Каля паўтары сотні прадпрымальнікаў прастаялі на плошчы Леніна блізу дзьвюх гадзінаў. Яны чакалі агучваньня вынікаў працы рабочай групы, якая ўчора мелася cкласьці патрабаваньні да ўраду Беларусі і прэзыдэнта.
Перад дванаццатай гадзінай прадстаўніца рабочай групы, старшыня адной з гарадзкіх радаў прадпрымальнікаў Ларыса Высоціна паведаміла, што патрабаваньні сфармуляваныя і ўжо дасланыя ў Менск. У гэтым яе запэўніў першы намесьнік старшыні гарвыканкаму:
“Ліцянкоў Алег Аляксандравіч сказаў, што ліст адправілі ў Менск. Таму ня трэба тут зьбірацца і стаяць, дачакаемся адказу зь Менску. Улады пайшлі нам насустрач і даслалі наш ліст ураду. Там першым пунктам стаіць патрабаваньне ўвесьці мараторый на Ўказ № 760, і потым — каб нарэшце выйшаў указ пра прадпрымальніцтва ў Беларусі. Гэта самае галоўнае”, — зазначыла Ларыса Высоціна.
Прадпрымальнікі, аднак, засталіся незадаволеныя вынікам акцыі пратэсту:
“У Магілёве дзесяць тысяч прадпрымальнікаў і пятнаццаць тысяч найманых работнікаў — нас дваццаць пяць тысяч. Дзе гэтыя людзі? Няхай восемдзесят працэнтаў зь іх выйдзе. Калі людзі будуць тут, тады і будзе вынік. У інтэрнэце было напісана, што мы сабраліся гарэлкі папіць пад ялінкай гуртком”.
Прадпрымальнікі пастанавілі выйсьці на плошчу Леніна 10 студзеня.
На гутарку з Кабяковым нікога не запрасілі
Пакуль прадпрымальнікі стаялі на плошчы, у Магілёўскім гарвыканкаме пад старшынствам намесьніка старшыні ўраду Беларусі Андрэя Кабякова адбылася відэаканфэрэнцыя. На ёй абмяркоўваліся прапановы і праблемы, зьвязаныя з працаю прадпрымальнікаў.
Нікога з магілёўскіх прадпрымальнікаў на відэаканфэрэнцыю не запрасілі, хаця ўчора і абяцалі.
У гарвыканкаме запэўнілі, што праблемы з выкананьнем указу будуць вырашаныя:
“Сёньня ўсе, і прадпрымальнікі, і мы, сумесна займаемся рашэньнем праблемаў і пытаньняў, якія ўзьнікаюць падчас рэалізацыі ўказу прэзыдэнта. Гэта нашы людзі, а калі гэта нашы людзі, то гэта і нашы праблемы”, — зазначыў “Свабодзе” начальнік аддзелу зьнешнеэканамічных сувязяў гарвыканкаму Віктар Багамазаў.
Паводле ўправы прадпрымальніцтва камітэту эканомікі аблвыканкаму, у вобласьці працуюць каля 26 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Зь іх больш за дзевяць з паловай тысяч выкарыстоўваюць найманых работнікаў. На першага студзеня крыху болей за тысячу прадпрымальнікаў выканалі патрабаваньне прэзыдэнцкага Ўказу № 760 – перарэгістраваліся ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы.