Газэта “Брестский курьер” піша пра праблемы людзей, якія страцілі працу пасьля ўвядзеньня 760-ага указу. Нагадаю, гэтым ўказам індывідуальным прадпрымальнікам дазволілі наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў. Мяркуючы па артыкулу, для некаторых грамадзянаў становішча стала проста катастрафічнае. Распавядае рэдактар газэты Мікалай Аляксандраў:
“Народ ўжо крычыць і стогне. Нам ідуць званкі. Вось сёньня пазваніла мая знаёмая, якая таксама працавала ў індывідуальнага прадпрымальніка, і яе звольнілі. А ў яе трое дзяцей, якіх трэба гадаваць. Жанчына просіць узяць яе хаця б прыбіральшчыцай, няма чым карміць дзетак. А яна мае вышэйшую адукацыю!”
Тыднёвік “Вольнае Глыбокае” цэлую старонку прысьвяціў пісьменьніку і славутаму дзеячу паваеннай эміграцыі Кастусю Акулу, які нядаўна памёр у Канадзе. Рэдактар Уладзімер Скрабатун згадаў, як Кастусь Акула ў пачатку 1990-ых прыяжджаў на радзіму ў вёску Крулеўшчына:
“Памятаю яго, двойчы сустракаўся зь ім у Глыбокім. І ў Менску ў аэрапорце ў 1991 годзе яго сустракаў, прысутнічаў пры адкрыцьці помніка ягоным маці і бацьку. Сымбалічнага помніку, бо бацька загінуў у лягеры ў 1951-ым годзе, маці яшчэ ў 1939-ым годзе памерла ў Вільні, пахавана на могілках Росы, але магіла ня знойдзеная. Я пазнаходзіў пра яго з розных крыніц, дадаў трошкі свайго, фотаздымкі знайшоў, як ён сюды прыяжджаў. Каб людзі пра Кастуся Акулу ведалі, бо ім варта ганарыцца, а тут сярод ўладаў ён дагэтуль не ў пашане”.
Пяты нумар запар “Рэгіянальная газэта”, якая выходзіць ў Маладэчне, друкуе артыкул менскай выкладчыцы Алены Саламевіч “Вядомыя і невядомыя Гароцькі”. Гэта дасьледаваньне пра гісторыю роднай вёскі ў Валожынскім раёне. Журналістка Марына Сьліш распавядае пра тое, як сямья Саламевічаў знайшла месца, дзе ў Гароцьках стаяў панскі маёнтак:
“Аднойчы у інтэрнэце ўбачылі фотаздымак панскай сядзібы ў Гароцьках з подпісамі на польскай мове. І датай – 1939 год. Задаліся пытаньнем: а дзе ж стаяў гэты дом? Уважліва разгледзелі здымак. На ім дом з калёнамі, увесь у зеляніне, а побач незвычайная елка. Тады яна зразумела, што гэта лістоўніца, якую падлеткам бачыла ў калгасным садзе. З архіву высьветлілі і прозьвішча апошняга ўладальніка маёнтка – Мікалай Сельдман.”