Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ліцэі Саюза палякаў дагэтуль не пачалося навучаньне (абноўлены)


Міхал Карневіч, Горадня Сёлета своечасова не распачаў працу ў Горадні ліцэй Саюза палякаў Беларусі. Звычайна заняткі ў ім пачыналіся праз два тыдні пасьля пачатку навучальнага году. Кіраўнічка ліцэю, Анжаліка Арэхва, напісала заяву на звальненьне. Не прыехалі сёлета і выкладчыкі з Польшчы. Новы кіраўнік Саюза палякаў Юзаф Лучнік ня бачыць у гэтым праблемы і кажа, што дапамогу ў арганізацыі працы ліцэя чакае ад аддзелаў народнай адукацыі адміністрацый Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Горадні.

Анжаліка Арэхва скончыла філялагічны факультэт Люблінскага ўнівэрсытэту і на працягу 9 гадоў кіравала ліцэям Саюза палякаў. Цяпер яна напісала заяву на звальненьне, бо ёй не падабаецца тое, што адбываецца у Саюзе палякаў. Яна прыняла сёлета толькі 5 заявак ад тых, хто жадае навучацца ў ліцэі, хаця ў мінулым годзе там было 145 вучняў. Сёлета не прыехалі і выкладчыкі з Польшчы, якія праводзілі ў ліцэі заняткі разам зь ёй. Спадарыня Арэхва думае, што ліцэй, калі будзе існаваць, зьменіць форму навучаньня:

(Арэхва: ) “Крокам да напісаньня заявы стала тое, што пачало адбывацца вакол Саюза палякаў, усе гэтыя замяшаньне. Думаю, што на тых умовах, на якіх ліцэй існаваў раней, ён ужо існаваць ня будзе. Хутчэй за ўсё, там будзе нейкая іншая форма навучаньня”.

У самім Саюзе палякаў ніякай праблемы ня бачаць. Новы старшыня Юзаф Лучнік упэўнены, што навучаньне ў ліцэі пачнецца з 1 кастрычніка. Маўляў, набор вучняў вядзецца, існуе дамова з дырэктарам школы №36 наконт таго, што ў ліцэі будуць выкладаць настаўнікі з гэтай школы. Праўда, Юзаф Лучнік ня ведае колькі на гэты час набралі вучняў у ліцэй.

(Лучнік: ) “Польская школа №36 забясьпечыць ліцэй настаўнікамі, памяшканьне яны таксама дадуць. Думаю, што аддзел адукацыі Ленінскага раёна таксама акажа дзейсную дапамогу”.

Ліцэй Саюза палякаў існуе ў Горадні пры школе №36 з польскай мовай навучаньня ўжо на працягу дзевяці гадоў. У ім дадаткова займаліся польскай мовай і літаратурай вучні з 7 па 11 клясы, а таксама дарослыя людзі, якія хацелі паглыбіць свае веды ў польскай мове.

Сёлета ў першую клясу школы №36 з польскай мовай навучаньня прыйшло толькі 13 вучняў, хаця ў мінулым годзе было набрана дзьве паралельныя клясы. Пасьля падзеяў у Саюзе палякаў многія бацькі забралі заявы са школы і не пусьцілі туды сваіх дзяцей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG