Вось што сказала прэсавы сакратар Вярхоўнага суду Беларусі Анастасія Цімановіч пра абвінавачаньні на бок Аляксандра Бароўскага.
“Падчас папярэдняга расьсьледаваньня яму выстаўлена абвінавачаньне паводле 3-яй часткі 424-га артыкула Крымінальнага кодэксу – гэта злоўжываньне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі.”
Між тым раней у пракуратуры і КДБ казалі пра некалькі цяжкіх злачынстваў, нібыта зробленых былым старшынёй “Белнафтахіму”. У тым ліку агучвалася лічба ў болей як мільён даляраў нібыта накрадзеных грошай.
Журналіст Сяргей Сацук, які спэцыялізуецца на справах з удзелам высокапастаўленых чыноўнікаў, зьдзіўляецца: куды падзеліся іншыя абвінавачаньні на бок Аляксандра Бароўскага?
“Яму яшчэ інкрымінавалі 410-ы артыкул, гэта крадзеж, а таксама разгалошаньне службовай тайны. Можа, страты ўжо кампэнсаваў? Два ж месяцы справа ляжала ў Вярхоўным судзе, усё працэс не прызначалі. Магчыма, за гэты час вярнуў грошы”.
Зазначу, што месяц таму Пётар Міклашэвіч, які быў у той час Генэральным пракурорам, на прэсавай канфэрэнцыі казаў: Аляксандр Бароўскі не ўваходзіць ў лік асоб, якія добраахвотна кампэнсавалі нанесеныя дзяржаве страты.
Пазбаўленьне ад крымінальнай адказнасьці асобным ўказам Аляксандра Лукашэнкі супярэчыць Канстытуцыі, заўважае вядомы праваабаронца Гары Паганяйла.
“Мы лічым антыканстытуцыйнай норму, паводле якой прэзыдэнт мае права да суду вызваляць кагосьці ад адказнасьці пасьля кампэнсацыі стратаў. Бо яна парушае роўнасьць ўсіх перад законам. Толькі суд мае права вызначаць, вінаваты чалавек ці не вінаваты і накладаць адпаведнае пакараньне. І толькі потым магчыма ў пэўных выпадках памілаваньне”.
Невядома, ці зараз прызнае сябе Аляксандар Бароўскі вінаватым. Раней даходзілі зьвесткі пра тое, што былы старшыня “Белнафіахіму” цалкам адмаўляе віну. Але сытуацыя напярэдадні суду магла зьмяніцца, мяркуюць назіральнікі. Адразу пасьля арышту Бароўскага казалі, што яго зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар КДБ. Аднак інфармацыі пра тое, дзе зараз былы старшыня “Белнафтахіму”, няма. У тым ліку журналісты ня ведаюць, хто будзе абараняць спадара Бароўскага ў судзе.
Былому кіраўніку “Белнафтахіму” пагражае 8 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Працэс будзе адкрытым, паведамілі ў Вярхоўным судзе.