтаваны так: «На знак пратэсту супраць адлучэньня ад гульняў спартоўцаў Нямеччыны».

1936 год. Бэрлін. Прыйшоў Гітлер

Джэсі Оўэнс на подыюме пасьля перамогі ў скачках у даўжыню. Фота невядомага аўтара з Бундэсархіву, CC BY-SA 3.0 de
Джэсі Оўэнс на подыюме пасьля перамогі ў скачках у даўжыню. Фота невядомага аўтара з Бундэсархіву, CC BY-SA 3.0 de

Бэрлін абралі месцам правядзеньня Алімпійскіх гульняў за два гады да таго, як да ўлады ў Нямеччыне прыйшлі нацысты. Супраць гульняў у Бэрліне спачатку выступілі амэрыканцы. Яны адзначалі, што адна з праяў нацызму — расізм. У Нямеччыне публічна зьняважліва казалі пра «ніжэйшыя расы» — у прыватнасьці, пра нэграў і габрэяў. Аднак затым амэрыканцы адмовіліся ад сваёй ініцыятывы.

Цікава, што бальшыня чарнаскурых атлетаў ЗША падтрымлівалі бэрлінскія гульні. Яны казалі, што менавіта тут, у сталіцы Нямеччыны, дакажуць паўнавартаснасьць сваёй расы. Так і сталася. Найбольш яскравай зоркай гэтай Алімпіяды стаў чарнаскуры Джэсі Оўэнс, які заваяваў чатыры залатыя мэдалі.

1956 год. Мэльбурн. Вугорцы пайшлі пад гістарычным сьцягам

З прычыны Суэцкага крызісу Эгіпет, а таксама Ірак, Лібан і Камбоджа афіцыйна заявілі пра байкот Алімпіяды. На знак пратэсту супраць здушэньня Савецкім Саюзам народнай рэвалюцыі ў Вугоршчыне алімпійцы гэтай краіны прамаршыравалі па стадыёне пад дзяржаўным сьцягам сваёй краіны ўзору 1918 году.

Акрамя таго, менш як за два тыдні да цырымоніі адкрыцьця Алімпіяды абвясьціла пра свой байкот гульняў Кітайская Народная Рэспубліка. Такім чынам яна пратэставала супраць таго, што на спаборніцтвы запрасілі каманду Тайваня (Кітайскай Рэспублікі).

1964 год. Токіё. Без Інданэзіі, КНДР і Паўднёвай Афрыкі

Гэтыя спаборніцтвы недалічыліся нацыянальных зборных трох краін — Інданэзіі, КНДР і Паўднёвай Афрыкі. Пасьля правядзеньня ў 1962 годзе ў Джакарце чацьвёртых Азіяцкіх гульняў, зь якіх на патрабаваньне Інданэзіі былі выключаныя зборныя каманды Ізраілю і Тайваня (улады Джакарты не далі іх чальцам візы), выканкам МАК пазбавіў паўнамоцтваў Алімпійскі камітэт Інданэзіі. Затым МАК усё ж дазволіў удзельнічаць у гульнях інданэзійцам. Праўда, 11 інданэзійцаў апынуліся ў сьпісе «непажаданых». Таму Інданэзія прыняла рашэньне, што ўся яе зборная ў знак пратэсту ня будзе ўдзельнічаць у гульнях. Яе падтрымала каманда Паўночнай Карэі.

Акрамя таго, з 1964 году МАК прыняў рашэньне аб алімпійскай ізаляцыі ПАР — за палітыку апартэіду.

1968 год. Мэхіка. Пратэст чорных пальчатак

На Алімпіядзе 1968 году ўпершыню ў гісторыі гульняў быў ужыты такі спосаб палітычнага пратэсту, як наўмыснае парушэньне палажэньняў Алімпійскай хартыі. Чарнаскурыя амэрыканскія спартоўцы Томі Сьміт і Джон Карлас — залаты і бронзавы прызэры — на цырымоніі ўзнагароджаньня, калі зайгралі гімн ЗША, дэманстратыўна апусьцілі галовы і паднялі сьціснутыя кулакі ў чорных пальчатках.

Яшчэ адным здарэньнем на гэтых гульнях стаў палітычны пратэст абсалютнай чэмпіёнкі Алімпіядаў 1964 і 1968 гадоў па спартовай гімнастыцы, знакамітай чэхаславацкай гімнасткі Веры Часлаўскай. Яна ня раз публічна выступала супраць камуністычных уладаў ЧССР, у прыватнасьці, пратэставала супраць здушэньня Праскай вясны. Незадаволеная сумнеўнымі, на яе думку, рашэньнямі судзьдзяў на карысьць канкурэнтак з СССР Ларысы Петрык і Натальлі Кучынскай, Вера Часлаўска на цырымоніі ўзнагароджаньня падчас выкананьня дзяржаўнага гімна Савецкага Саюзу апусьціла галаву і адвярнулася.

Тагачасныя ўлады ЧССР на доўгія гады зрабілі яе невыязной. Яна больш не магла прадстаўляць сваю краіну на міжнародных спаборніцтвах. Аднак спартоўка на дзесяцігодзьдзі стала сымбалем супрацьстаяньня камунізму. Пасьля зьмены рэжыму знакамітая ў мінулым гімнастка ўзначаліла Нацыянальны Алімпійскі камітэт, стала сябрам МАК ад Чэхіі і дарадцам прэзыдэнта Вацлава Гаўла па фізкультуры і спорце.

1972 год. Мюнхэн. Тэракт

На гэтых спаборніцтвах быў учынены тэрарыстычны акт. Ахвярай стала зборная Ізраілю. Палестынскія тэрарысты з арганізацыі «Чорны верасень» забілі палову ўсёй ізраільскай дэлегацыі — 11 чалавек. Сярод ахвяраў быў і 18-гадовы Марк Славін. Ён нарадзіўся і жыў у Беларусі. Малады барэц не трапляў у склад зборнай Савецкага Саюзу. Але яго ўгаварылі пераехаць у Ізраіль, прыняць ізраільскае грамадзянства, паабяцалі ўдзел у Алімпійскіх гульнях. Юнак пагадзіўся. Ён пераехаў у Ізраіль у тым жа трагічным 1972 годзе.

Нягледзячы на патрабаваньні грамадзкасьці спыніць Алімпіяду на знак жалобы па ахвярах тэракту, спартыўныя мерапрыемствы былі прыпыненыя ўсяго на адзін дзень. МАК разважыў, што спыненьне гульняў будзе азначаць перамогу тэрарыстаў. Таму было вырашана абмежавацца толькі жалобнай цырымоніяй у алімпійскай вёсцы і памінальнай службай на галоўным стадыёне. А ўжо на наступны дзень Алімпійскія гульні працягнуліся.

1976 год. Манрэаль. Вялікі афрыканскі пратэст

З ініцыятывы Рэспублікі Конга і Танзаніі быў арганізаваны байкот з боку дваццаці шасьці афрыканскіх краін. Такім чынам яны выказалі пратэст супраць матчу зборнай Новай Зэляндыі па рэгбі ў Паўднёвай Афрыцы. Афрыканцы патрабавалі выключыць новазэляндцаў з Алімпіяды. Сапраўды, паводле міжнародных дамоўленасьцяў ПАР з 1964 году была пад санкцыямі. Міжнародны алімпійскі камітэт апраўдваўся тым, што рэгбі не ўваходзіць у алімпійскую праграму.

1980 год. Масква. Байкот СССР за Аўганістан

На 1980-я гады прыпаў пік палітычнага супрацьстаяньня ў ходзе халоднай вайны, што фатальна адбілася на XXII Алімпійскіх гульнях у Маскве і XXIII — у Лос-Анджэлесе. І адны, і другія сутыкнуліся з самымі гучным і масавым байкотам за ўсю гісторыю алімпійскага руху.

Ідэя алімпійскага байкоту Масквы нарадзілася як пратэст супраць уводу савецкіх войскаў у Аўганістан. Яе публічна падтрымаў тагачасны прэзыдэнт ЗША Джымі Картэр. Агулам маскоўскую Алімпіяду-80 у той ці іншай форме байкатавалі спартоўцы з 64 дзяржаў. На цырымоніі адкрыцьця і закрыцьця гульняў 15 зборных (Аўстралія, Андора, Бэльгія, Вялікая Брытанія, Галяндыя, Данія, Ірляндыя, Гішпанія, Італія, Люксэмбург, Новая Зэляндыя, Партугалія, Пуэрта-Рыка, Сан-Марына, Францыя і Швайцарыя) ішлі не пад нацыянальнымі сьцягамі, а пад алімпійскім.

У якасьці прадугледжанага пратаколам сымбалічнага жэсту на цырымоніях закрыцьця гульняў звычайна падымаюць сьцяг дзяржавы — арганізатара наступных гульняў. Аднак у Маскве ўзьнялі толькі сьцяг гораду Лос-Анджэлес замест дзяржаўнага сьцяга ЗША.

