У перамовах з Аляксандрам Лукашэнкам і сваім беларускім калегам Сяргеем Мартынавым кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Расеі абяцаў далейшую палітычную і эканамічную падтрымку стратэгічнаму суседу. Беларускія кіраўнікі выказалі гатовасьць да прынцыповага каардынаваньня палітычнага курсу Беларусі з Расеяй.
Днямі ў Расеі створаны Інстытут дэмакратыі і супрацоўніцтва. Адной з галоўных яго задачаў – прасоўваньне пазытыўнага вобразу Расеі за мяжой. Апроч таго, Інстытут крытычна будзе ацэньваць стан дэмакратыі ў ЗША і Заходняй Эўропе, даносіць да міжнароднай супольнасьці погляд кіраўніцтва Расеі на палітычныя працэсы.
Незалежныя экспэрты ў гэтым зьвязку падкрэсьліваюць падабенства ня толькі курсаў, якімі дзяржавы збочваюць ад дэмакратыі, але ўсё большае падабенства плятформаў, на якіх будуецца ідэалёгія, замешаная на агульным разуменьні “чужых беларусам і расейцам прынцыпах заходняга ладу”.
Станоўчыя вобразы прасоўваюць праз кішэнныя інстытуты
Інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры Адміністрацыі прэзыдэнта, які ўзначальвае Алег Праляскоўскі, рыхтуе дапаможнік “Ідэалёгія беларускай дзяржавы ў пытаньнях і адказах”. А Міністэрства адукацыі сумесна з Акадэміяй кіраваньня пры прэзыдэнце мусяць вывучыць замежны досьвед інфармацыйна-палітычных тэхналёгій і распрацаваць рэкамэндацыі на іх адаптацыю ў Беларусі.
У згаданым Інфармацыйна-аналітычным цэнтры палічылі дачасным гаварыць пра сутнасьць справы, паколькі, як паведаміла адна з супрацоўніц, усё праходзіць праз вышэйшае кіраўніцтва ўстановы:
“Вы ведаеце, я дакладна ня ў курсе. На жаль, празь мяне дакумэнтаабарот не ідзе, у мяне іншыя функцыі. Шчыра кажучы, баюся на сябе браць якую-небудзь ініцыятыву, калі гэта не пытаньне маёй кампэтэнцыі”.
Сёньня ў беларускіх школах у раскладзе ўрокаў сярэдніх клясаў можна знайсьці прадмет “Палітінфармацыя”. У старэйшых клясах вывучаюць “Асновы беларускай дзяржаўнасьці”. У вышэйшых навучальных установах студэнтамі прыйдзецца здаваць залік па “Асновах беларускай ідэалёгіі”.
Ва ўсіх дзяржаўных установах і на прадпрыемствах некалькі год таму ўвялі пасаду намесьнік кіраўніка ў пытаньнях ідэалёгіі.
Паводле праграмы пасьлядыплёмнай адукацыі Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце, можна атрымаць дадатковую спэцыяльнасьць, зьвязаную з працай у ідэалягічнай сфэры.
Хто стане на чале ідэалягічнага авангарду?
Адлічаны за грамадзкую актыўнасьць з Акадэміі кіраваньня Юрась Алейнік узгадвае пра падручнік “Ідэалёгія беларускай дзяржаўнасьці”:
Сур’ёзных ідэалягічных кадраў, якія насамрэч вераць у гэтую псэўдаідэалёгію беларускай дзяржаўнасьці, я нават ня бачыў.
“На тое яна і Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце, каб там весьці адпаведную працу. І менавіта адтуль выйшаў такі сур’ёзны падручнік як “Ідэалёгія беларускай дзяржаўнасьці”. Таму інстытуцыя нейкая, натуральна, патрэбная дзеля рэалізацыі ідэалягічных плянаў, існаваньня згаданага цэнтра – каб “ідэалягізаваць”. Менавіта ў Акадэміі кіраваньня гэта магчыма. Вось толькі што з гэтага атрымаецца? Нават не браўся б загадваць. Бо сур’ёзных ідэалягічных кадраў, якія насамрэч вераць у гэтую псэўдаідэалёгію беларускай дзяржаўнасьці, я нават ня бачыў. Гэта ў тым жа рэчышчы “бээрсээму”, сэнс якіх толькі ў адным: туды ідуць, я гэта добра ведаю, каб атрымаць халяву, магчымасьць рабіць бізнэс. Плёну ад гэтага, зразумела, будзе вельмі мала”.
Былы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Анатоль Паўлаў зьвяртае ўвагу на тое, што ідэолягаў у Беларусі не рыхтуюць, а пасады займаюць перадусім былыя партыйныя ці камсамольскія прапагандысты, якія працуюць паводле звыклага савецкага шаблёну:
“Увогуле, ува ўсім сьвеце ідэалёгія – сур’ёзная навука. Відавочна, яна блізкая да такіх навук як філязофія і, напэўна, з гэтых шэрагаў мусяць зьяўляцца спэцыялісты. Першымі пры цяперашняй уладзе гаварыць пра ідэалёгію спрабавалі Мясьніковіч з Замяталіным. Яны доўга пра ідэалёгію гаварылі, але так і не вырашылі, якой яна мусіць быць. Прыкладам, я ведаю ідэалёгію нацыянал-сацыялізму, бальшавізму, анархізму. Спэцыялісты назавуць больш. А якая ў нас – ніхто ніводнага разу не сказаў. І што сёньня можна сказаць тым студэнтам, у якіх забралі льготы (ва ўсім сьвеце яны ў студэнтаў ёсьць)? Што можна сказаць вучням старэйшых клясаў, калі кожны год зьмяняюцца правілы паступленьня ў ВНУ, а зараз увогуле прыдумалі, што хтосьці будзе сядзець у адміністрацыі раёна і вырашаць – гэтаму можна ісьці вучыцца праву, журналістыцы, а гэтаму – нельга. А на падставе якіх крытэрыяў?”
"Пуцін глядзіць у люстэрка, а бачыць там – “бацьку”
29 студзеня падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова беларускі кіраўнік падкрэсьліў, што гатовы да каардынаваньня зьнешняй палітыкі з Расеяй. А Расея, словамі Лаўрова, лічыць “контрапрадуктыўнымі” спробы заходніх краінаў аказваць ціск на Беларусь.
Экспэрты заўважаюць: Расея і Беларусь набываюць усё больш агульных рысаў у ідэалёгіі. Летась у Мюнхене Ўладзімер Пуцін заявіў літаральна наступнае: эўрапейскае разуменьне дэмакратыі ня ёсьць эталёнам, а краіны, якія любяць навучаць дэмакратыі, самі не адрозьніваюцца прыхільнасьцю да яе. Аляксандар Лукашэнка з такімі заявамі выступаў неаднойчы.
Расейскі грамадзкі дзеяч, сатырык і драматург Віктар Шандаровіч, які неаднаразова прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасьці за ўдзел у мерапрыемствах расейскай дэмакратычнай апазыцыі, не хавае свайго пэсымізму што да, як сказаў Шандаровіч, “сьпечанага Крамлём” Інстытута дэмакратыі і супрацоўніцтва. Асабліва яго цешыць, што структура будзе “выбудоўваць рэйтынгі выкананьня правоў чалавека на Захадзе”. Сатырык цытуе кіраўніка фонду Анатоля Кучарэну: “Сёньня ня можа быць манаполіі якойсьці дзяржавы на выпрацоўку стандартаў у галіне правоў чалавека, нават калі гэтая краіна эканамічна добра разьвіваецца”:
“Тут трэба шукаць не перадумовы, а прэцэдэнты. Самыя блізкія і зразумелыя савецкім людзям успаміны – барацьба за свабоду Анжэлы Дэвіс, Леанарда Пэлціера і іншая ідэалягічная туфта савецкіх часоў. А калі нам тыкаюць нашымі незьлічонымі палітзьняволенымі, ГУЛАГам у нос, адсутнасьцю свабодаў, то мы адказваем: затое ў вас неграў лінчуюць. Вось і ўся размова, уласна кажучы. Нічога новага Кучарэна не прыдумаў. А тое, што 700 тысяч эўра, як я зразумеў з крамлёўскіх абмоваў, будзе вытрасена з бізнэсоўцаў на абарону правоў грамадзянаў на Захадзе, то палову расьпілуюць, а палову патрацяць на чарговую Анжэлу Дэвіс. Гэта нават да гадалкі не хадзі”.
Карэспандэнт: “Беларусь неяк будзе ўлічвацца ў гэтай ідэалягічнай праграме? Ці яна скіраваная выключна на Захад?”
“Аляксандар Рыгоравіч цяпер нам клясава блізкі, таму мы будзем сябраваць з Лукашэнкам, змагацца разам зь ім супраць памаранчавай заразы і праклятага Захаду. У гэтым сэнсе Пуцін і ўся ягоная адміністрацыя, якая знаходзіцца ў стане цяжкай шызафрэніі, падобным хоча быць да Бэрлусконі і ўваходзіць у Вялікую васьмёрку, але пры гэтым, калі глядзяць у люстэрка, то бачаць там ужо твар “бацькі”. Натуральна, што гэта цяжка адбіваецца на псыхіцы”.