Газэта “Бабруйскі кур’ер” працягвае сачыць за гісторыяй змаганьня за судовую справядлівасьць 34-ох беларускіх жанчын, якія ня могуць патрапіць на прыём да Аляксандра Лукашэнкі. Сярод гэтых жанчын ёсьць і дзесяць жыхарак Бабруйску. Яны таксама лічаць, што іх сваякоў асудзілі незаконна і дамагаюцца перагляду спраў. Газэта згадала, што жанчыны накіроўвалі тэлеграму Ўладзімеру Пуціну з просьбай паўплываць на свайго беларускага калегу, але і адказ з адміністрацыі прэзыдэнта Расеі пакрыўджаных не задаволіў. Што далей?
Журналіст газэты Віктар Качан распавядае:
“Яны зараз спадзяюцца на Арганізацыю аб’яднаных нацый, туды, у Жэнэву будуць накіроўваць зварот, зараз зьбіраюць дакумэнты. А ў нашай ўладзе, як я разумею, яны расчараваліся”.
Газэта “Курьер из Витебска” зьвярнулася да статыстыкі.
“Наш карэспандэнт прааналізаваў дзяржаўны бюджэт на гэты год. Куды і колькі пойдзе грошай? Аказалася, што народ на апошнім месцы. А ў лідэрах на атрыманьне грошай войска, КДБ ды іншыя сілавыя ведамствы”, – расказвае рэдактар “Курьера из Витебска”. Ўладзімер Базан.
Чаму таленавітыя людзі зьяжджаюць зб Беларусі? Газэта “Народная воля” зьмясьціла інтэрвію зь вядомым майстрам, разьбяром па дрэву Зьмітром Ільінчыкам, які заявіў, што на радзіме не адчувае запатрабаванасьці. Гутарыла з майстрам журналіст Марына Коктыш:
“Тут яго адусюль выгналі. У тым ліку зь менскага вэрнісажу, дзе ён змагаўся за правы мастакоў і спрабаваў змагацца з чыноўніцкім бязьмежжам. Едзе ён у Санкт-Пецярбург, дзе ўжо атрымаў прызнаньне. Там толькі паглядзелі ягоныя працы і адразу прапанавалі ўступіць у Расейскі саюз мастакоў. Ягоныя творы вельмі добра набываюць бізнэсоўцы зь Нямеччыны, Брытаніі, Літвы. Ну, а ў Беларусі...”