1984 год. Лос-Анджэлес. Байкотам на байкот

Гэтыя гульні байкатаваліся ўсімі краінамі сацыялістычнага лягеру (акрамя Румыніі, Югаславіі і КНР). Афіцыйнай прычынай байкоту стала адмова арганізатараў Алімпіяды-84 даць гарантыі бясьпекі спартоўцам з СССР і іншых краін Варшаўскай дамовы. Але ўсе разумелі, што гэта толькі прыклёп. Насамрэч гэта быў адказ на байкот маскоўскай Алімпіяды. Прычым рашэньне савецкіх уладаў было аформленае спэцыяльнай пастановай Палітбюро ЦК КПСС.

1988 год. Сэул. Кім Ір Сэн байкатуе суседзяў

Гэтыя гульні байкатаваліся Паўночнай Карэяй. Пхэньян вырашыў не пасылаць на Гульні сваю спартыўную зборную, бо аргкамітэт па падрыхтоўцы Алімпіяды ў Сеуле адхіліў прапанову Кім Ір Сэна перанесьці частку спартыўных спаборніцтваў у гарады КНДР. Паўночнакарэйскую пазыцыю падтрымалі Куба, Нікарагуа і Этыёпія.

1992 год. Барсэлёна. Югаславія і СССР распаліся безь сьцягоў

Босьнія і Герцагавіна пад алімпійскім сьцягам на Алімпіядзе-1992
Босьнія і Герцагавіна пад алімпійскім сьцягам на Алімпіядзе-1992

З прычыны міжнародных санкцыяў ААН МАК ня мог афіцыйна запрасіць на гульні зборную Югаславіі — краіны, якая распадалася. Аднак выхад знайшлі: спартоўцы югаслаўскіх рэспублік выступілі пад алімпійскім сьцягам у якасьці «незалежных алімпійскіх удзельнікаў». На тых гульнях спартоўцы былых савецкіх рэспублік, у тым ліку Беларусі, выступалі за «Аб’яднаную каманду» — да яе не далучыліся толькі краіны Балтыі.

2000 год. Сыднэй. Талібы забаранілі спорт

У XXVII Алімпійскіх гульнях узялі ўдзел усе чальцы МАК — за выключэньнем Аўганістану. Рэжым Талібану забараніў спорт наагул, ліквідаваў Нацыянальны алімпійскі камітэт і адхіліў запрашэньне МАК.

2004 год. Атэны. Іранец ня дужаўся з ізраільцянінам

Атэнская Алімпіяда таксама не пазьбегла байкоту — гэтым разам індывідуальнага. Знакаміты дзюдаіст Араш Мірэсмаэлі, сьцяганосец каманды Ірану, адмовіўся ад працягу барацьбы і быў дыскваліфікаваны. Яго супернікам павінен быў стаць спартовец з Ізраілю Эхуд Вакс. Свой учынак іранец патлумачыў так:

«Нягледзячы на працяглую падрыхтоўку і добры фізычны стан, я адмаўляюся дужацца з маім ізраільскім праціўнікам у знак салідарнасьці з пакутамі народу Палестыны».

2008 год. Пэкін. Саакашвілі ўгаварыў грузінаў застацца

9 жніўня алімпійская каманда Грузіі ў сувязі з вайной, якую разьвязала Расея, вырашыла «правесьці акцыю пратэсту, каб прыцягнуць увагу сьвету да таго, што сёньня адбываецца ў Грузіі». Паводле статуту МАК гэта пацягнула б за сабой дыскваліфікацыю спартоўцаў на восем гадоў. Як паведамляецца, «толькі пасьля пераканаўчай просьбы прэзыдэнта Саакашвілі спартоўцы зьмянілі сваё рашэньне».

2014 год. Сочы. Украіна ў гасьцях у агрэсара

Міхайла Ткачэнка нясе сьцяг Украіны на адкрыцьці Паралімпіяды ў Сочы

Украіну на адкрыцьці Паралімпійскіх гульняў прадставіў адзін спартсмэн. Астатнія не ўзялі ўдзелу з прычыны акупацыі Расеяй Крыму.

«Такім чынам наша каманда падкрэсьлівае пратэст супраць уварваньня агрэсараў і акупантаў на нашу зямлю. Гэта аднагалоснае рашэньне каманды і прэзыдэнта Паралімпійскага камітэту Ўкраіны», — сказаў тады ўкраінскі міністар моладзі і спорту Дзьмітры Булатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG