Сёньня яго наведалі амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт і кіраўнік дыпляматычнай місіі Славаччыны Любамір Рэгак. Амбасада Славаччыны ў Беларусі выконвае функцыі прадстаўніцтва Эўразьвязу.
Пра гэтую сустрэчу Зьміцер Хведарук сказаў:
“Яны распавялі пра тую заяву, якую прыняў учора Дзярждэпартамэнт і пра тое, што сёньня была прэс-канфэрэнцыя. Сёньня як раз мусіла быць сустрэча ў амэрыканскай амбасадзе наконт палітычных вязьняў. Я сказаў, што, на жаль, не магу там прысутнічаць па гэтых прычынах.
Амбасадарка выказала заклапочанасьць такім вось стаўленьнем да беларускай моладзі, тым, што зьбіваюць людзей на акцыях, на мірных дэманстрацыях за тое, што яны проста маюць нацыянальную сымболіку з сабой.
Яны сказалі, што і надалей будуць адсочваць сытуацыю і прымуць нават заяву на саміце Эўрапейскага зьвязу.
То бок, у прынцыпе, гэты прыезд Пуціна будзе мець шырокі розгалас. Тое, што Беларусі хочуць навязаць расейскую палітыку яшчэ больш глыбей, сапраўды, можа гэты чыньнік паспрыяе, і гэтага не дапусьцяць”.
У калідоры 9-га шпіталю Менску
Дзярждэпартамэнт ЗША асудзіў зьбіцьцё людзей і жорсткі разгон мірнай акцыі. Палітыкі і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі таксама выказалі свой пратэст супраць дзеяньняў беларускіх уладаў у дачыненьні да ўдзельнікаў акцыі “За незалежнасьць”, якая была прымеркавана да візыту расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна.
Зьміцер Хведарук ляжыць у аддзяленьні спалучальных траўмаў 9 клінічнага шпіталя. Мэдыкі зафіксавалі пабоі і чэрапна-мазгавую траўму. Супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага раёну Менску расьсьледуюць абставіны зьбіцьця актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Хведарука
Зьміцер Хведарук распавядае пра тое, што зь ім здарылася ўчора на Кастрычніцкай плошчы.