Арка ў старым будынку на вуліцы Рэвалюцыйнай, колішняй Койданаўскай – цэнтар Менску. За аркай – маленькі дворык. У 1995-1996 гадах тут ня раз выносіліся, і ставіліся сталы з напоямі ды прысмакамі. Гэта абітальнікі памяшканьня на другім паверсе зьбіралі сяброў, каб адзначыць сьвята. Напрыклад, Дзень нараджэньня. Днём нараджэньня "Radio 101,2" сталася 21 ліпеня 1995 году, калі ўпершыню ў этэры прагучалі пазыўныя станцыі.
"За "Radio 101,2" як жахнем!" "Жахнем, жахнем, жахнем..." – адгукалася рэха. Традыцыйны вокліч нарадзіўся ў рэдакцыі радыёстанцыі "Беларуская маладзёжная", чыя праграма выходзіла на дзяржаўным радыё, і была зачыненая ў 1994 годзе – на пярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Менавіта калектыў "Беларускай маладзёжнай" склаў аснову каманды "Radio 101,2".
(Жанна Літвіна: ) "Для мяне ўспаміны той дзесяцігадовай даўніны – гэта ў першую чаргу людзі, апантаныя ідэяй працы на сваёй радыёстанцыі. Калі можна было ствараць самому. Калі была проста неверагодная прастора для творчасьці: радыёжурналістаў, гукарэжысэраў" – прыгадвае Жанна Літвіна, галоўны рэдактар "Беларускай маладзёжнай", а пасьля адна зь кіраўнікоў "Radio 101,2".
(Лабандзіеўскі: ) "Сабраліся людзі, якіх не цікавіла ў першую чаргу зарабляньне грошай, альбо самавычварэньне ў этэры. Проста ў людзей была новая справа, якую ім было цікава рабіць. І энтузіязм быў такі, якога цяпер проста быць ня можа!" – гэта словы Сяргея Лабандзіеўскага, аднаго з гукарэжысэраў радыё.
***
Аснову журналістаў радыё склалі працаўнікі закрытай "Беларускай маладзёжнай", і тыя, хто да іх далучыўся: Вольга Бабак, Алесь Дайнэка, Генадзь Кесьнер, Ірына Курапаткіна, Іна Студзінская, Алесь Хмяльніцкі, Юрась Бушлякоў ды іншыя.
Гук радыё рабілі Анатоль Додзь, Зьміцер Новікаў, Уладзімер Сакульскі, Зьміцер Васількоў, Алеся Верас, Сяргей Лабандзіеўскі, Алесь Ляшкенвіч ды шэраг іншых.
"Radio 101,2" было аўтарскім праектам. Вядоўца меў магчымасьць уплываць на музычны шэраг этэру, ў якім пастаянна гучалі аўтарскія праграмы: "Паехалі!" Вольгі Бабак, "Квадракола" Лявона Вольскага", "Бізнэсактуаліі" Вольгі Караткевіч, "Джаз – музыка тоўстых" Зьмітра Падбярэзкага, праграмы Марціна Латэцкага, Сяргея Ахрамовіча... А праграма Касі Камоцкай "ПраРок" сталася на той момант адной зь нямногіх пляцовак для старту маладых рок-выканаўцаў. Прыгадвае лідар гурту NRM Лявон Вольскі:
(Вольскі: ) "Гэта была абсалютна нетутэйшая структура. Бо не было гэтай вечнай боязі сказаць штосьці ня тое, альбо штосьці ня тое паставіць музычнае. Моладзь пачала слухаць менавіта "Radio 101,2". Бо там была і альтэрнатыўная музыка, і сучасная музыка. У нас, бадай, нічога падобнага няма ў краіне, і не было ніколі".
Першапачатковую падтрымку для "Radio 101,2" ў выглядзе тэхнікі аказаў "Фонд Сораса". Каманду кіраўнікоў радыё склалі заснавальнікі Жанна Літвіна і Міхаіл Князевіч, праграмны дырэктар Зьміцер Новікаў і камэрцыйны дырэктар Зьміцер Бандарэнка. Студыі радыё наведвалі многія вядомыя на той час палітыкі, а таксама замежныя дыпляматы. Многія "стоадзінаўцы" прыгадваюць, што атрымлівалі крытыку з двух бакоў – апазыцыйнага і афіцыйнага за тое, што імкнуліся даваць магчымасьць выказацца і адным, і іншым.
***
Адзін з прынцыпаў "Radio 101,2" – выключна беларускамоўнае вядзеньне этэру, і адсутнасьць расейскіх песень.
(Бандарэнка: ) "Наконт мовы скажу, што гэта было безумоўным доказам таго, што беларуская мова не шкодзіць справе, наадварот – дапамагае. Нам гэта адразу дапамагло пазыцыянаваць сябе: у адрозьненьне ад расейскамоўных станцыяў".
Тлумачыць былы камэрцыйны дырэктар "Radio 101,2" Зьміцер Бандарэнка. Выключэньне рабілася адно для жывых інтэрвію, калі суразмоўцы кепска валодалі беларускай мовай.
"Radio 101,2" сталася ня толькі беспрэцэдэнтным культурніцкім, але пасьпяховым камэрцыйным праектам:
(Бандарэнка: ) "На рэклямным рынку мы выйшлі на першае месца ўжо перад закрыцьцём. Мы давалі праўдзівую інфармацыю, і рэклямныя блёкі вакол нашых навін былі эфэктыўнымі. Бо нашыя навіны згодна сацыялягічных дасьледаваньняў слухала да васьмідзесяці працэнтаў усіх слухачоў".
***
"Radio 101,2" зачынілі 1 верасьня 1996 году, менш за тры месяцы да другога рэфэрэндуму:
(Кесьнер: ) "Мы ня зьведалі такога паняцьця "цэнзура" – менавіта на "Radio 101,2".
Генадзь Кесьнер працаваў як для музычнага, гэтак для навінавага этэру.
"Radio 101,2" сталася першым і апошнім незалежным радыё ў Беларусі, дзе не было дзяржаўнай цэнзуры што да грамадзка-палітычнай інфармацыі. Толькі тут апазыцыйна настроеныя палітыкі маглі свабодна ў жывым этэры адказаць на пытаньні, і абнародаваць свае ідэі. Пра прычыны закрыцьця разважае журналіст Павал Шарамет, які быў частым госьцем этэру "Radio 101,2":
(Шарамет: ) "Асноўная прычына – гэта палітычны ўплыў радыё на менскіх слухачоў. Радыё было вельмі папулярным, і Лукашэнка і беларуская ўлада, канечне, не магла мірыцца зь існаваньнем такога радыё".
Лявон Вольскі працягвае думку Паўла Шарамета:
(Вольскі: ) "Ясна, што гэта цярпець было цяжка ня толькі ўладам, але і канкурэнтам таксама. Якія пастаянна самі сабе рабілі адвечную беларускую самацэнзуру, сачылі каб не ляпнуць чаго іншага. Канешне, гэта вельмі раздражняла, што існуе такое пад бокам".
Першы голас, які прагучаў на "Radio 101,2" належыць журналістцы Вользе Бабак. Разам з сваёй калегай Ірынай Курапаткінай Вольга зачыняла этэр – 31 жніўня 1996 году:
(Бабак: ) "Ня памятаю калі я першы раз выходзіла ў этэр. Але апошні памятаю. Ужо пасьля Курапаткінай, калі яна разьвіталася, я сказала апошнія словы – "мы яшчэ вернемся"".
(Анемпадыстаў: ) "Цяжка было прызвычаіцца, што няма ўжо гэтай хвалі. Думаю, ва ўсіх, хто слухаў радыё, навярнуліся сьлёзы".
Міхал Анемпадыстаў адмыслова слухаў апошні этэр, бо напярэдадні "стоадзінка" паведаміла дату – 31 жніўня 1996 году. Навіна пра закрыцьцё прыйшла нечакана – суткамі раней. Ані тэлефанаваньняў, ані афіцыйных лістоў не было. Проста, прыйшоў факс, дзе інфармавалася, што ад 1 верасьня праца хвалі 101,2 у FM-дыяпазоне будзе часова прыпыненая з тэхнічных прычынаў. Перад разьвітаньнем Вольга Бабак папрасіла слухачоў, якія могуць – пасыгналіць, калі пойдуць апошнія пазыўныя. Прысутныя на Рэвалюцыйнай імгненна пачулі гук аўтамабільных кляксонаў.
У 1996 годзе многім падавалася, што сытуацыю можна выправіць. Працаўнікі "стоадзінкі" ладзілі пікеты-пэрформансы. Той час ўзгадвае Сяргей Лабандзіеўскі:
(Лабандзіеўскі: ) "Мы ж тады на сьвет глядзелі іначай: больш наіўна, з большай надзеяй на тое, што ўсе гэтыя дэбілізмы часовыя, што лухта гэта ўсё".
***
Па закрыцьці "101,2" многія журналісты і гукарэжысэры працягвалі працаваць на Рэвалюцыйнай. Спачатку для беларускай рэдакцыі польскага радыё "Палёнія", пасьля ў новастворанай незалежнай станцыі "Радыё Рацыя". І сёньня большасьць "стоадзінаўцаў" працуюць у сфэры незалежнага вольнага слова. Напрыклад, на Радыё Свабода.
Я запытаўся ў Жанны Літвіной, у якім непадцэнзурным радыё яна хацела б удзельнічаць сёньня:
(Літвіна: ) "Тое, чаго сёньня не хапае нашаму грамадзтву, і нашым людзям – фармату форуму і дыскусіі. Мне бачыцца наступная радыёстанцыя – вольная радыёстанцыя. Якая ня будзе стаяць на каленях, якой ня будуць дыктаваць працэнты: голасу, музыкі, сьпевакоў, і г.д. Вось гэтая радыёстанцыя павінна на сёньняшні дзень узяць функцыю форуму".
З нагоды дзесяцігодзьдзя нараджэньня "Radio 101,2" ня будзе гучных канцэртаў і народных гуляньняў. Былыя працаўнікі зьбяруцца прыватным чынам, каб узгадаць мінулае, і абмеркаваць варыянты будучыні.