Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча ўзьняла "беларускае пытаньне" ў Ньюпорце


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў горадзе Ньюпорт у Вялікай Брытаніі пачалося двухдзённае нефармальнае спатканьне міністраў замежных справаў краінаў Эўразьвязу, у часе якога кіраўнікі дыпляматыяў краінаў аб’яднанай Эўропы ў неафіцыйнай абстаноўцы абменьваюцца поглядамі на надзённыя міжнародныя праблемы. Гэтым разам гаворка ішла і пра сытуацыю ў Беларусі – гэтую тэму запрапанаваў польскі бок.

Сёньняшняя сустрэча міністраў замежных справаў краінаў Эўразьвязу адбывалася за зачыненымі дзьвярыма. Беларускае пытаньне не было ў парадку дня размоваў, але як нам удалося даведацца ў часе размоваў сытуацыя ў Беларусі ўсё ж абмяркоўвалася. Зь Ньюпорту для нашага радыё гаворыць прэсавы сакратар МЗС Польшчы Аляксандар Хэцька:

(Хэцька: ) “Я пераказваю вам інфармацыю зь першых рук – толькі што я размаўляў зь міністрам Ротфэльдам. Ён пацьвердзіў, што закрануў беларускае пытаньне. Цяпер гэтая справа выйшла на іншы, эўрапейскі ўзровень. Ніхто не пярэчыў міністру. Усе пагадзіліся, што гэта пытаньне ня толькі польска-беларускіх дачыненьняў, але патрабуе актыўнага ўдзелу з боку Эўразьвязу. І так будзе”.

(Карэспандэнт: ) “Дык ці значыць гэта, што Польшча канчаткова змагла зьвярнуць увагу Эўразьвязу на тое, што адбываецца ў Беларусі?”

(Хэцька: ) “Галоўнай тэмай сёньняшніх перамоваў быў Іран, праблема атамнай зброі. Натуральна, што ў гэтым кантэксьце, беларускія справы мусілі адыйсьці на другі плян. Але тое, што прамаўляючы ў часе сустрэчы міністар Адам Ротфэльд, нягледзячы на тое, што беларускія пытаньні не былі ў парадку дня і яго папрасілі выказацца ў справе дачыненьняў з Расеяй, меў магчымасьць закрануць гэтую праблему, што на гэта пагадзілася брытанскае старшынёўства, ўжо шмат пра што гаворыць. Гэта важна”.

(Карэспандэнт: ) “Ці міністар Адам Ротфэльд гаварыў толькі пра праблемы Саюзу палякаў? ”

(Хэцька: ) “Ведаеце, міністар ня меў намеру абмежаваць праблемы патрэбы дэмакратыі ў Беларусі справамі Саюзу палякаў, бягучымі справамі. Ротфэльд зьвярнуў увагу на больш прынцыповыя справы, і гэта ўпісвалася ў кантэкст размоваў сёньня апоўдні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG