Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастка для беларускага інтэрнэту


Падчас адкрыцьця ў Менску выставы “Кнігі Беларусі-2008” міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч заявіў, што ў Беларусі абавязкова будзе прыняты закон “Аб інтэрнэце”. Спэцыяльная міжведамасная група пачала ўжо вывучаць досьвед іншых краінаў у гэтым пытаньні.


Заявы пра неабходнасьць кантролю за беларускім сэктарам інтэрнэту апошнім часам чуваць рэгулярна. Нават Аляксандар Лукашэнка летась заявіў, што насьпела неабходнасьць навесьці парадак у інтэрнэце. Чаму інтэрнэт не дае спакою дзяржаўным чыноўнікам?

Некаторыя экспэрты кажуць пра імклівы рост аўдыторыі інтэрнэту ў Беларусі: паводле апошняй справаздачы ААН, болей за 50% беларусаў карыстаюцца інтэрнэтам. Вось меркаваньне галоўнага рэдактара інтэрнэт-газэты “Салідарнасьць” Аляксандра Старыкевіча:

“Інтэрнэт — на гэты момант адзіная галіна, дзе незалежныя СМІ маюць відавочную перавагу над дзяржаўнай прапагандай. Таму гэтая тэма сапраўды хвалюе ўлады. Іншая рэч, што ў іх пакуль цяжка атрымліваецца прыдумаць, як гэта ўсё сапраўды можна паставіць пад кантроль”.

Карэспандэнт: “Ёсьць справаздача ААН, і там ці не ўпершыню такая значная лічба што да колькасьці карыстальнікаў інтэрнэту ў Беларусі – 56%...”

“Ня ведаю, як яны выходзілі на гэтую лічбу, хіба толькі бралі ўсіх, хто ня толькі хоць раз у жыцьці заходзіў у сеціва, але ўвогуле чуў пра інтэрнэт... Аднак у любым выпадку відавочна: колькасьць карыстальнікаў інтэрнэту павялічваецца, і досыць імкліва. І павялічваецца дзякуючы галоўным чынам якраз патэнцыйна актыўнай частцы насельніцтва. Так што 56 не 56, але колькасьць тых, хто інтэрнэтам карыстаецца і каго ўлады не хацелі б пакідаць без увагі, досыць сур’ёзная”.

Дэпутаты пра законапраект ня ведаюць

У самім Міністэрстве інфармацыі з нагоды заявы Ўладзімера Русакевіча нічога ня кажуць. Навіной выказваньне чыноўніка стала і для старшыні камісіі правоў чалавека і сродкаў масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Юрыя Кулакоўскага. На просьбу пракамэнтаваць ініцыятыву Русакевіча ён адказаў, што такога законапраекту на разглядзе ў парлямэнце няма. Паводле дэпутата, міністар на гэты момант, відавочна, ведае больш, чым заканадаўцы.

Між тым на адкрыцьці кніжнай выставы Ўладзімер Русакевіч заявіў: усе дзяржавы займаюцца праблемай рэгуляваньня дзейнасьці інтэрнэт-СМІ, а ў Беларусі напрацовак у гэтым пытаньні няма. Таму спэцыяльная міжведамасная працоўная група вывучае ўсясьветную практыку, пасьля чаго ўнясе прапановы ў Міністэрства інфармацыі. Русакевіч перакананы, што ў будучыні ня толькі асобныя інфармацыйныя рэсурсы, але і інтэрнэт-вэрсіі пэрыядычных выданьняў будуць рэгістравацца як СМІ.

Камэнтуючы заяву міністра інфармацыі пра неабходнасьць “закону аб інтэрнэце”, намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец выказаў думку: у такім выпадку ўзьнікне сытуацыя, калі зарэгістраваць інтэрнэт-выданьне ў беларускай дамэннай зоне будзе складана. Да таго ж, на думку экспэрта, пасьля прыняцьця такога законапраекту зьявіцца магчымасьць ужываць санкцыі да рэдакцыяў — прыкладам, спыняць дзейнасьць інтэрнэт-выданьняў або пакінуць выключнае права выпускаць такія выданьні за юрыдычнымі асобамі. Спадар Бастунец не выключае і “кропкавага перасьледу” журналістаў, якія будуць працаваць у іншых дамэнных зонах. Фармальнай падставай для гэтага можа стаць “Палажэньне аб акрэдытацыі замежных карэспандэнтаў”.

Беларусь скарыстае кітайскую мадэль?

Некаторыя назіральнікі кажуць, што Беларусь паступова прыпадабняецца да Кітаю, які лічыцца адным з самых суровых цэнзараў інтэрнэту. Там, апроч тэкставай, пад кантроль зьбіраюцца ўзяць аўдыё- і відэаінфармацыю, якая распаўсюджваецца праз інтэрнэт.

Беларускія праграмісты яшчэ раней заўважылі, што кітайскі досьвед актыўна выкарыстоўвацца падчас масавых акцыяў апазыцыі, калі зайсьці на сайты незалежных інтэрнэт-рэсурсаў можна толькі абходнымі шляхамі, пра якія ведаюць далёка ня ўсе карыстальнікі. Сыстэмны адміністратар Андрэй Запольскі кажа, што тэарэтычна супрацьстаяць кантролю над сецівам можна, але тэхнічны арсэнал цэнзараў таксама ўвесь час удасканальваецца:

“У прынцыпе, дастаткова аднаго чалавека, які будзе сядзець і сачыць за сыстэмай. Але, натуральна, урэшце ён можа таксама ня справіцца, бо зараз увесь час усё гэта разьвіваецца. І пакуль ён, дапусьцім, вытрымае атаку нязначную, то калі пойдзе нармальны DoS, калі хтосьці цэнтралізавана будзе спрабаваць “забіць”, то, я думаю, у іх атрымаецца. Таму што з гэтым вельмі складана справіцца. Бо ня здолее ён фільтраваць – дзе ідуць рэальныя запыты (на сайт жа досыць шмат зваротаў), а дзе менавіта DoS-атака. Гэта вельмі складана адмежаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG