Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская дзяржава трымае дыстанцыю ад плянаванага зьезду беларусаў сьвету?


Валянціна Аксак, Менск Я.Запруднік: “Калі беларуская дзяржава хоча, каб сюды прыехалі замежныя інвэстары, яна мусіць хаця б спрасьціць працэдуру рэгістрацыі замежных грамадзянаў”

Пра гэта заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі з нагоды падрыхтоўкі да IV Зьезду беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” доктар гісторыі, пісьменьнік і грамадзкі дзеяч беларускае дыяспары Злучаных Штатаў Амэрыкі Янка Запруднік. Ён распавёў журналістам пра свае спробы быць законапаслухмяным госьцем Беларусі, аднак цягам цэлага тыдня яму не ўдалося зарэгістравацца, як таго патрабуе цяперашняе заканадаўства.

Прэсавую канфэрэнцыю ладзіў аргкамітэт IV Зьезду згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, які заплянаваны на 16—17 ліпеня і будзе прысьвечаны праблемам дачыненьняў замежных суайчыньнікаў са сваёй радзімай. Старшыня згуртаваньня Алена Макоўская зазначыла, што да сёньня аргкамітэту зьезду не ўдалося дасягнуць паразуменьня зь дзяржаўнымі органамі, якія дэкляруюць свой намер супрацоўнічаць з замежнымі суайчыньнікамі.



(Макоўская: ) “Запрашэньні да ўдзелу ў зьезьдзе ў якасьці гасьцей мы даслалі дзяржаўным органам Рэспублікі Беларусь. На сёньняшні дзень “Бацькаўшчына” не атрымала ніводнага адказу ад іх аб удзеле — ні пазітыўнага, ні нэгатыўнага. Не атрымалі мы адказу і на звароты, якія ім былі дасланыя раней, на пачатку гэтага году. Таму можам меркаваць, што дзяржава пакуль што вырашыла трымаць дыстанцыю ад IV Зьезду беларусаў сьвету”.

Дырэктар Беларускага інстытуту навукі і мастацтва (БІНіМ) у Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель са шкадаваньнем гаварыў пра згорнутыя дзяржаўныя праграмы вывучэньня беларускае эміграцыі, якія былі распачатыя на пачатку 1990-х гадоў. Ні акадэмічныя інстытуты, ні катэдры вышэйшых навучальных установаў цяпер не дасьледуюць праблемы эміграцыі, якую, да таго ж афіцыйная прапаганда цяпер пасьлядоўна згадвае ў кантэксьце калябарацыі ў часе другой усясьветнай вайны. Аднак эміграцыя зь Беларусі адбывалася і задоўга да гэтага, падкрэсьліў Вітаўт Кіпель.

(Кіпель: ) “Эміграцыя зь Беларусі — гэта зьява, пачынаючы з XVI стагодзьдзя. Ліцьвіны, якіх было поўна ў Сібіры, ліцьвіны, якія ехалі і ў Паўднёвую Амэрыку, Касьцюшкі і іншыя — гэта эміграцыя зь Беларусі”.



Спадар Кіпель сказаў, што згорнутасьць дзяржаўных праграмаў вывучэньня беларускае эміграцыі вядзе да далейшае кансэрвацыі ў навуцы старых савецкіх штампаў, а ў палітыцы — стэрэатыпаў у дачыненьнях з тымі беларускімі арганізацыямі, якія хочуць дапамагаць бацькаўшчыне.

(Кіпель: ) “Беларуска-амэрыканскія арганізацыі абсалютна даюць сабе справаздачу, што Беларусь, так сказаць, элімінуецца з агульнага эканамічнага эўрапейскага цыклю разьвіцьця, але, тым ня менш, яны лічаць, што голас іхны павінен быць чутны”.



Намер прыехаць на IV Зьезд беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” пацьвердзілі 159 дэлегатаў з 23 краінаў сьвету і 180 зь Беларусі. Яшчэ чакаецца прыкладна сотня гасьцей. Памяшканьня ў цэнтры Менску для такога высокага форуму суайчыньнікаў не знайшлося, адміністрацыі вялікіх заляў без тлумачэньня прычынаў адмовілі “Бацькаўшчыне”. Зьезд мяркуецца правесьці ў памяшканьні Міжнароднага адукацыйнага цэнтру ў мікрараёне Паўднёвы Захад.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG