Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чым год можа запомніцца? Нічым. Балота…”


Якія палітычныя падзеі мінулага году вам запомніліся? Што чакаеце ад будучага году? На гэтыя пытаньні адказваюць гарадзенцы.


Спадар: “Якія зьмены могуць быць тут, чым год можа запомніцца? Нічым. Балота…”

Сталы спадар: “Я вам скажу: пэрспэктываў ніякіх ня бачна. Мы ад Расеі залежым цалкам, але ў Расеі руху наперад няма. А ў Беларусі, раз мы залежым ад Расеі, то й гаварыць няма пра што”.

Спадар: “Мінулы год якімі палітычнымі падзеямі мне запомніўся? Ведаеце, гэтай дэпрэсіяй, якая прысутнічала на працягу ўсяго году. А на 2008 год у мяне спадзяваньні, што будзе нешта лепшае. Будуць парлямэнцкія выбары і, магчыма, людзі, чые погляды я разьдзяляю, трапяць у парлямэнт. На жаль, тая сытуацыя, якая ў нас ёсьць, на мой погляд, будзе яшчэ гадоў трыццаць”.

Дзяўчына з Польшчы: “Я найболей запомніла з апошніх падзеяў — адкрыцьцё беларускага тэлеканалу “Белсат” у Польшчы. Мы бачылі толькі ўрыўкі праграмаў”.

Яе сябра: “Іх паказвалі па Першай праграме Польскага тэлебачаньня, гаварылі, што беларусы пачалі вяшчаньне сваёй тэлестанцыі”.

Ягоная сяброўка: “Гэта крок наперад”.

Малады спадар: “Ад наступнага году я чакаю, каб палепшылася жыцьцё ўсяго насельніцтва Рэспублікі Беларусь і каб не было ніякіх эксцэсаў”.

Малады спадар: “Нашых палітычных дзеячаў, апроч нашага прэзыдэнта, нікога болей ня бачна. Такой партыйнай дзейнасьці як у Расеі, у нас не назіраецца. Таму няма чаго сказаць пра палітычныя падзеі”.

Спадарыня: “Я назаву толькі адну падзею: майго знаёмага за падтрымку апазыцыі звольнілі з працы, з “Хімвалакна”. Мне запомніўся гэты выпадак, і вельмі крыўдна за яго”.

Спадар: “Ад наступнага году асабліва нічога добрага не чакаю. А што да палітычных падзеяў, дык Лукашэнка зьезьдзіў у Вэнэсуэлу, сустрэўся з Чавэсам, пабратаўся…”

Сталы спадар: “Што запомнілася? Пэнсію падняў за два гады на 17 адсоткаў, так? Цяпер пайшлі на рынак, усё на трыццаць адсоткаў падаражэла. Мне так сорамна за Беларусь, разумееце? Мне ня хочацца сьвяты адзначаць!”

Маладзён: “Ніякіх палітычных падзеяў у Беларусі я, здаецца, ня памятаю. У нас болей нейкія сацыяльныя падзеі: вось гэты закон пра ільготы, падаражаньне ўсяго. Я зараз іду апошнія пяць тысяч на падарунак выдаткаваць, і на цыгарэты застаецца яшчэ, і гэта ўсё”.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG