Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рух “За Свабоду” не зарэгіструюць


Уладзімер Глод, Менск Сёньня судзьдзя Вярхоўнага Суду Беларусі Валеры Самалюк не задаволіў скаргі стваральнікаў руху “За Свабоду”. Яны патрабавалі скасаваць рашэньне Міністэрства юстыцыі, якое адмовіла ім у рэгістрацыі.

Судзьдзя Самалюк палічыў, што стваральнікі руху “За Свабоду” дапусьцілі некалькі парушэньняў заканадаўства.

Мінюст заўважыў парушэньні і, на думку Вярхоўнага Суду, меў падставы адмовіць у рэгістрацыі.

Юрыст Вольга Смалянка, магістрант Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, дапамагала актывістам незарэгістраванага руху ў гэтым судовым працэсе. Яна называе сёньняшняе рашэньне “дастаткова фармальным”:

“Адмовілі з фармальнай нагоды — стваральнікі руху заплацілі судовы збор ня ў той бюджэт. Але ж яны потым выправілі памылку, што і пацьвердзілі дакумэнтальна ў судзе. Калі глядзець выключна з фармальнага боку, дык суд мог адмовіць. І ён гэта зрабіў.

Але ж Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь абвяшчае найвышэйшай каштоўнасьцю дзяржавы чалавека. Ягоныя правы — таксама найвышэйшая каштоўнасьць дзяржавы. А людзям адмовілі толькі за тое, што яны не туды заплацілі грошы. Якая ж гэта найвышэйшая каштоўнасьць дзяржавы? Якія гэта правы?”

Стваральнікі руху на судзе заявілі, што іх увялі ў зман дзяржаўныя юрысты. Яны нібыта патлумачылі, што калі ўстаноўчы сход руху праходзіў у Горадні, дык і грашовы збор трэба заплаціць там, а ня ў Менску. Урэшце грошы трапілі ў мясцовы бюджэт, а патрэбна было, каб іх залічылі ў рэспубліканскі.

Аляксей Кавалец — адзін з трох актывістаў руху “За Свабоду”, які падпісаў скаргу ў Вярхоўны Суд. Ён так камэнтуе сёньняшняе рашэньне:

“Нечаканасьцяў не адбылося. Рэжым не зьмяніўся. Ён сваю сутнасьць паказаў на гэтым судзе. Судзьдзі прызначаюцца прэзыдэнтам. І служаць яны, канечне, не народу, а прэзыдэнту.

І рэгістраваць грамадзкае аб’яднаньне, якое служыць інтарэсам дэмакратыі, абароны правоў чалавека, палітычных правоў, канечне, ніхто ня будзе. Гэта ім ня выгадна”.

Тым часам стваральнікі руху правялі (гэтым разам у Заслаўі) яшчэ адзін устаноўчы сход і перадалі ў Міністэрства юстыцыі новы камплект дакумэнтаў на рэгістрацыю.

Віктар Карняенка, адзін са стваральнікаў руху, так тлумачыць гэтыя дзеяньні:

“Мы вырашылі сыстэмна, мэтанакіравана, кожны раз пасьля таго, як правядзем сход, падаваць дакумэнты на рэгістрацыю.

Гэта робіцца ня дзеля таго, каб пераканаць уладу ў тым, што мы законапаслухмяныя грамадзяне, а каб паказаць і грамадзтву, і прадстаўнікам розных замежных інстытуцыяў глупства нашай улады.

Гэта наша мэта. Сёньня, так бы мовіць, адбыўся другі тур, пасьля Міністэрства юстыцыі. Будуць і наступныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG