Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі сьцяг на Паралімпіядзе як індыкатар


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Расейскі сьцяг, узьняты падчас шэсьця беларускай зборнай падчас Паралімпіяды ў Рыё, вывеў Беларусі на першыя палосы сусьветнага друку. Гэтага не зрабілі зборныя іншых саюзьнікаў Расеі — Армэніі, Казахстану, Кіргізстану. Зрабілі толькі беларусы.

Не выклікае сумневаў, што вышэйшая ўлада Беларусі ці дала на гэты крок прамы загад ці, прынамсі, ухваліла яго. І рэч нават не ў тлумачэньнях прэсавай сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі спадарыні Эйсмант, а ў разуменьні таго, як працуе беларуская дзяржаўная сыстэма. Міжнародны Параалімпійскі камітэт папярэдзіў, што за такія дзеяньні будзе пакараньне, словам, гэтыя і іншыя магчымыя наступствы — гэта палітыка. А палітык у краіне, як вядома, толькі адзін. Як і Макей у Кіеве ўручаў Парашэнку слуцкі пояс і казаў, што «за незалежнасьць трэба змагацца», не адно з прычыны сваіх асабістых сымпатыяў да Ўкраіны, як беларускія ўрадоўцы плацяць Расеі за газ цану, якую лічаць справядлівай, ня толькі з уласнай сьвятой упэўненасьці ў яе справядлівасьці, гэтак і спартоўцы на Алімпіядзе падымаюць той ці іншы сьцяг не адно з прычыны таго, што лічаць гэта патрэбным. Кожны з гэтых крокаў мае шматлікія і вельмі сур’ёзныя наступствы і ўзважваць іх — у Беларусі прэрагатыва аднаго чалавека.

Ужо яе гэта афармляецца тэхнічна — публічным вярхоўным рашэньнем ці нефармальнай згодай — гэта і сапраўды тэхнічнае пытаньне.

Джокер для Лукашэнкі

Варта заўважыць, што гэты жэст утрымлівае дакладны палітычны разьлік. У некаторых уплывовых палітычных сілаў у Расеі, ды і прынамсі ў некаторых «вежаў Крамля», назапасілася пэўнае раздражненьне наконт многіх кірункаў палітыкі Менску. Гэта і нежаданьне станавіцца ў расейскі ваенна-палітычны шыхт ва ўкраінскім пытаньні, і адмова ад авіябазы, і збліжэньне з Захадам, і кампанія «вышыванак», і ўпартасьць у газавым пытаньні і многае іншае.

Рэч нават ня ў тым, наколькі кожны з гэтых крокаў і усе яны разам рэальна, аб’ектыўна зьяўляюцца выхадам з геапалітычнай арбіты Масквы. Рэч у тым, што многімі ў Расеі, прынамсі сярод палітычнай эліты, гэта ўспрымалася менавіта так.

Cытуацыя «здала» Лукашэнку на рукі джокера.

І тут сытуацыя «здала» Лукашэнку на рукі джокера — карту, якая б’е ўсе астатнія. Атрымалася так таму, што расейскія СМІ ўзьнялі эмацыйны напал вакол інцыдэнту з адхіленьнем расейскай зборнай ад Паралімпіяды на нечуваную вышыню, прадставілі як велізарную зьнявагу Расеі.

Ну а тут беларусы гонар Расеі і абаранілі. Так гэта ўспрыняў і расейскі істэблішмэнт, і расейская грамадзкая думка. Маўляў, у іншы час беларусы нешта там муцяць, і на Захад паглядаюць, і з Парашэнкам абдымаюцца, але ў час «апошняга і рашучага бою» — з Расеяй плячо да пляча. Як Лукашэнка і гаварыў. Джокер. Ён можа б’е ўсе карты не назаўжды, але на пэўны час дык дакладна.

Вэрсія, што гэта было зроблена дзеля зьніжкі на газ, выглядае досыць спрошчанай. Было зроблена дзеля зьмены атмасфэры ў двухбаковых адносінах, наступствам якой можа быць і зьніжка, але не адна яна.

Вэрсія пра тое, што аб дэманстрацыі з расейскім сьцягам папрасілі альбо нават загадалі з Масквы, уяўляецца мне асабіста малаімавернай. Ужо надта шмат бонусаў гэты жэст дае афіцыйнаму Менску. А лічыць Лукашэнка ўмее.

Аргумэнт, што беларуская ўлада, робячы такі крок, не падумала аб інтарэсах спартоўцаў, не выглядае цалкам шчырым. Для палітыкаў, пры ўсёй іх любові да спорту, ёсьць рэчы больш важныя за спорт.

Так, савецкае палітбюро, арганізаваўшы байкот Алімпіяды ў Лос-Анджэлесе краінамі сацлягеру ў 1984 годзе, наўрад ці брала пад увагу той чыньнік, што гады падрыхтоўкі савецкіх спартоўцаў прападуць марна. Але і для прэзыдэнта ЗША Картэра і для лідэраў краінаў Захаду, якія ініцыявалі байкот Маскоўскай Алімпіяды ў 1980 годзе, нязручнасьць, якую яны байкотам стварылі для сваіх спартоўцаў, таксама не была вырашальным чыньнікам.

Аднак нават калі адпаведнае рашэньне насамрэч прымалася на вышэйшым узроўні, то з гэтага не вынікае, што грамадзкія настроі пры прыняцьці гэтага рашэньня зусім ня браліся пад увагу. І тым больш, што грамадзкая рэакцыя на гэтае рашэньне ня мае ніякага значэньня.

68% на 30%

Калега Сяргей Шупа задаў у сваім Фэйсбуку пытаньне: «А як па-вашаму — колькі працэнтаў жыхароў Беларусі ня бачаць у гісторыі са сьцягам ніякай праблемы (або нават дзьвюма рукамі за)?».

Дакладны адказ на гэтае пытаньне невядомы; ускосны даць можна. І ён ў пэўнай ступені зьяўляецца індыкатарам.

Партал TUT.BY павесіў у сябе апытанку: «А як Вы ацэньваеце ўчынак Андрэя Фомачкіна, які пранёс расейскі сьцяг на Паралімпійскіх гульнях?». У апытанцы ўзялі ўдзел каля 15 тысячаў чалавек, 68% далі станоўчы адказ, 30% — адмоўна адмоўны. У Фэйсбуку некаторыя выказалі меркаваньне, што гэта магло быць вынікам і паўторных галасаваньняў троляў-прыхільнікаў «рускага сьвету». Магло. Як і вынікам паўторнага галасаваньня праціўнікаў гэтага самага «сьвету». Але балянс навідавоку.

Cярод тых, хто ўхваліў учынак Фомачкіна — зусім неабавязкова спрэс зацятыя пуціністы і «крымнашысты».

Да таго ж, сярод тых, хто ўхваліў учынак Фомачкіна — зусім неабавязкова спрэс зацятыя пуціністы і «крымнашысты». Маглі быць і людзі, якія проста маюць сымпатыі да Расеі, якая зусім не азначае імкненьне да зьліцьця зь ёй у адну дзяржаву, маглі быць і тыя, хто лічыць, што менавіта ў дадзеным выпадку адносна Расеі паступілі несправядліва, адхіліўшы ад Алімпіяды яе атлетаў-інвалідаў. Прынамсі, такую думку выказала беларуская плыўчыха Аляксандра Герасіменя, зь якой некаторыя ўжо пасьпяшаліся зрабіць беззаганную ікону Адраджэньня. Але жывая Герасіменя, як і жывая Алексіевіч, выконваць адведзеную ёй ролю не захацела. Менавіта ёй, як спартоўцы, аказалася блізкай крыўда расейскіх калегаў-інвалідаў. Беларускі — яны такія, цесна ім у адведзеных ім рамках.

Апытанка і апытаньні

Узровень прарасейскіх сымпатыяў, які прадэманстравалі вынікі апытанкі на TUT.BY, адпавядае вынікам і сацыялягічных апытаньняў. Вось, напрыклад, вынікі апытаньняў Беларускай аналітычнай майстэрні (графік 11, графік 2, графік 1). Станоўчае стаўленьне да далучэньня Крыму да Расеі, выбар на карысьць саюзу з Расеяй перад ўступленьнем Беларусі ў ЭЗ — 60-70%.

Падобны парадак лічбаў — і ў апытаньнях НІСЭПД (табліцы 1-2): меркаваньне, што «беларусы, рускія і ўкраінцы — адзін народ» падзяляюць каля дзьвюх трацінаў апытаных, Расея мела рацыю, далучыўшы Крым — каля 60%.

Аўдыторыя TUT.BY адрозьніваецца ад беларускага насельніцтва ў цэлым, у ёй большыя долі людзей адукаваных, маладых, гараджанаў, менчукоў, чым сярод беларусаў у цэлым. Так што адмоўных адказаў з улікам гэтых дэмаграфічных чыньнікаў магло б быць і больш. Але ў апытанках удзельнічаюць людзі, з так бы мовіць, актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй, нехта і сапраўды мог клікнуць некалькі разоў, нехта мог разважаць, як Герасіменя. І ў выніку супрацьнакіраваныя фактары скампэнсавалі адзін аднаго і суадносіны ацэнак у апытанцы аказаліся блізкімі да тых, якія фігуравалі ў агульнанацыянальных апытаньнях Беларускай аналітычнай майстэрні і НІСЭПД у адказах на пытаньні пра стаўленьне да Расеі і яе палітыкі.

У фэйсбучных спрэчках наяўнасьць такой вялікай колькасьці людзей, якія прынамсі падтрымалі ўчынак Фомачкіна, неяк незаўважальная. Гэты выпадак прадэманстраваў, а дакладней нагадаў, што яны ёсьць і нікуды не падзеліся.

Прапаганда і статак

Праўда, існуюць інтэлектуальныя трукі, якія дазваляюць зрабіць іх як бы ня існымі. Першы, гэта ўсё, маўляў, расейская прапаганда (а, маўляў, будзе іншая, правільная, дык зьменяць погляды за паўгода). І другі — ды яны ж ціхія, рахманыя, статак, як ім ўлада (асабліва калі ўладай будзем мы) загадае, так яны робяць і зробяць.

Вера ва ўсемагутнасьць прапаганды ўласьцівая тым, хто ня мае да яе дачыненьня.

Ну, вера ва ўсемагутнасьць прапаганды ўласьцівая тым, хто ня мае да яе дачыненьня. Яна можа нешта «падкруціць», актуалізаваць, але яна ня можа стварыць тое, чаго няма ва аўдыторыі. Украінскія сацыёлягі правялі пэўны час таму цікавае апытаньне пра ўразьлівасьць Украіны да расейскай прапаганды. Апытаньне праводзілася зімой 2015 году, ў разгар канфлікту на Данбасе, калі глядзяць расейскае ТБ на тэрыторыі, кантраляванай Кіевам, было пры вялікім жаданьні можна, але не без цяжкасьцяў. І прыкладна аднолькава можна, і аднолькава складана што ў Львове, што ў Дняпры. І вось вынік — амаль лінейная залежнасьць: Усход схільны ўспрымаць тэзы расейскай прапаганды найбольш, Захад найменш. Дык рэча ў самой якасьці прапаганды ці ў характарыстыках аўдыторыі, схільнай ці нясхільнай засвойваць яе тэзы?

Ну а наконт — ціхія, рахманыя і статак, ну дык у нейкім 1993 годзе можа таксама так здавалася наконт беларусаў. Потым прыйшлі прэзыдэнцкія выбары 1994 году і так здавацца перастала.

І наагул лічыць частку сваіх суайчыньнікаў статкам, апроч іншага, і ня надта прыстойна, і ня надта разумна. Можна сутыкнуцца з пераканаўчым абвяржэньнем.

Гэта мы такія. Ці, калі заўгодна, мы разам зь імі такія. Яны былі такімі да Лукашэнкі, яны такія ёсьць цяпер, яны такімі будуць і пасьля Лукашэнкі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG