Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах прадпрымальнікі працягваюць страйк


Страйк адбываецца ў форме вымушанага адпачынку зь нявыплатай падаткаў і арэнднай платы. Лідэры прадпрымальніцкага руху заяўляюць, што акцыя пратэсту будзе доўжыцца да 15 студзеня.


У Берасьці на сувязі — лідэр рэгіянальнай суполкі грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Віктар Чайкоўскі:

“Сёньня больш як 90 працэнтаў нашых прадпрымальнікаў не працуюць. Рынак за ЦУМам — тры чалавекі. На рынку “Стары горад” — тры ці чатыры. На рынках “Славянскі” і “Гасьцінны двор” — мала-мала людзей. У нас жа перад гэтай акцыяй адбыўся і форум прадпрымальнікаў, і мітынг. Рэзалюцыі накіраваныя і берасьцейскім уладам, і прэзыдэнту”.

Пра сытуацыю ў Гомелі паведамляе актывіст прадпрымальніцкага руху Аляксандар Рубчэня:

“Зараз настолькі складаная сытуацыя, што прагназаваць нешта вельмі цяжка. Усё можа адбыцца спантанна. На нашым рынку “Цэнтральны” сытуацыя застаецца ранейшаю. Самі разумееце, з чым гэта зьвязана. Чыноўнікі гэты страйк і справакавалі”.

Страйк індывідуальных прадпрымальнікаў накіраваны супраць прэзыдэнцкага ўказу № 760. У адпаведнасьці з падпунктам 1.1 гэтага дакумэнта індывідуальным прадпрымальнікам забаронена выкарыстоўваць працу найманых асобаў, за выключэньнем блізкіх сваякоў. Камэнтуе сытуацыю лідэр кампаніі пратэсту Віктар Гарбачоў:

“Паводле нашых падлікаў, на сёньня амаль 60 тысяч чалавек у рэгіёнах страцілі працу. Большасьць зь іх — жанчыны. Што будзе далей — пабачым, бо прадпрымальнікі будуць выходзіць на плошчы”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG