Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невыносная лёгкасьць быцьця (у Каліфорніі)



Пра Беларусь, як заўсёды

У Каліфорніі чулі пра Беларусь, але ведаюць пра яе мала або і ўвогуле нічога. Так мне падалося падчас майго выступу ў Цэнтры расейскіх, усходнеэўрапейскіх і эўразійскіх дасьледаваньняў Стэнфардзкага ўнівэрсытэту (Center for Russian, East European and Eurasian Studies, CREEES) 14 лістапада 2007 году. Я запрапанаваў тэму „How Firm Is President Lukashenka's Grip on Power in Belarus?”, пастанавіўшы прааналізаваць грамадзкую і эканамічную апору рэжыму і падаць некаторыя сацыялягічныя выкладкі. Aднак Роб Ўэсьлінг (Rob Wessling), намесьнік дырэктара CREEES, параіў мне распавесьці пра Беларусь нешта больш элемэнтарнае. Маўляў, прыйдуць паслухаць студэнты, для якіх Беларусь ня больш чым назоў на мапе, так што варта заняцца асьветніцтвам. Ну й варта паказаць нейкія карцінкі, бо без карцінак такія прэзэнтацыі нецікавыя для прысутных.

Я прыехаў у Стэнфард 5 лістапада. Два дні мне заняло, каб упэўніцца, што ў архівах Інстытуту Гувэра (Hoover Institution), што прытуліў мяне амаль на месяц, няма ніякіх матэрыялаў для майго досьледу пра палітычную гісторыю беларускай эміграцыі, які я заявіў на атрыманьне стыпэндыі (Bernard Osher Fellowship) у Каліфорніі. А потым тыдзень часу, не надрываючыся, я працаваў над сваім аповедам пра Беларусь, асвойваючы тайнікі праграмкі PowerPoint на лэптопе і спампоўваючы патрэбныя здымкі зь сеціва. Атрымалася нешта накшталт кароткага агляду найноўшай гісторыі Беларусі – ад адкрыцьця Курапатаў у 1988-м да прэзыдэнцкіх выбараў 2006-га. Доктар Ўэсьлінг, які папярэджваў, што прыйдзе паслухаць мяне чалавек 10-12 (відаць, каб загадзя прадухіліць маё расчараваньне), быў надзвычай зьдзіўлены, калі ў малы пакой, дзе я гаварыў, набілася больш за 30 слухачоў. Такога на яго сэмінарах, ён прызнаўся мне потым, даўно не было.

Да вяртаньня ў Прагу заставалася два тыдні. З падачы Аляксандра Лукашука, які часова стаў галоўным выканаўчым рэдактарам Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, мяне прызначылі на сьнежань і студзень выканаўцам абавязкаў дырэктара Беларускай службы. Мой папярэдні плян — засесьці ў Каліфорніі на два месяцы і напісаць ладны кавалак кніжкі пра эміграцыю — быў падрэзаны ў корані. Што можна зрабіць за два тыдні?

No Kissing or Hugging at Stanford

Я вырашыў, што цягам гэтых двух каліфарнійскіх тыдняў ня буду рабіць абсалютна нічога. Вазьму сабе, так бы мовіць, вакацыі ад кругавароту штодзённасьці і падумаю над эсэнцыяй экзыстэнцыі. Удалечыні ад працы і калегаў, удалечыні ад сям’і, у месцы, дзе я нічога нікому не абавязаны і дзе дакладна ўсім няма да мяне ніякага клопату. Такія абставіны надарыліся мне ці не ўпершыню за дваццаць пяць гадоў майго жыцьця як сямейніка — мужа і бацькі.

Надвор’е было цудоўнае. Сьвяціла сонца, тэмпэратура штодня была вышэйшая за 20 градусаў, перад дамком, у якім мяне пасялілі, дасьпявалі памаранчы, мандарынкі і гранаты. Паветра было напоенае салодкадурманлівым пахам ні то цытрусавых дрэваў, ні то сэквояў і эўкаліптаў. Па ўсім кэмпусе езьдзілі бясплатныя ўнівэрсытэцкія аўтобусы, якімі можна было дабрацца куды заўгодна — ці то да станцыі ў Пала Альта, зь якой ад’яжджаў цягнік у Сан-Францыска, ці то да shopping center у мясьціне з назвай Сан-Антоніё. Будынкі ўнівэрсытэту, раскіданыя па ўсім мястэчку Стэнфард, былі ў нейкім „каляніяльным” стылі і стаялі сярод пальмаў. Амаль усе студэнты езьдзілі на роварах. Большасьць студэнтаў мела азіяцкія рысы твару — японцы, карэйцы, філіпінцы, індусы ды расы і нацыянальнасьці, якіх я ня змог ідэнтыфікаваць. Усё гэта стварала атмасфэру іррэальнасьці і звышчасовасьці... Sein und Zeit для мяне запыніліся, і я пачаў лунаць дзесьці па-над мястэчкам...

„Зьвярні ўвагу, Ян, што там няма студэнцкіх параў, якія ходзяць абняўшыся або цалуюцца” — перасьцерагала мяне ў Празе мая калега Ірэна Халупа з Украінскай службы, якая была ў Стэнфардзе некалькі гадоў назад. „Яны там ня думаюць пра каханьне, а толькі пра добры job у Крамянёвай Даліне пасьля ўнівэрсытэту”. Я зьвярнуў увагу — сапраўды, за ўвесь мой час у кэмпусе мне ўдалося згледзець адно дзьве пары, якія ішлі пад ручку.

У Каліфорніі ўсё падалося легкаважкім і неістотным. Мне ўспомніліся словы Роджэра Ўотэрза зь “Пінк Флойд”, улюбёнага паэта маіх школьна-студэнцкіх гадоў: All you touch and all you see/is all your life will ever be. (Магчыма, існуе нейкі адэкватны беларускі пераклад гэтага геніяльнага двухрадкоўя; я не зайшоў далей за наступнае: Тваё жыцьцё ўвесь час з табою,/яно ня больш, чым згледзіш вокам і кранеш рукою). З каліфарнійскай паветранай пэрспэктывы жыцьцё стала як бы больш зразумелым і прымальным. Як і думка пра сьмерць. (Каб жа можна было забраць гэтае разуменьне і прымальнасьць з сабою на зямлю!)

Але на трэці дзень майго мэтафізычнага гультайства я адчуў нейкі сьверб на душы — мне пачала дакучаць мая легкаважкасьць і непрысутнасьць у Каліфорніі. Тое, што спачатку ўяўлялася як прасьцяг цудоўна пустых і лёгкіх дзён, пачало муляць і гнясьці, аж урэшце сталася невыносным цяжарам. Я раскалоўся і зьвязаўся па скайпе з жонкай у Чэхіі і братам у Польшчы. Я прызямліўся і ўзяўся за работу...

Некалькі цытатаў з мудрых мужоў

За дзесяць дзён, якія заставаліся да майго вяртаньня ў Прагу, я пераклаў чатыры вершы Ўладзімера Арлова ў анталёгію беларускай паэзіі, што выйдзе сёлета ва Ўроцлаве; зрэдагаваў больш за палову жончынага перакладу „Дыялогаў з Богам” Валянціна Акудовіча (таксама для Ўроцлава); зрабіў разам з братам пад 80 адсоткаў вэб-старонкі, прысьвечанай падляскай мове; і прачытаў шэсьць кніжачак з оксфардзкай сэрыі „A Short Introduction” пра Р. Барта, М. Гайдэгера, постмадэрнізм, постструктуралізм etc., каб ня ехаць у Менск з пустой галавой, калі ўжо туды паеду... У той жа кніжачцы Акудовіча я натрапіў на адно цікавае месца ў эсэ „Праца”: Рэч у тым, што для беларуса праца — гэта ня тое, што забясьпечвае чалавека жыцьцём, а само месца жыцьця... Беларусы не для сьвету створаныя, яны створаныя для працы... Дык вось што аказваецца. Вось чаму мне ня суджана жыць лёгка і лунаць у паветры...

Ужо ў Празе я разгарнуў „Невыносную лёгкасьць быцьця” Мілана Кундэры і прачытаў, што лёгкасьць альбо цяжар існаваньня залежыць ад нашай мэтафізычнай пэрспэктывы. Калі мы лічым, што пражытае намі жыцьцё ніколі не паўторыцца, дык фактычна нішто не замінае нам пражыць яго лёгка і безадказна. Але калі б наша жыцьцё мела паўтарыцца ў будучыні, дык усьведамленьне гэтага зрабіла б з жыцьця найбольшы цяжар (das schwerste Gewicht паводле вызначэньня Ніцшэ). Кундэра піша: Найбольшы цяжар душыць нас, мы абсядаем пад ім, ён прыціскае нас да зямлі. Але ў любоўнай паэзіі ўсіх часоў жанчына прагне быць прыціснутая цяжарам мужчынскага цела. Значыць, найбольшы цяжар ёсьць заадно вобразам найбольш інтэнсіўнага напаўненьня жыцьця. Чым большы цяжар, тым бліжэйшае да зямлі наша жыцьцё, тым больш яно сапраўднае і праўдзівае. З другога боку, поўная адсутнасьць цяжару прычыняе, што чалавек стаецца лягчэйшы за паветра, узьлятае ў вышыню, аддаляецца ад зямлі, стаецца напаўсапраўдны, а ягоны рух настолькі свабодны, наколькі і неістотны.

Праўду сказаўшы, мяне ня надта цікавіць ідэя вечнага вяртаньня. Мне больш даспадобы прыземлены падыход Акудовіча: Беларус альбо працуе, альбо п’е гарэлку. А як няма ні працы, ні гарэлкі — ён нудзіцца. У мяне ў Каліфорніі знайшлася пад рукою і работа, і віно. І ўжываў я іх увадначас, а не папераменна. Ясная справа, мне зусім не было нудна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG