Мэдыкі папрасілі мяне зьняць, як яны выказаліся, палітычную атрыбутыку — банданку “Малады фронт”. Я адмовіўся зрабіць гэта, і тады яны мне сказалі, што ніякіх сымптомаў хваробы ў мяне няма
“Мэдыкі папрасілі мяне зьняць, як яны выказаліся, палітычную атрыбутыку — банданку “Малады фронт” і невялічкую паперку “Свабоду Зьмітру Дашкевічу!” Я адмовіўся зрабіць гэта, і тады яны мне сказалі, што ніякіх сымптомаў хваробы ў мяне няма, усё нармальна, стан стабілізаваўся... Сказалі, што мне трэба нават сёньня выпісвацца. Пасьля маёй адмовы мне прапанавалі зрабіць пракол сьпіннога мозгу. Пакуль лекары яшчэ не прыходзілі, як абяцалі”? – паведаміў Зьміцер Хведарук.
Паводле заканадаўства, чым даўжэй пацярпелы прабудзе ў шпіталі, тым больш жорсткія меры пакараньня могуць пагражаць абвінавачанаму.
Дзярждэпартамэнт ЗША, палітыкі, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі асудзілі зьбіцьцё Зьмітра Хведарука і жорсткі разгон акцыі. У шпіталі хлопца наведалі прадстаўнікі амбасады ЗША і краінаў Эўразьвязу.
Нагадаем: 12 сьнежня “хуткая” прывезла Зьмітра Хведарука ў шпіталь з Купалаўскага сквэру, дзе яго зьбілі міліцыянты падчас разгону дэманстрацыі “За незалежнасьць”, прымеркаванай да прыезду расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна. Спэцназаўцы павалілі хлопца на прыступкі і штурхалі яго нагамі.
Мэдыкі зафіксавалі пабоі і чэрапна-мазгавую траўму.