Газэта “Вечерний Брест” распавядае пра сытуацыю зь “невыязнымі” грамадзянамі на памежжы. Сёлета цягам студзеня на пунктах пропуску Берасьцейскай памежнай групы не выпусьцілі 180 чалавек. Пэўная колькасьць, мяркуе газэта, патрапіла ў сьпісы выпадкова, па памылцы, – і распавядае пра тых, хто на ўласным прыкладзе сутыкнуўся з неспадзяванкай на мяжы: у сьпісах невыязных людзі былі, а структуры, адказныя за гэтыя сьпісы, сьведчаць, што прэтэнзій да іх няма. Больш за 15 тысяч жыхароў Берасьцейскай вобласьці было ў афіцыйных сьпісах невыязных на момант 5 лютага.
Артыкул Тацяны Шаламавай “Бяскроўная рана” прысьвечаны наступствам адмены ільгот. У прыватнасьці, сытуацыі з ільготамі воінаў-афганцаў. Для іх, высьветлілася неўзабаве пасьля 17 сьнежня, калі ў моц увайшла пастанова пра адмену льгот, праезд у грамадзкім транспарце застаўся напалову меншым. І гэта – адзіная з ільготаў для воінаў-інтэрнацыяналістаў, якая засталася правамоцнай. Афганцы лічаць пазбаўленьне льготаў маральнай аплявухай для сябе.
Пільную ўвагу “Белгазеты”прыцягнулі доўгачаканыя вызваленьні палітзьняволеных – Артура Фінькевіча, Зьміцера Дашкевіча. Газэта прагназуе – што будзе, калі бліжэй да вясны вызваляць і Аляксандра Казуліна? Віктар Марціновіч, намесьнік рэдактара газэты, разважае:
“Ходзяць чуткі, што Казуліна вызваляць да канца лютага, і напярэдадні традыцыйна гарачага часу надыходзячай вясны гэта было б цікавай падзеяй, асабліва на тле даволі гарачай сытуацыі – у прыватнасьці, меркаванай на 17 лютага акцыі прадпрымальнікаў. Аднак робяцца высновы, што Казулін – асоба ня вельмі прыемная як для улады, гэтак і для сыстэмнай апазыцыі”.
Таксама “Белгазета” зрабіла спробу падтрымаць беларускі выдавецкі рух: журналісты газэты падрыхтавалі сюжэты ў розных кірунках: беларускага фэнтэзі, беларускай меладрамы, беларускага дэтэктыву ды эзатэрычнага раману.
Газэта “Белорусы и рынок” у артыкуле Аляксандра Алесіна “Асімэтрыя адказу” дасьледуе сыстэму ўзбраеньня Беларусі. Разьмяшчэньне дадатковай расейскай зброі ў Беларусі, піша выданьне, – можа перашкодзіць кампрамісу між Расеяй і ЗША адносна пазыцыяў амэрыканскай супрацьракетнай абароны на тэрыторыі Польшчы і Чэхіі.
Артыкул “Плян па Марксу: людзі мінус капітал” распавядае пра акалічнасьці пляну перабудовы вуліц Маркса і Камсамольскай. Жыхароўгэтых вуліц мяркуюць выселіць з менскага цэнтру ў аддаленыя раёны, а вуліцу Маркса зрабіць пешай. На месцы жылых дамоў плянуюць разьмясьціць казіно, гандлёвы цэнтар ды паркінг. Хто ініцыятар праекту, хто прымаў рашэньні – дасьледавала Марына Бяляцкая. Канфлікт на вул. К.Маркса яскрава выявіў недасканаласьць беларускага заканадаўства ў сфэры абароны правоў маёмасьці, – сьведчаць юрысты.