12:35
14.9.2013
«Плятформа» зьбіраецца агучыць усё, што ведае пра сьмерць Пцічкіна
У гэтай сувязі Андрэй Бандарэнка прыводзіць гісторыю 21-гадовага менчука Ігара Пцічкіна, які сканаў у СІЗА на Валадарцы. Гэтымі днямі былі ягоныя саракавіны. Малады чалавек ні на кога не наяжджаў. Ён цалкам пагадзіўся з рашэньнем суду аб трохмесячным адміністрацыйным арышце (за невыкананьне ранейшага прысуду аб пазбаўленьні права кіраваць транспартным сродкам). Яшчэ раней малады чалавек быў аштрафаваны за ужываньне алькаголю за рулём. У яго быў выбар: ці адбыць пакараньне ў Горацкай калёніі-пасяленьні, ці сплаціць штраф — 80 мільёнаў.
12:27
14.9.2013
Даведка Радыё Свабода: Ігар Пцічкін
Сваякі Ігара Пцічкіна не паверылі ў вэрсію пра раптоўную сьмерць у выніку спыненьня сэрца. Яны спасылаліся на плямы на целе нябожчыка.
На сустрэчы з начальнікам СІЗА сваякам Ігара Пцічкіна паведамілі, што 3 жніўня ў яго нібыта пачалося «псыхаматорнае ўзбуджэньне», з-за чаго яго мусілі «зафіксаваць мяккімі рамянямі».
12:26
14.9.2013
Андрэй Бандарэнка з праваабарончага аб'яднаньня «Плятформы» паведаміў Радыё Свабода, што цяпер дапамагае сваякам у высьвятленьні прычынаў сьмерці Ігара Пцічкіна, яго арганізацыя спраўджвае атрыманыя з розных крыніцаў факты, каб пасьля праверкі агучыць іх.
12:24
14.9.2013
Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, ужо ад 11:30 каля будынка турмы дзяжурыў аўтазак.
12:22
14.9.2013
У суполцы вКонтакте, прысьвечанай Ігару Пцічкіну, сваякі прапануюць сабрацца загадзя і прайсьці да «Валадаркі» разам:
«Зьбіраемся ў 12.30 на Нямізе каля царквы, ідзем у бок Валадарскага 2, пры сабе мець гвазьдзікі, маленькую сьвечку, кветкі кладзем ля сьцен СІЗА-1 памінальная хвіліна, пасьля запальваем сьвечкі і ідзем у бок Чырвонага касьцёла, і там канчатковая кропка».