Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скаўты прывезьлі ў Віцебск Бэтлеемскі агонь


У віцебскім Сьвята-Усьпенскім храме віталі скаўтаў, якія прывезьлі на Беларусь сьвяты агонь з Бэтлеемскай базылікі Раства Хрыстова.

Ужо чацьвёрты год Бэтлеемскі агонь запальваецца ў віцебскіх цэрквах і касьцёлах дзякуючы міжнароднаму праекту "Бэтлеемскі агонь міру і сяброўства".

Акцыя, падчас якой Бэтлеемскі агонь перадаюць з рук у рукі скаўты эўрапейскіх краінаў, адмыслова прымеркаваная да адзначэньня хрысьціянскім сьветам Нараджэньня Хрыстова. Па тэрыторыі Беларусі мясцовыя скаўты правозяць часьцінку сьвятога агню ў адмысловых лямпадках, каб пазьней запаліць ад яго лямпады й сьвечкі ў храмах.

Увечары 19 сьнежня ад Бэтлеемскага агню запаліліся сьвечкі ў Сьвята-Усьпенскім храме. У Віцебск гэты агонь прывёз каардынатар скаўцкага корпусу "Хрысьціянская садружнасьць сталых і маладых" Аляксей Дазорцаў. Падчас сустрэчы з хрысьціянскай моладзьдзю ён распавёў гісторыю ўзьнікненьня гэтай перадсьвяточнай традыцыі:

"Гэтая акцыя ўпершыню прайшла 10 год таму. Яе заснавалі аўстрыйскія скаўты пры падтрымцы аўстрыйскага тэлебачаньня. Аўстрыйскія скаўты й цяпер штогод едуць у Бэтлеем, бяруць часьцінку агню і ўжо далей распаўсюджваюць яго з краіны ў краіну, з арганізацыі ў арганізацыю. Агонь захоўваецца ў цэрквах і касьцёлах да Нараджэньня Хрыстова. З гэтага храму ён будзе перададзены па эстафэце ў касьцёл Сьвятой Варвары. А 22 сьнежня часьцінка Бэтлеемскага агню будзе перададзена расейскім скаўтам, якія павязуць яго ў Маскву, а потым далей і далей".


Аляксей Дазорцаў распавёў, што ў гарадзенскім Фарным касьцёле, дзе ён прыняў Бэтлеемскі агонь, цырымонія перадачы сьвятыні ад польскіх да беларускіх скаўтаў была шматлюднай і ўрачыстай. А вось у віцебскім Сьвята-Усьпенскім храме агонь віталі ў камэрнай абстаноўцы: на вечаровую службу сабраліся каля трох дзесяткаў прыхаджан, пераважна дзеці й моладзь.

Сьвятар Аляксандар Ледаховіч мяркуе, што падобнага кшталту імпрэзы й ня мусяць быць занадта афіцыйнымі:

"Гэта мерапрыемства, якое праводзіцца скаўцкімі арганізацыямі, моладзьдзю. Дык ці варта рабіць з гэтага нейкі афіцыёз? Самае горшае для такой імпрэзы – гэта калі яна раптам стане афіцыйнай. І яшчэ: ведаеце, калі паназіраць, як Эўропа адзначае Раство, то гэта выглядае не на час успаміну пра прыход Збаўцы ў сьвет, а хіба толькі на пэрыяд зьніжак, кірмашоў, нейкіх забаў. І калі адбываецца такая вось акцыя, то моладзь зьвяртае ўвагу менавіта на духоўныя каштоўнасьці, а гэта – самае значнае, самае важнае".

Сьвятар Аляксандр Ледаховіч падкрэсьлівае, што акцыя запаленьня ў храмах Бэтлеемскага агню ў пэўным сэнсе яднае прадстаўнікоў розных канфэсій, якія жывуць на тэрыторыі Віцебшчыны. Невыпадкова праект "Бэтлеемскі агонь міру і сяброўства" падтрымліваюць Беларуская Праваслаўная Царква і Рыма-Каталіцкая Царква ў Беларусі.

Першая служба, асьветленая Бэтлеемскім агнём, пачалася з таго, што ўсе вернікі, запаліўшы ўласныя сьвечкі ад сьвятыні, перанесьлі агонь на сьвяцільні перад абразамі ў Сьвята-Усьпенскім храме. І кожны ахвотны мае гэтымі днямі магчымасьць прынесьці часьцінку агню з Бэтлеему да сябе дахаты – калі здолее ўберагчы ад сьнежаньскага ветру зыркі агеньчык сьвечкі або лямпадкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG