Экспэрты і міністры аховы навакольнага асяродзьдзя з амаль 180-ці краінаў сьвету маглі прыняць заключны дакумэнт толькі пры адзінадушнай згодзе, якая была дасягнутая коштам кампрамісу ў шэрагу пытаньняў.
Эўразьвяз і шэраг краінаў сьвету патрабавалі, каб разьвітыя краіны, такія як ЗША, зьменшылі да 2020 га году эмісію парніковых газаў у атмасфэру на 25-40%. Аднак з высокімі патрабаваньнямі не пагадзіліся Злучаныя Штаты, якія штогод эмітуюць у атмасфэру ў пяць разоў болей вуглекіслага газу, чым сярэднестатыстычная краіна сьвету.
Праз пазыцыю адміністрацыі прэзыдэнта Джорджа Буша ў сумеснай дэклярацыі не запісана ніякіх канкрэтных абавязкаў. “Мы ня хочам, каб запіс якіх-небудзь датаў і лічбаў уплываў на пазьнейшыя перамовы аб зьмяншэньні эмісіі газаў”, тлумачылі прадстаўнікі ЗША, якіх падтрымліваюць, у прыватнасьці, Японія і Канада.
ЗША хочуць у наступным годзе працягваць перамовы з 16-цю іншымі краінамі, якія разам выкідаюць у атмасфэру 80% усіх парніковых газаў. На думку экспэртаў, насамрэч ЗША абараняюць эканамічны рост і інтарэсы сваёй прамысловасьці, для якіх абмежаваньне выкідаў газаў зьвязанае зь вялікімі коштамі.
“Няхай сьпярша гэта зробяць Індыя і Кітай, якія не падлягаюць абмежаваньням”, – лічыць Белы Дом. Адміністрацыя Буша кажа, што краіны Эўразьвязу самі не выконваюць таго, чаго патрабуюць ад іншых, гандлюючы квотамі выкідаў з краінамі, якія меней забруджваюць атмасфэру, чым сярэднестатыстычныя краіны.
А.Гор: наступны прэзыдэнт паставіцца да праблемы кліматычных зьменаў больш сур’ёзна
Экспэрт зь міжурадавай камісіі ААН па зьмене клімату Брэнда Эквурцэль лічыць, што менавіта парніковыя газы зьяўляюцца прычынай кліматычных зьменаў:
“Ёсьць вельмі выразная пазыцыя міжнародных экспэртаў, якія аднадушна кажуць, што выхлапныя газы з аўтамабіляў, спальваньне вугля для ацяпленьня і электрычнасьці, высяканьне трапічных лясоў зь сярэдзіны XX стагодзьдзя сталі асноўнай прычынай пацяпленьня клімату”.
Брэнда Эквурцэль лічыць, што ў выпадку далейшай блізарукасьці і бяздумнасьці мы пакінем сваім нашчадкам плянэту цалкам іншай, чым тая, на якой прыйшлося жыць нам.
Паводле экспэртаў ААН, калі ў бліжэйшыя гады выкіды парніковых газаў ня зьменшацца, дык:
-сярэдная тэмпэратура ўзрасьце на 4 градусы Цэльсія,
-узровень акеанаў паднімецца на 43 сантыметры,
-у сярэдзіне гэтага стагодзьдзя растане арктычны лёд,
-хвалі сьпякоты і трапічныя ўраганы будуць усё больш моцнымі і частымі.
У выніку, паводле прагнозаў экспэртаў, у многіх раёнах сьвету зьявіццца дэфіцыт прэснай вады, з прычыны засухаў зямельныя ўгодзьдзі ператворацца ў пустэльню, што прывядзе да нястачы прадуктаў харчаваньня. Павялічыцца колькасьць ахвяраў ураганаў, паводак і сьпякоты. Адбудзецца ненатуральнае перамяшчэньне фаўны і флоры ў больш спрыяльныя для жыцьця кліматычныя умовы. З прычыны забруджаньня атмасфэры дымам і выхлапнымі газамі ў вялікіх гарадох рэзка ўзрасьце колькасьць сардэчна-рэсьпіраторных хваробаў.
Удзельнік канфэрэнцыі ў Балі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, былы віцэ-прэзыдэнт ЗША Ал Гор запэўніў, што ЗША перастануць блякаваць пагадненьне ў справе зьмены клімату. Паводле Гора, хто б ні быў пераемнікам Джорджа Буша на пасадзе прэзыдэнта ЗША, ён паставіцца да праблемы кліматычных зьменаў больш сур’ёзна.