Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа адзначае юбілей Шэнгенскага пагадненьня


Ігар Карней, Менск 20 гадоў назад у люксэмбурскім горадзе Шэнгене было падпісанае пагадненьне аб усталяваньні рэжыму вольнага перамяшчэньня на межах паміж Францыяй, Нямеччынай, Бэльгіяй, Нідэрляндамі і Люксэмбургам. З таго часу колькасьць дзяржаваў Шэнгенскага пагадненьня значна вырасла, а з празрыстага перамяшчэньня скарысталіся нават некаторыя краіны, якія раней уваходзілі ў склад СССР. Ці існуюць бязьвізавыя пэрспэктывы для Беларусі?

Шэнгенскія пэрспэктывы пакуль што ніяк не закранаюць Беларусі. І перадусім праз палітычныя прычыны. Колькасьць “неўязных” на шэнгенскую тэрыторыю беларускіх чыноўнікаў пашыраецца. Адначасна й радавыя грамадзяне Беларусі становяцца закладнікамі таго, што ў сьвеце назвалі “апошняй дыктатурай у Эўропе”. Таму гаварыць пра беларусаў як пра жаданых гасьцей на Захадзе – значыць выдаваць жаданае за рэальнае.

Зрэшты, ніяк не спрыяе зьменам сытуацыі й візавая палітыка, якую праводзіць Міністэрства замежных справаў Беларусі. Калі перамяшчэньні ў межах Эўразьвязу для грамадзянаў большай часткі эўрапейскіх краін бясплатныя, то кошт беларускіх візаў шмат каго палохае. Так, турыстычная віза ў Беларусь для бальшыні жыхароў Эўразьвязу каштуе 50 эўра, для грамадзянаў ЗША – 50 даляраў (да красавіка была 100 даляраў), для баўгараў – 53 даляры, ізраільцаў – 42, вугорцаў – 40, латышоў – 32 даляры... Прычым высокія цэны не азначаюць, што віза будзе абавязкова выдадзеная.

Як апавядаюць замежнікі, працэдура афармленьня візаў у беларускіх консульствах – адна з самых сур’ёзных у Эўропе. Між тым, у беларускім МЗС раз-пораз абураюцца чэргамі ля пасольстваў замежных краін у Менску. Яшчэ 8 чэрвеня кіраўніцтва замежнапалітычнага ведамства запрасіла на размову амбасадараў Нямеччыны, Італіі і Францыі і выказала свае прэтэнзіі да арганізацыі працы гэтых установаў.

Свабодны выезд беларусаў за мяжу ўскладняецца й неабходнасьцю мець у пашпарце дазвольны штамп. І хоць Канстытуцыйны суд Беларусі прызнаў неканстытуцыйнасьць штампаў на выезд, пэрспэктыва іх адмены пакуль што ня вельмі пэўная. Паасобныя ведамствы заяўляюць, што не гатовыя адмовіцца ад штампа, паколькі не існуе мэханізму, які гэтаксама эфэктыўна дазваляў бы кантраляваць перамяшчэньне грамадзянаў. На гэты момант толькі ў камітэце памежных войскаў выказаліся, што гатовыя да спрошчанай працэдуры пашпартнага афармленьня. Аднак судзьдзя Канстытуцыйнага суду ў пытаньнях адмены дазвольнага запісу Валянцін Шуклін перакананы: часу, каб перабудаваць сваю працу, усе адпаведныя інстытуцыі мелі дастаткова.

(Шуклін: ) “Мы прызналі гэтую норму неканстытуцыйнай, і 27 верасьня 2002 году рашэньне накіраванае для выкананьня. У адносінах да нормаў дзейнічае закон “Аб нарматыўна-прававых актах Рэспублікі Беларусь”, а ў артыкуле 69 гэтага закону запісана: дакумэнт спыняе сваё дзеяньне ў выпадку прызнаньня прававога акту (ці яго часткі) неканстытуцыйным. Калі ён незаконны, то спыняе дзеяньне... Падчас разгляду справы ў судзе былі прадстаўнікі розных дзяржаўных органаў, якія ўжо тады казалі: каб выканаць заключэньне Канстытуцыйнага суду, неабходна сама мала 2 – 3 гады. Суд даў часу з запасам – нават больш за тры гады – для выкананьня гэтага заключэньня”.

У папярэднім складзе Палаты прадстаўнікоў адмену штампаў ініцыяваў сябра парлямэнцкай групы “Рэспубліка” Ўладзімер Парфяновіч. Тады называліся нават тэрміны, калі рашэньне Канстытуцыйнага суду мела набыць сілу – 1 студзеня 2006 году. Пазыцыю Парфяновіча нечакана падтрымаў і Канстытуцыйны суд, а яго кіраўнік Рыгор Васілевіч летась абвясьціў, што адзнакі ў пашпарце могуць быць скасаваныя ў апошні дзень 2005 году. Але адразу ж пасьля гэтага прадстаўнікі шэрагу сілавых ведамстваў заявілі, што ў найбліжэйшай пэрспэктыве адмяніць штампы немагчыма.

У дэпартамэнце грамадзянства і міграцыі МУС кажуць, што ня створана аўтаматызаваная сыстэма кантролю за перамяшчэньнем асобаў, якім з розных прычынаў выезд за мяжу абмежаваны. Каб устанавіць такія сыстэмы на памежных пераходах, спатрэбіцца шмат часу і сродкаў. Уладзімер Парфяновіч на такія аргумэнты рэагуе адназначна: няхай возьмуць за ўзор Украіну, якой нішто не перашкаджае нават дамаўляцца пра спрошчаны рэжым з краінамі Эўразьвязу.

(Парфяновіч: ) “Сёньня проста зьбіраюць грошы з грамадзянаў ні за што. Тое, што гэта робіцца з мэтай кантролю? Сумняюся. Яны й так кантралююць усіх бяз гэтага штампа. Але што да пытаньня, то я ўсё ж веру Канстытуцыйнаму суду”.

Тым часам Канстытуцыйны суд спадзяецца на тое, што ў справу ўмяшаецца Аляксандар Лукашэнка. Пра гэта гаворыць судзьдзя Канстытуцыйнага суду Валянцін Шуклін:

(Шуклін: ) “Натуральна, можна казаць, што і сёньня мы не гатовыя, і праз 20 гадоў не гатовыя, можна й праз сто гадоў не падрыхтавацца... Але ж ёсьць гарант Канстытуцыі – прэзыдэнт; ёсьць абавязак дзяржаўных службоўцаў выконваць патрабаваньні Канстытуцыі. Таму мусяць быць зробленыя адпаведныя захады. У сакавіку быў зварот прэзыдэнта, у якім ён адназначна сказаў: з прыняцьцем Асноўнага закону Рэспубліка Беларусь заявіла пра сябе як пра незалежную, сувэрэнную дзяржаву з самастойнай, пасьлядоўнай палітыкай. У дзяржаўных органаў ёсьць дастаткова часу і магчымасьцяў, каб прыняць праект закону і выканаць рашэньне Канстытуцыйнага суду”.

А пакуль Аляксандар Лукашэнка ніяк ня выразіў свайго стаўленьня да гэтага пытаньня, у АВІРах працуюць, як і раней. За штамп бяруць у якасьці дзяржаўнай пошліны адну базавую велічыню за кожны “дазвольны год” – 25, 5 тысяч рублёў.

Якія могуць быць санкцыі, калі рашэньне Канстытуцыйнага суду застанецца толькі на паперы? Цяжка сказаць канкрэтна, бо адказваюць на гэтае пытаньне ў Канстытуцыйным судзе артыкулам 59 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: “Дзяржаўныя органы і адказныя асобы, якім даверана выкананьне дзяржаўных функцыяў, у межах сваёй кампэтэнцыі нясуць адказнасьць за дзеяньні, якія парушаюць правы і свабоды чалавека”. Іншая рэч, наколькі ўвогуле ў Беларусі можна казаць пра такое паняцьце, як “правы чалавека”?..
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG