Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рух “За свабоду” шукае праўды ў Вярхоўным судзе


Сёньня Вярхоўны суд Беларусі разгледзіць скаргу, якую падпісалі Юрась Губарэвіч, Аляксей Кавалец і Аляксандар Мілінкевіч.

Ад імя заснавальнікаў “Руху “За Свабоду” яны патрабуюць скасаваць рашэньне Міністэрства юстыцыі, якое адмаўляе руху ў рэгістрацыі.

Аляксей Кавалец гаворыць, што на сёньняшні дзень у міністэрства засталася толькі адна прэтэнзія – быццам, устаноўчы сход быў праведзены не ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі закону аб масавых мерапрыемствах:

“Адзіная ў іх зачэпка (гэта нават не зачэпка, а прыдумка) – што ўстаноўчы сход папярэдне ня быў заяўлены ў нейкім выканкаме. І гэтым мы быццам парушылі закон аб масавых мерапрыемствах. Хаця ў законе аб палітычных партыях і грамадзкіх арганізацыях як праводзіць сход – не пазначана.

Гэта проста дзіўна. Больш за тое: мы ж праводзілі свой сход на закрытай тэрыторыі, з дазволу яе гаспадара. Там нават ахова ягоная была. І нас праводзілі праз кантрольна-прапускны пункт. Нікому мы не перашкаджалі. Пры чым тут закон аб масавых мерапрыемствах?!”

Яшчэ адзін заяўнік – Юрась Губарэвіч – спадзяецца на станоўчае рашэньне, хаця і ня вельмі ў гэта верыць:

“Чакаем заўсёды, што нарэшце беларуская ўлада пачне выконваць законы, якія яна ж сама і прымала. Відавочна, што рашэньне Міністэрства юстыцыі парушае нашы правы на стварэньне грамадзкай арганізацыі.

Мы правялі ўстаноўчы сход адпаведна з заканадаўствам. Таму лягічна выглядае, каб наш рух зарэгістравалі. Аднак
Чакаем заўсёды, што нарэшце беларуская ўлада пачне выконваць законы, якія яна ж сама і прымала
практыка апошніх гадоў паказвае, што ўлады дагэтуль не прывыклі дзейнічаць у адпаведнасьці з заканадаўствам”.

Толькі сёлета Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі праваабарончай арганізацыі “Вясна”, закрыла жаночую партыю “Надзея”, на 6 месяцаў прыпыніла дзейнасьць Партыі камуністаў Беларускай. Дагэтуль не зарэгістраваны “Малады фронт”. Як сьведчаць спэцыялісты, падставы для такіх рашэньняў вельмі дробныя. Прынамсі, актывісты “Вясны” аплацілі неабходны ў такіх выпадках судовы збор, але не належным чынам аформілі квіток. Таму незалежны юрыст і праваабаронца Валянцін Стэфановіч скептычна ставіцца да магчымасьці справядлівага рашэньня Вярхоўнага суду:

“Таму што рашэньні прымаюцца хутчэй з палітычных меркаваньняў, а не з чыста юрыдычных. Вельмі часта падставы для адмовы ў рэгістрацыі выглядаюць, як і ў выпадку з “Рухам “За свабоду”, дзіўнымі. Усё гэта з’яўляецца парушэньнем палітычных і грамадзянскіх правоў”.

Першы раз «Рух “За Свабоду” правёў устаноўчы сход яшчэ ў траўні. Тады Мінюст адмовіў у рэгістрацыі Руху, а Вярхоўны суд прызнаў дзеяньні міністэрства адпаведнымі заканадаўству. Пасьля гэтага заснавальнікі руху правялі паўторны ўстаноўчы сход і зноў падалі дакумэнты на рэгістрацыю. Аднак, і ў другі раз Мінюст адмовіў ініцыятарам стварэньня руху. Скаргу менавіта на гэта рашэньне сёньня і разгледзіць Вярхоўны суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG