У Рыё-дэ-Жанэйра завяршыліся Паралімпійскія гульні. У агульным заліку перамагла каманда Кітая, якая заваявала 239 узнагародаў (107 залатых, 81 срэбная, 51 бронзавая). На другой пазыцыі зборная Вялікай Брытаніі (147 мэдалёў, зь якіх 64 залатыя, 39 срэбных, 44 бронзавыя). На трэцяй прыступцы — Украіна, атлеты якой здабылі 117 мэдалёў (41 залаты, 37 срэбных, 39 бронзавых).
Беларусы ў выніковым пратаколе фінішавалі ў топ-20 — 19 месца з 10 мэдалямі (8 залатых, 2 бронзавыя). Паралімпійскімі чэмпіёнамі сталі плывец Уладзімер Ізотаў і фэхтавальшчык Андрэй Праневіч. Бронза ў кіданьні дзіды на рахунку Аляксандра Трыпуця.
А безумоўным трыюмфатарам спаборніцтваў стаў беларускі плывец Ігар Бокі, які быў абсалютна лепшым на Паралімпіядзе — шэсьць узнагародаў вышэйшай вартасьці пры адной бронзе. Спартовец пабіў свой жа рэкорд чатырохгадовай даўнасьці — у Лёндане ў 2012-м ён пяць разоў уздымаўся на верхнюю прыступку п’едэсталу і аднойчы быў другім.
Пасьпяховы выступ у Рыё дазволіў 22-гадоваму бабруйчаніну істотна паправіць сваё матэрыяльнае становішча — ён пабагацеў на 320 тысяч даляраў (50 тысяч даляраў за кожнае золата плюс 20 тысяч за бронзу).
У паралімпійскі спорт Ігара прывяла дзіцячы трэнэр Натальля Пазьнякова. Дагэтуль ён плаваў з усімі нароўні, а калі ў 15 гадоў выканаў нормы майстра спорту, паклікалі ў Рэспубліканскую вучэльню алімпійскага рэзэрву. Але прайсьці дыспансэрнае абсьледаваньне не ўдалося — ніхто ня мог прадбачыць, якія наступствы для і так ня самага лепшага зроку выкліча павелічэньне нагрузак у прафэсійным спорце. Тады Натальля Юр’еўна пераканала бацькоў зьвярнуцца да лекара, зьвязанага са спортам для інвалідаў. Так плывец трапіў у паралімпійскую каманду, а неўзабаве стала зразумела: Бабруйск даў сьвету свайго Майкла Фэлпса.
Далейшую Ігара ў Менску рыхтаваў трэнэр Генадзь Вішнякоў, які дагэтуль працаваў зь іншым паралімпійцам Раманам Макаравым. Між тым Натальля Пазьнякова ўсё ж спадзяецца ўбачыць свайго выхаванца на дарожцы побач са здаровымі спартоўцамі:
«Мы ўсе гэтага хочам, бо ў нас таксама славалюбства грае. І ён хоча, і Генадзь Аляксеевіч хоча, сапраўды хацелі б пазмагацца ў здаровым спорце. Калі атрымаецца, калі ўсё складзецца — а вы ж разумееце, што ў нашай краіне плаваньне ня вельмі добра фінансуецца — то будзем намагацца прабіцца. Мы ўсе жадаем дасягнуць агульнай мэты. У любым выпадку і бацькі настройваюць Ігара, і Генадзь Аляксеевіч настройвае, і я ў тым ліку — каб самарэалізавацца і паспрабаваць сябе ў „здаровым“ спорце. Па сутнасьці, апроч зроку, рукі-ногі ў Ігара нармальныя, сэрца нармальнае, усё нармальнае. Так, ня так добра арыентуецца, дрэнна сьцяжкі ўспрымае, крышку праблемна з паваротамі. Але ўсё роўна гэта можна падлічыць, пралічыць колькасьць рухаў у прынцыпе — гэта ўсё вырашальна».
Паралімпійскі спорт у Беларусі фінансуецца паводле астаткавага прынцыпу, пра што сьведчаць і памеры прэміяльных — траціна ад ганарараў здаровым спартоўцам (50 тысяч даляраў інвалідам супраць 150 тысяч алімпійцам). Пры такім падыходзе, перакананы спартовы аглядальнік Барыс Тасман, разьлічваць на нейкі прарыў наўрад ці выпадае:
Паралімпійскі спорт у Беларусі практычна не разьвіваецца, вось у чым праблема. Адзін Ігар Бокі закрывае амаль што ўсю краіну — каб не ягоныя ўнікальныя здольнасьці, не было б чым і пахваліцца.
«Шчыра кажучы, я да паралімпійскага спорту стаўлюся ня вельмі добра. Ну паглядзіце, колькі чалавек у нас бяруць мэдалі? Два-тры, ня болей. Паралімпійскі спорт у Беларусі практычна не разьвіваецца, вось у чым праблема. Адзін Ігар Бокі закрывае амаль што ўсю краіну — каб не ягоныя ўнікальныя здольнасьці, не было б чым і пахваліцца. А калі грошы не ўкладаюцца, калі спартоўцы кінутыя на самавыжываньне, то пра якія вынікі можна марыць? На жаль, пэрспэктывы досыць цьмяныя, годнай зьмены на гарызонце не назіраецца».
Яшчэ да пачатку спаборніцтваў у Рыё каманда Беларусі адзначылася гучным скандалам. Падчас цырымоніі адкрыцьця прадстаўнік Міністэрства спорту і турызму Андрэй Фомачкін разгарнуў у хвасьце беларускай калёны расейскі сьцяг — каб такім чынам выказаць салідарнасьць з камандай Расеі, якая ў поўным складзе была адхіленая ад Паралімпіяды за сыстэматычнае ўжываньне допінгу. Адметна, што пры гэтым беларусы скарысталіся расейскімі квотамі, пераразьмеркаванымі паміж іншымі зборнымі. У інтэрвію Свабодзе Фомачкін заявіў, што не шкадуе пра ўчынены дэмарш і ганарыцца, што акцыя атрымала такі рэзананс:
«Ну што наконт акцыі? Добрая акцыя! Расейскіх інвалідаў не дапусьцілі да спаборніцтваў. Мы іх падтрымалі. І падтрымалі ў тым ліку сваіх хлопцаў-весьляроў, якіх абсалютна незаслужана адхілілі ад Алімпіяды. Чаму нас размазалі такім чынам? Таму не разумею тых, хто так аднабока і спрошчана глядзіць на праблему — гэта я пра некаторых людзей, якія пішуць розныя камэнтары. На жаль, некаторыя ўсё бачаць аднабока, вузка...»
Ці варта было салідарызавацца ажно да такой ступені, рызыкуючы дыскваліфікацыяй ужо для зборнай Беларусі? Чаму ўхваліў рызыкоўную самадзейнасьць старшыня Паралімпійскага камітэту Беларусі Алег Шэпель? Меркаваньне выказвае спартовы журналіст, шматгадовы рэдактар газэты «Прессбол» Уладзімер Беражкоў:
«Шмат дыскусіяў на гэтую тэму — і ў інтэрнэце, і ў асяродку блізкіх, сяброў. „Церлі“ мы гэтую тэму і з Алегам Шэпелем. Ну, гэта іх пазыцыя. У кожнага свой погляд на жыцьцё, на палітыку, на адносіны паміж дзяржавамі, да суседзяў усходніх ці заходніх. Але нельга забараніць чалавеку думаць так, як ён думае. Думкі, мары дастаткова матэрыяльныя, іх нельга схаваць. Што тычыцца канкрэтна Шэпеля, то такім чынам ён выказаў салідарнасьць са сваім сябрам Уладзімерам Лукіным, які ўзначальвае паралімпійскі камітэт Расеі. Гэта быў падрыхтаваны крок, ён яшчэ раней агучваў ідэю прайсьці па стадыёне з расейскім сьцягам. Але тады Міжнародны паралімпійскі камітэт узбурыўся, пайшлі пагрозы, што мы вас дыскваліфікуем і г.д. Тады яны вымушаныя былі адступіць і неяк зьмякчыць сваю пазыцыю. Але ёсьць людзі, якія спагадаюць калегам і зрабілі такім чынам. Чаму мы павінны іх асуджаць? Чаму мы лічым, што чыноўнікі, у тым ліку міжнародныя, заўсёды маюць рацыю? Ці правілы, імі напісаныя, заўсёды бездакорныя? Гэта далёка ня так. У кожнага ёсьць права на пэўныя ўчынкі, на ўласныя ацэнкі жыцьця».
Як і асноўная алімпійская зборная Беларусі, паралімпійцы дэманструюць вынікі, далёкія ад сваіх лепшых дасягненьняў. З агульным багажом у 10 мэдалёў, зь якіх 7 на рахунку плыўца Ігара Бокія, прадстаўнікі інваспорту далёка не дацягваюць да свайго найлепшага паказьніку — у 2004 годзе ў Атэнах у актыве паралімпійцаў было 28 узнагародаў рознай вартасьці.