На паседжаньні Рады Бясьпекі прынятае рашэньне пра будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Камэнтары слухачоў:
“Добры дзень. Вось пачуў па тэлевізары навіну, што ў Вялікабрытаніі мяркуецца пабудаваць атамную электрастанцыю, але там нейкі судзьдзя ці хто адмяніў пастанову кіраўніцтва краіны з прычыны таго, што будаўніцтва атамнай электрастанцыі не было абмеркавана ўсенародна, то бок не было нічога накшталт рэфэрэндуму. У дэмакратычных краінах такія сур’ёзныя пытаньні абмяркоўваюцца ўсенародна, а ў нас, дзе ўся ўлада належыць прэзыдэнту, такое пытаньне дазволена вырашаць яму аднаму”.
Вячаслаў Сухарэўскі: “Прыдумаў новую згубу для беларусаў — пабудову атамнай станцыі, заміж таго, каб будаваць вечную апору для людзей — фэрмэрскія сялянскія гаспадаркі”.
Прадпрымальнікі Беларусі абвесьцілі, што 21 студзеня правядуць у Менску мітынг супраць палітыкі ўлады адносна дробнага бізнэсу. Нагадаю, што пасьля аналягічнай акцыі 10 сьнежня некалькі дзясяткаў чалавек апынуліся за кратамі. Тэлефанаваньні на гэтую тэму:
Спадар: “Слухаю вас… Раней нафта, газ, цяпер учапіліся за прадпрымальнікаў. Чаму вы ня скажаце, за чый кошт жывуць прадпрымальнікі? Яны ж жывуць за наш кошт, грамадзянаў Беларусі! Колькі яны накручваюць? Трэба, каб вы разабраліся ў гэтай справе”.
Спадарыня: “Зноў з агідай слухаю пра тэму прадпрымальнікаў. Неаднойчы прыходзілася і мне зь імі сутыкацца. Напрыклад, купляла некалі дзецям машынку за 40 тысяч у шапіку, і яна праз 2 тыдні развалілася. Усё абсалютна нізкай якасьці і ня вартае ніякай увагі. А па-мойму, беларускі тавар проста апушчаны, ён не настолькі дрэнны. А камэрсанты самі сабе стварылі рэкляму, што яны рухаюць эканоміку дзяржавы. Яны, наадварот, яе спыняюць. Кожная нармальная дзяржава перш за ўсё абараняе інтарэсы сваіх гандлёвых прадпрыемстваў, сваіх працоўных, якія працуюць на заводах...”
Выказваньні камэнтуе палітык і эканаміст Яраслаў Раманчук:
“Нікога і ні да чаго яны не змушаюць. У адрозьненьне ад дзяржавы, у іх няма такіх інструмэнтаў змушэньня. Калі казаць, што яны гандлююць няякасным таварам, то ў кожнай чарадзе ёсьць паршывая авечка. Свае правы можна абараніць і праз суд, гэтак, як і ў іншых выпадках. А тое, што беларускія прадпрыемствы выпускаюць тавары значна горшыя паводле якасьці, то гэта факт. Паглядзіце, які абутак, адзеньне, тэлевізары, іншую тэхніку мы набываем. Пераважна — замежнай вытворчасьці, бо яна больш якасная ці больш танная. Прадпрымальнікі працуюць у надзвычай неспрыяльных умовах. І тое, што людзі ня бачаць іх эканамічнага сэнсу — гэта толькі вынік ідэалягічнага прамываньня мазгоў празь беларускае тэлебачаньне”.
Працягваем праграму выказваньнямі на іншыя тэмы:
Спадар: “Па беларускім тэлебачаньні паказалі, як у беднай, забітай, непрадказальнай Украіне ўлада вяртае свайму народу ўклады, зробленыя яшчэ за савецкім часам. Натоўпы людзей абрынуліся на дзяржаўныя банкі. А вось багатая і квітнеючая Беларусь гэтага зрабіць ня можа”.
Валодзя, Берасьце: “Прывітаньне слухачам “Свабоды”! Я тут пачуў па вашым радыё, што адмоўлена ў крымінальнай справе хлопцу, якога зьбілі міліцыянты перад прыездам Пуціна. Здаецца, Зьміцер Хведарук. Я проста не знаходжу словаў ад абурэньня. Вось Ломацю паставілі фінгалы, і тых пасадзілі адразу на чатыры гады. А тут чалавека зьбілі да непрытомнасьці, і вінаватых няма. Вось такая ў нас Фэміда”.
Ларыса, Менск: “Калі слухаю перадачу “Беларускае замежжа”, уражвае тое, што яны ўсе, нашы суайчыньнікі, добра размаўляюць на беларускай мове. Тое самае нельга сказаць пра тых, хто жыве ў Менску ды ў сельскай мясцовасьці. Спрабую размаўляць па-беларуску са сваімі сябрамі-пэнсіянэрамі — не атрымліваецца. Яны кажуць, што гэта сьмешна. Можа, наша моладзь, такія людзі, як Наста Палажанка, Севярынец, будуць прапагандыстамі беларускай мовы. Ды кіраўнікі нашы пачнуць размаўляць на роднай мове. Вельмі спадзяюся”.
“Дзякуй, родныя, за паведамленьні для мяне на мабільны. Вы мой сапраўдны сябар, мне з вамі лягчэй жыць”, — піша ў СМС-лісьце слухач Андрусь зь Менску. Далей — працяг тэмы і творчасьць слухачоў:
Спадар:
“Беларусаў мала, і нам патрэбна ГЭС,
А будзем будаваць АЭС.
Выбух быў, хварэе беларус наш бедны,
Другі Чарнобыль нам не патрэбны.
Моц ветру ды вады дае прырода.
На гэта будзе наша згода.
Казаў беларус, які пацярпеў ад Чарнобылю”.