Гэтае пагадненьне, якое павінна яшчэ быць ратыфікаванае ў дзяржавах Зьвязу, разглядаецца як выхад з тупіку, ў якім апынулася аб’яднаная Эўропа пасьля таго, як у 2005 годзе французы і галяндцы на рэфэрэндумах адхілілі праект Эўрапейскай канстытуцыі.
Цырымонія падпісаньня адбывалася ў старажытным манастыры Еранімуса, сымбалі дзяржаўнасьці Партугаліі. “Гісторыя будзе памятаць гэтую дату, як дзень, калі была адкрытая новая дарога надзеі ў эўрапейскай справе” – заявіў міністар замежных спраў Жазэ Сакратас напачатку цырымоніі. А старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу сказаў пра пагадненьне, якое ўжо ахрысьцілі Лісабонскім, наступнае:
“Лісабонскае пагадненьне умацуе здольнасьць Зьвязу дзейнічаць і здольнасьць дасягаць сваіх мэтаў. Гэта надасьць нам новае эканамічнае, палітычнае і стратэгічнае вымярэньне. Гэтае вымярэньне зробіць дзяржавы-сябры больш моцнымі, і гэта дасьць магчымасьць Эўропе, аб’яднанай у сваёй разнастайнасьці, лепш прасоўваць свае інтарэсы і каштоўнасьці ў сьвеце”.
Пагадненьне аб рэформе Зьвязу стала, паводле яго стваральнікаў, выхадам з тупіку, у якім аб’яднаная Эўропа апынулася пасьля таго, як ў 2005 годзе Францыя і Галяндыя сказалі на рэфэрэндумах “не” Эўрапейскай Канстытуцыі.
Лісабонская дамова прадугледжвае менш жорсткія формы палітычнай інтэграцыі, чым былы праект Канстытуцыі Эўропы. Паводле дамовы ўводзіцца пасада прэзыдэнта Эўропы, якога ўрады краін-удзельніц абіраюць на два гады. Зараз краіна-старшыня Зьвязу абіраецца на паўгады. Аб’ядноўваюцца пасады прадстаўніка Зьвязу ў пытаньнях зьнешняй палітыкі і камісара па зьнешніх сувязях, фактычна ўводзіцца пасада міністра замежных спраў Эўразьвязу. Мяняецца парадак прыняцьця рашэньняў у Радзе міністраў Зьвязу, паводле пагадненьня для таго, каб рашэньне было прынятым патрэбна, каб за яго выказаліся прынамсі 15 з 27 краінаў, прычым гэтыя краіны павінны прадстаўляць прынамсі 65% насельніцтва Зьвязу.
Нацыянальныя парлямэнты атрымліваюць магчымасьць наўпрост уплываць на супольныя рашэньні Зьвязу, скарачаецца колькасьць сябраў Эўракамісіі, паводле пагадненьня не абавязкова, каб кожная краіна была прадстаўленая ў складзе гэтага выканаўчага органу.
Пагадненьне ўключае ў сябе таксама хартыю асноўных правоў грамадзянаў Эўразьвязу.
Каб прыйсьці да згоды, у пагадненьне было зроблена шмат саступак і выключэньняў для Вялікай Брытаніі, напрыклад, у дэклярацыі правоў асабліва агавораны сувэрэнітэт брытанскай судовай сыстэмы.
Аднак тым ня менш прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Гордан Браўн ухіліўся ад ўдзелу ў супольнай цырымоніі падпісаньня пагадненьня, ён зробіць гэта пазьней і асобна. Жэст брытанскага лідэра – адлюстраваньне глыбокага эўраскэптыцызму, уласьцівага брытанскаму насельніцтву, зь якім ўрад вымушаны лічыцца.
Мяркуецца, што з ратыфікацыяй пагадненьня аб рэформе Зьвязу не адбудзецца тое ж, што з праектам Канстытуцыі, пагадненьне выклікае менш перасьцярогаў наконт магчымых абмежаваньняў сувэрэнітэту краінаў-сябраў, да таго ж магчымая ратыфікацыя пагадненьня парлямэнтамі, а не праз рэфэрэндумы, што падвышае імавернасьць ухваленьня.