Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Разгарнулі б жоўта-блакітны, каб на месцы Расеі аказалася Ўкраіна», — паралімпійская салідарнасьць на мяжы фолу


Прадстаўнікі Беларусі на адкрыцьці Паралімпіяды ў Рыё-дэ-Жанэйра
Прадстаўнікі Беларусі на адкрыцьці Паралімпіяды ў Рыё-дэ-Жанэйра

Хто падарыў паралімпійцам торт з расейскім сьцягам і чаму беларуская зборная забрала сабе квоты, якія вызваліліся ў выніку дыскваліфікацыі Расеі? Старшыня Паралімпійскага камітэту Беларусі Алег Шэпель расказаў Свабодзе падрабязнасьці «спэцапэрацыі» праносу расейскага трыкалёру на адкрыцьці Паралімпіяды ў Рыё-дэ-Жанэйра.

Напярэдадні позна ўвечары ў Менск з Рыё-дэ-Жанэйра вярнулася беларуская паралімпійская зборная. Трыюмфатарам і найлепшым атлетам гульняў стаў плывец Ігар Бокі, які здабыў сем мэдалёў (зь іх шэсьць залатыя) з агульных дзесяці.

Але ня толькі ўнікальным дасягненьнем 22-гадовага бабруйчаніна запомніліся спаборніцтвы. Праз допінгавы скандал на Паралімпіяду ў поўным складзе не дапусьцілі каманду Расеі. Адзінымі, хто выказаў публічную крыўду за пакараных «братоў», аказаліся беларусы: Андрэй Фомачкін, функцыянэр Міністэрства спорту і турызму, які ня мае ніякага дачыненьня да паралімпійскага руху, падчас цырымоніі адкрыцьця прыстроіўся ў хвост калёны і ўзьняў расейскі сьцяг. За свой дэмарш ён быў пазбаўлены акрэдытацыі на Паралімпіядзе, а каманда атрымала папярэджаньне аб недапушчальнасьці падобнай самадзейнасьці ў будучыні.

Свабода распытала пра падрыхтоўку да апэрацыі «салідарнасьць» старшыню Паралімпійскага камітэту Беларусі Алега Шэпеля:

— Алег Аляксандравіч, у аэрапорце вашу дэлегацыю сустракалі тортам з дэкаратыўнымі мэдалямі і эмблемай Паралімпіяды ў атачэньні беларускага і расейскага сьцягоў. Чыя гэта ініцыятыва?

— Гэта, наколькі ведаю, падарунак ад менскага прадпрыемства «Сьвятлопрыбор» (вытворца электраўсталявальных вырабаў. — РС). Яно ў структуры Беларускага таварыства інвалідаў зроку, там у іх свая кулінарыя...

— Нягледзячы на заявы пра недапушчальнасьць палітызацыі спорту, Паралімпіяда-2016 была палітызаваная звыш меры. У тым ліку дзякуючы дэмаршу беларускай каманды. Чаму акцыя салідарнасьці з адхіленымі расейцамі не набыла іншых формаў? Напрыклад, у выглядзе адмовы ад квотаў, якія вызваліліся ў выніку дыскваліфікацыі Расеі, як гэта зрабіў Азэрбайджан...

— Гэтая квоты ўсё роўна некаму дасталіся б, правільна? І мы на гэтую тэму размаўлялі з кіраўніцтвам Паралімпійскага камітэту Расеі, папярэдзілі, што возьмем іх квоты. Яны гэта ўхвалілі. Азэрбайджан адмовіўся з тае простай прычыны, што не было каго везьці. Квоты разьмеркавалі сярод усіх — у кагосьці па гэтых відах ёсьць спартоўцы, а ў кагосьці няма. Нам далі тры квоты на лёгкую атлетыку, мы імі скарысталіся — пасьля ўзгадненьня з расейскімі калегамі.

— Ці не стаяла пытаньне салідарызавацца аж да такой ступені, каб адмовіцца ад удзелу ў Паралімпіядзе наогул?

— Не-не, трэба было ўдзельнічаць, тут без варыянтаў...

— У сувязі з падзеямі ў Крыме і на Данбасе стаўленьне да Расеі неадназначнае паўсюль у сьвеце. Каб у аналягічнай сытуацыі раптам апынуліся спартоўцы Ўкраіны — умоўна кажучы, за парушэньні адхілілі ад гульняў, — панесьлі б сьцяг жоўта-блакітны?

— Адназначна, можаце нават не сумнявацца...

— Значыць, рэч ня ў тым, што прэзыдэнт Паралімпійскага камітэту Расеі Ўладзімер Лукін — ваш сябар?

— Ды не, у мяне і кіраўнік Паралімпійскага камітэту Ўкраіны таксама добры сябар (Герой Украіны, дэпутат Вярхоўнай Рады Валеры Сушкевіч. — РС). Яшчэ раз тлумачу: зыходзілі з таго, што мы адна паралімпійская сям’я. Шчыра кажучы, было б лягічна, каб пры такім раскладзе адхілілі і алімпійскую, і паралімпійскую зборныя Расеі. Тады была б іншая размова, хоць нейкая лёгіка. Але калі адыграліся на інвалідах, то я лічу, што гэта няправільна. Гэта па-першае. Па-другое, скажыце прозьвішчы. Калі мы гаворым пра дэмакратыю, то ледзь ня першым пунктам — чалавек не нясе калектыўнай адказнасьці. Калі чыноўнік вінаваты — пакарайце чыноўніка, калі спартовец ужываў допінг — пакарайце спартоўца. Вось наша пазыцыя.

— Чаму больш як з паўтары сотні ўдзельнікаў такая несправядлівасьць дапякла толькі беларусаў?

— Я хачу сказаць, што ня толькі мы падтрымалі, а і тыя ж літоўцы, і латышы. Сьцяг, вядома, не ўздымалі, але на пасяджэньнях адназначна выказваліся. Я ўжо не кажу пра кулюары.

— Калі згадаць храналёгію, першая заява пра расейскі сьцяг на цырымоніі адкрыцьця пайшла ад вас. Потым самі паправіліся, што сьцяг будзе, але на трыбуне. Урэшце ён усё ж аказаўся ў калёне, у руках Андрэя Фомачкіна. Ці гэта ўжо спантанная ідэя — падключыць здаровага функцыянэра?

— Тое, што не спантанна, гэта дакладна. Гэта калектыўнае рашэньне.

— Вы казалі, што вашу ініцыятыву ўхваліў Аляксандар Лукашэнка. Гэта як: тэлефанаваў сам ці хтосьці з адміністрацыі, самі хадзілі да яго ўзгадняць «сцэнар»?

— Ну, тут, напэўна, лепш абысьціся без камэнтароў...

— Фомачкін, як некаторыя кажуць, проста «падрыўнік»? Загадалі — зрабіў, ніякай самадзейнасьці. Чаму тады ня самі, ня шэф беларускай місіі Мікалай Шудзейка?

Фомачкін ужо быў як запасны варыянт, у яго былі ажно два сьцягі

— Найперш, у мяне няма допуску да каманды, я ня меў права ісьці ў калёне. Шудзейка як шэф місіі — неяк не па статусе. Ад пачатку плянавалі, што сьцяг панясе... Ну, скажам так, іншыя людзі. Але сьцяг у самым пачатку забралі, бо, шчыра кажучы, усе чакалі — панясуць, не панясуць, пачынаючы ад расейскіх валянтэраў і заканчваючы ахоўнікамі, якія стаялі на выхадзе з падтрыбуннага памяшканьня. Фомачкін ужо быў як запасны варыянт, у яго былі ажно два сьцягі.

— Расея абяцала адзначыць Фомачкіна дзяржаўнай узнагародай, пакуль нешта ціха...

— Ды не, я лічу, што гэта проста размовы. Ні я, ні мае калегі гэта за подзьвіг ня лічаць. Мы выказалі сваю салідарнасьць, вось і ўсё, гэта ня подзьвіг.

— Выглядае, што калі і ўзнагароджваць — то вас як ініцыятара, Фомачкін усяго толькі выканаўца...

— Я скажу так: гэта пазыцыя ўсёй каманды. Цяпер нам усім трэба адпачыць, бо, калі шчыра, усё было на нэрвах, за гэты час проста элемэнтарна стаміліся. Для мяне як кіраўніка самае галоўнае, што мы ўвайшлі ў дваццатку, гэта вельмі добры вынік. І тое, што 19 з 21 спартоўцаў выйшлі ў фінал — унікальна. Чыста тэхнічна амаль усе паказалі свае самыя лепшыя вынікі. Мяне гэта цешыць найбольш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG