Самым небясьпечным месцам працы для журналістаў быў Ірак, дзе летась загінулі 32 журналісты, а таксама Самалі, Пакістан, Шры Ланка, Эрытрэя, Гаіці. Паводле справаздачы, у дзясятках іншых краін сьвету, акрамя забойстваў, журналісты былі аб’ектамі розных формаў перасьледу: зьбіваньня, нападаў, зьняволеньня, цэнзуры і прыцягненьня да судовай адказнасьці.
Паводле справаздачы “ Камітэту абароны журналістаў”, цягам 2007 году, беларускія ўлады ў прыватнасьці узмацнілі кантроль за інтэрнэтам. Савет Міністраў ухваліў закон, які пад выглядам барацьбы з парнаграфіяй ды інфармацыяй небясьпечнай для грамадзкага парадку, дазваляе супрацоўнікам КДБ кантраляваць сеціва, інтэрнэт-кафэ і блякаваць доступ да інтэрнэт-старонак. На беларускім дзяржаўным радыё і тэлебачаньні насамрэч няма незалежнай інфармацыі, а ўлады пільна кантралююць апошнія недзяржаўныя, друкаваныя выданьні, гаворыцца ў справаздачы.
У Беларусі абмежаваньне выхаду незалежных выданьняў вельмі часта адбываецца шляхам зрыву дамовы паміж друкарняй і газэтай, альбо паміж поштай і газэтай. У выніку адмовы друкаваньня пацярпела газэта “Віцебскі кур’ер”, а “ Белпошта” і “ Саюзпечаць” адмовіліся распаўсюджваць агулам 16 незалежных выданьняў такіх як “Народная воля”, “Наша Ніва”, Свободные новости плюс”. У жніўні летась міліцыя ўварвалася ў офісы “ Народнай волі”, канфіскавала кампутары ды іншае абсталяваньне. Падчас аналягічнага рэйду на рэдакцыю газэты Партыі камуністаў “Товарищ” былі канфіскаваныя 10 тысяч асобнікаў выданьня, у якім была зьмешчаная інфармацыя пра плянаваную акцыю апазыцыі.
“Камітэт абароны журналістаў” згадвае розныя формы перасьледу беларускіх журналістаў, арышты паводле самых дробных і неканкрэтных абвінавачаньняў кшталту “хуліганства і брыдкаслоў’е", альбо адсутнасьць акрэдытацыі. У прыватнасьці за спробу асьвятленьня мясцовых выбараў ў студзені, з выбарчых участкаў ў Менску і Віцебску былі выгнаныя журналіст “Народнай волі” Валер Шчукін і фатограф Юры Дзядзінкін. Ў чэрвені той жа Шчукін, нібыта за абразу сяброў выбарчага камітэту, быў пакараны штрафам амаль ў паўтары мільёна рублёў.
У дакумэнце адзначаецца, што на парушэньні свабоды прэсы ў Беларусі шэраг разоў зьвярталі ўвагу міжнародныя інстытуты, у прыватнасьці кіраўнік Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн. З гэтай жа прычыны ў траўні летась, часткова дзякуючы крытыцы з боку Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларусь не атрымала месца ў Радзе правоў чалавека ААН.