Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экалёгія вачыма менчукоў: сьмецьце, транспарт, Чарнобыль


Юлія Шарова, Менск Сёньня – Дзень аховы навакольнага асяродзьдзя. Якія праблемы аховы навакольнага асяродзьдзя хвалююць вас найбольш? Гэтае пытаньне карэспандэнтка Свабоды задавала мінакам на вуліцах Менску.

Дзяўчына: “Напэўна, гэта глябальнае пацяпленьне. Зьмяненьне клімату – гэта ў любым выпадку кепска”.

Спадар: “Больш за ўсё мяне хвалюе забруджваньне навакольнага асяродзьдзя. Асабліва ў сьпякотнае надвор’е ўзмацняецца эфэкт выкідаў у атмасфэру, у паасобку ад транспарту, ад прадпрыемстваў. Таксама – забруджваньне рэк і азёраў”.

Спадарыня: “Напэўна тое, што жывёльны сьвет зьнішчаем, прыроду. А потым спрабуем іх захаваць як асобінаў”.

Карэспандэнтка: “Скажыце, калі ласка, якія праблемы аховы навакольнага асяродзьдзя вас хвалююць найбольш?”

Спадар: “Я падтрымліваю ў гэтым сэнсе антыглябалістаў, якія выступаюць за скарачэньне выкідаў шкодных газаў. Бачыце як клімат мяняецца: Эўропу й Амэрыку нездарма затапляе, бо вельмі вялікае ўтрыманьне шкодных рэчываў. Парушаецца клімат, балянс клімату парушаецца”.

Дзяўчына: “Я чула, што Чарнобыль ня вельмі добра закрыты і што небясьпека забруджваньня радыяцыяй – гэта вельмі актуальна”.

Хлопец: “Транспарт. Транспарт на 90 адсоткаў забруджвае атмасфэру ў адрозьненьне ад іншых відаў забруджваньня. Ён максымальна дае забруджваньне. Транспарту ўсё болей у горадзе робіцца з кожным годам. Гэта насьцярожвае. Людзі карыстаюцца машынамі, замест таго каб здаровы лад жыцьця весьці”.

Спадарыня: “Асабліва нічога мяне не хвалюе. Экалягічна чыстае паліва няхай выпускаюць. Для гэтага мы вырошчваем рапс. Мяркую, у будучыні ўсё гэта магчыма”.

Карэспандэнтка: “Якія праблемы навакольнага асяродзьдзя хвалююць вас найбольш?”

Юнак: “Больш за ўсё мяне хвалюе тое, што калі выяжджаеш на прыроду адпачыць зь сябрамі часта вельмі шмат рознага сьмецьця. Людзі за сабой не прыбіраюць і гэта вельмі непрыемна”.

Спадарыня: “Канечне забруджваньне пабытовымі адкідамі. Гэта адсоткаў 70 ад асноўнага забруджваньня. Выкіды прадпрыемстваў шмат значаць, але пабытовага сьмецьця нашмат болей”

Спадар: “Выхлапныя газы ад машынаў. Няма чым дыхаць. Я ўвогуле сам ня зь Менску, але тут пабыўшы некаторы час, я адчуў, што гэта неба й зямля – паветра ў нейкай вёсцы і мястэчку ці тут. А яшчэ – каб сьмецьця паменей выкідваць”.

• Фаніпаль: гімназісты правялі экалягічны экспэрымэнт, 9.03.2007 • Ці лічаць жыхары Гомелю Беларусь экалягічна бясьпечнаю краінаю?, 16.08.2005 • У нядзелю ў сьвеце адбыліся акцыі эколягаў, а ў Беларусі сьвяткавалі мэліяратары, 6.06.2005
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG