Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: Белтэлерадыёкампанія ня выканала пастановы суду


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак

“Белорусская деловая газета” ў сёньняшнім нумары ацэньвае пэрспэктывы зачыненага беларускімі ўладамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які сёлета мае аднавіць сваю дзейнасьць у Вільні. Як зазначае “БДГ”, рэктар ЭГУ акадэмік Міхайлаў праводзіць паралель паміж беларускім унівэрсытэтам у выгнаньні і ўнівэрсытэтамі ў выгнаньні ў эпоху гітлераўскай Нямеччыны. Газэта зьвяртае ўвагу на сур’ёзнае стаўленьне да аднаўленьня дзейнасьці ЭГУ ў Вільні з боку літоўскіх уладаў, у тым ліку прэзыдэнта Валдаса Адамкуса.

“Барысаўскія навіны” разважаюць над праблемамі будаўніцтва на Барысаўшчыне. Шмат праблем, паводле газэты, зьвязана з пабудоваю на вёсцы так званых “прэзыдэнцкіх” дамоў. У свой час Аляксандр Лукашэнка абмежаваў будаўнікоў, вызначыўшы максымальны кошт аднаго такога дому – 18 тысяч даляраў. Аднак спэцыялісты цьвердзяць, што гэтых грошай недастаткова. У выніку, як паведамляюць “Барысаўскія навіны”, вяскоўцы атрымліваюць дамы без агароджаў, без аздобы. Навасёлам прапануюць завяршаць будоўлю за свае грошы. Вяскоўцы, аднак, укладаць асабістыя сродкі адмаўляюцца – з той прычыны, што будаванага жытла ім не даюць ва ўласнасьць. Цяпер на Барысаўшчыне неабходна здаць “пад ключ” 18 дамоў, але зь іх цалкам гатовыя да здачы толькі 6. Падобная сытуацыя, паводле барысаўскага выданьня, складаецца з “прэзыдэнцкімі” дамамі ў Смалявіцкім і Чэрвеньскім раёнах.

“Газета слонимская” вяртаецца да канфлікту паміж кіраўніком слонімскага грамадзкага аб’яднаньня “Воля да разьвіцьця” Міхасём Варанцом і Беларускім тэлебачаньнем. У леташнім сакавіку ў праграме “Панарама” быў паказаны лжывы, як піша газэта, сюжэт пра падатковую завінавачанасьць памянёнага аб’яднаньня. Міхась Варанец падаў на тэлебачаньне ў суд, і Першамайскі суд Менску, які сёлета ў лютым разглядаў справу, прызнаў скаргу жыхара Слоніму абгрунтаванай. Кіраўніцтва тэлебачаньня апратэставала гэтае рашэньне, аднак Менскі гарадзкі суд зноў пацьвердзіў, што ў канфлікце праўда на баку слонімца. Ад таго часу прайшло ўжо больш за месяц, а Белтэлерадыёкампанія, паводле “Газеты слонимск’ай” дагэтуль пастановы суду ня выканала, так і не абвясьціўшы ў вечаровым выпуску праграмы “Панарама”, што ўвяла беларускіх гледачоў у зман і зьняславіла гонар і дзелавую рэпутацыю Міхася Варанца, а таксама рэпутацыю грамадзкага аб’яднаньня “Воля да разьвіцьця”. Белтэлерадыёкампанія таксама не пакрыла грамадзкаму аб’яднаньню і яго кіраўніку судовых выдаткаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG