25 гадоў таму, 27 ліпеня 1990 году, тагачасны Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. Краіна тады яшчэ ня стала цалкам незалежнай, але поўны распад СССР імкліва набліжаўся. Міне яшчэ паўтара года — і дэкляраваная незалежнасьць у сьнежні 1991-га стане рэальнасьцю.
З тае пары мінула чвэрць стагодзьдзя. Але праблема адстойваньня незалежнасьці беларускай дзяржавы застаецца актуальнай. Чаму? На гэтую тэму разважаюць у сваіх лістах на Свабоду нашы слухачы.
Пачну сёньняшнюю размову з допісу, які даслаў нам Павал Біч зь Менску. Слухач піша:
«Калі крытэрыем пасьпяховасьці апазыцыі лічыць падтрымку грамадзтвам ідэі незалежнасьці, то варта прызнаць няўдачу: агульны вынік працы апазыцыі — адмоўны. І гэта нягледзячы на плясканьні ў ладкі на вуліцы, кампанію „Гавары праўду“, „народныя рэфэрэндумы“, зьбядненьне народу, украінскія падзеі ды іншае... Хіба толькі моладзь адчула, што справа тут найперш у недахопе нацыянальнай сьвядомасьці, а таму зладзіла курсы „Мова нанова“ і арганізавала „вышыванкі“. Але і гэта не дае чаканых вынікаў...
Падняць нацыянальнае празь беларускасьць немагчыма. Ня раз пісаў пра гэта, а мяне лічылі раскольнікам, летуценьнікам і г.д. Падняць яе можна толькі празь літвінства (літоўскасьць). І калі сп. Някляеў будзе змагацца за беларускую Беларусь, то мяркую, што і гэта яго задума скончыцца беcпасьпяхова. Такую Беларусь наша эліта спрабавала да яго стварыць на працягу гадоў 130... і не стварыла. Доказ гэтага: на вырашальных выбарах 1994 году народ прагаласаваў за чалавека, які адкрыта зьдзекаваўся зь беларускасьці. І такіх, як ён, у нас — мільёны. Што пацьвярджае думку расейскай імпэратрыцы Кацярыны Другой, што назва „белы рускі“ наш народ заб’е. Няўжо наступным доказам нежыцьцяздольнасьці беларускай Беларусі будзе ўваход яе ў склад Расеі? Няўжо ўстаноўка па вуліцах і дарогах краіны бігбордаў „Я люблю Беларусь“ уладамі, якія зачыняюць беларускія клясы, усталёўваюць помнікі расейскім палітычным і культурным дзеячам, не пераконвае вас, што назва „Беларусь“ працуе на наша канчатковае зьнішчэньне як народа?».
Калі вы, спадар Павал, лічыце, што варта толькі назваць беларусаў літвінамі — і праблема нацыянальнай самасьвядомасьці тут жа пачне вырашацца, то відавочна памыляецеся. Увогуле, спрэчкі вакол гэтых назваў — даўнія. Кожны больш-менш дасьведчаны ў айчыннай гісторыі чалавек безумоўна прызнае слушнасьць многіх вашых довадаў пра гістарычную Літву і літвінаў. Але і ад рэаліяў апошніх двух стагодзьдзяў нікуды не падзенесься. Краіна набыла дзяржаўную незалежнасьць менавіта пад гэтай назвай. І дзевяць мільёнаў грамадзянаў усьведамляюць сябе менавіта беларусамі, а не літвінамі. Прымусіць іх лічыць па-іншаму наўрад ці магчыма. Дый ці патрэбна?
✉ ✉ ✉
Праблема захаваньня беларускай незалежнасьці, усьведамленьня беларусамі сябе як самастойнай нацыі турбуе і нашага даўняга слухача Лявона Брагінскага зь Менску. Ён піша:
«Дзіўная ў нас незалежнасьць. Пасьля распаду СССР усе былыя саюзныя рэспублікі вярнулі сабе спрадвечныя нацыянальныя сымбалі, і толькі беларусы засталіся з крыху падпраўленай савецкай сымболікай. І нават галоўнае дзяржаўнае сьвята прызначылі на 3 ліпеня, дзень вызваленьня Менску ў 1944 годзе. Так, ад фашыстаў тады Менск вызвалілі. Але ж замест іх прыйшлі НКВД ды Смерш, а значыць, зноў пагналі бедных беларусаў на магаданскія руднікі ды сыбірскія лесапавалы. Як кажуць у такіх выпадках у народзе, хрэн за рэдзьку не саладзейшы. Дык што ж гэта была за незалежнасьць?
Нас і цяпер вынішчаюць як нацыю, ужо ў складзе фармальна незалежнай дзяржавы. З тэлеэкрана беларусаў павучаюць Праханаў, Жырыноўскі, Зюганаў, Салаўёў ды іншыя імпэрцы. А мы ўсё маўчым, маўчым».
Нагадаю, спадар Лявон, што Беларусь стала незалежнай у 1991 годзе менавіта пад гістарычнымі нацыянальнымі сымбалямі — бел-чырвона-белым сьцягам і гербам «Пагоня». І галоўным дзяржаўным сьвятам тады ў краіне лічыўся Дзень абвяшчэньня незалежнасьці 27 ліпеня. Іншая справа, што той пэрыяд, калі маладая дзяржава аднаўляла ці стварала нанава ўсе атрыбуты ды інстытуты свайго незалежнага існаваньня, вельмі хутка скончыўся — у ліпені 1994-га, з прыходам да ўлады Лукашэнкі.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.