На Гарадзеншчыне заяўкі падаваліся ў Горадні, Смаргоні, Слоніме і Лідзе, пераважна сябрамі ПКБ, АГП і незалежных прафсаюзаў. Са словаў лідэра ПКБ у Горадні Анатоля Іванчыка — усяго падалі 108 заявак. Вось што, да прыкладу, адказалі прадстаўніцы ПКБ Яніне Гузоўскай улады Ліды.
Гузоўская: “У сувязі з тым, што ў другой палове сьнежня расьце пакупніцкая здольнасьць грамадзян, правядзеньне пікетаваньня побач з гандлёвымі пунктамі можа пашкодзіць як дзяржаўнаму, так і прыватнаму гандлю”.
А вось што адпісалі праваабаронцу са Смаргоні Алесю Дзергачову:
Дзергачоў: “Абмеркаваньне праводзілася ў мясцовых СМІ і, маўляў, паколькі я ня ўзяў удзелу ў гэтым мерапрыемстве, то, па сутнасьці, позна ўжо пратэставаць, а трэба выконваць гэты закон. Так было напісана ў лісьце з райвыканкаму”.
Са словаў Анатоля Іванчыка, сёньня заяўнікаў пікетаў пачалі выклікаць у міліцыю, каб пісьмова папярэдзіць пра адказнасьць, калі нехта ўсё ж надумае 16-га выйсьці на пікет.
Спадар Іванчык кажа, што нават сярод міліцыянтаў, калі пачынаеш ім тлумачыць сутнасьць адмены льготаў, шмат хто пагаджаецца, але подпіс пад папярэджаньнем бяруць усё роўна.
Найбольш Анатоля Іванчыка засмучае тое, што пра скасаваньне льготаў маўчаць тыя, каго гэта закранае асабіста.
Іванчык: “Народ неяк спакойна рэагуе. Ён зразумее гэта пасьля 17-га, калі ўсіх пазбавяць ільготаў, у тым ліку і дзяцей да трох гадоў, калі ня стане бясплатных лекаў. Потым усе зразумеюць, што гэта азначала”.