Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паболее з выданьнем зводу правілаў беларускае клясычнае мовы яе карыстальнікаў?


Валянціна Аксак, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Выйшаў з друку асобнай кніжкай сучасны збор правілаў беларускага клясычнага правапісу, аўтары якога мелі на мэце скасаваць разьбежнасьці ды супярэчнасьці ў найноўшай практыцы карыстаньня тарашкевіцай. Ці ўдалося ім гэта? Ці будуць беларускія газэты ды часопісы, журналісты ды літаратары зьвяраць сваю пісьменнасьць на тарашкевіцы паводле выдрукаваных правілаў? І ці ўніфікуе гэтае выданьне шматварыянтную сучасную тарашкевіцу? Ці выканае яно дэкляраваны курс на далейшае зьліцьцё клясычнага і афіцыйнага правапісаў беларускае мовы?

На гэтыя ды іншыя пытаньні шукаюць адказы ў нашай менскай студыі дактарант Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Сяргей Запрудзкі і па тэлефоне з Прагі адзін з аўтараў кнігі Юрась Бушлякоў.

(Валянціна Аксак: ) “Спадар Бушлякоў, у прадмове да выдадзенага збору правілаў беларускага клясычнага правапісу сказана, што адным з трох прынцыпаў дзейнасьці аўтарскае групы, у якую ўваходзілі і вы, ёсьць скасаваньне разьбежнасьцяў ды супярэчнасьцяў, якія выяўляюцца ў тэкстах, напісаных сучаснымі карыстальнікамі тарашкевіцы. Калі гаварыць вельмі коратка, ці задаволеныя вы дасягнутым аўтарамі кнігі вынікам?”

(Юрась Бушлякоў: ) “Ведаеце, мы ўвесь час шукалі кампрамісаў, і трэба разумець — гэта, думаю, вельмі важны момант — што сярод тых людзей, якія сабраліся ў рэдакцыйнай групе, якія даводзілі гэтую нармалізацыю да цяперашняга стану, людзі, погляды якіх таксама далёка не ва ўсім супадаюць. Але мы паставілі за мэту падрыхтаваць якасны, лінгвістычна добра дагледжаны тэкст зводу правілаў, таму што адчувалі і адчуваем рэальную практычную патрэбу. Маем рэдакцыі пэрыядычных выданьняў, якія схіляюцца да выкарыстаньня дарэформавага моўна-правапіснага стандарту. Маем рэдакцыі электронных мэдыяў, хаця б Радыё Свабода ці Беларуская служба Польскага радыё, якія таксама дэкляруюць свой выбар, выбар дарэформавага моўна-правапіснага стандарту. Іншымі словамі, ёсьць рэальная патрэба ў такой кнізе. Я лічу, што гэтая праца ў значнай ступені этапная. Трэба сказаць, што на працягу больш як шасьцідзесяці гадоў не выдавалася ніводнага зводу дарэформавага моўна-правапіснага стандарту ці, як мы гаворым трошкі спрошчана, тарашкевіцы”.

(Аксак: ) “Пытаньне цяпер да нашага менскага госьця Сяргея Запрудзкага. На прэзэнтацыі выданьня, якое адбылося ў сядзібе Таварыства беларускае мовы 23 траўня, вы даволі рэзка скрытыкавалі працу сяброў рабочае групы. Але з вашага выступу не было зразумела, ці вы наагул супраць спробаў пашырэньня карыстаньня ў сучаснай практыцы клясычнага правапісу беларускае мовы, ці вы нэгатыўна ацэньваеце зробленую аўтарамі гэтай кнігі працу. Патлумачце, калі ласка”.

(Сяргей Запрудзкі: ) “У цэлым я лічу, што сама ідэя кадыфікацыі тарашкевіцы ня вельмі плённая з таго пункту гледжаньня, што яна робіць зусім трывалай сытуацыю расколу беларускае мовы на дзьве часткі. Як вядома, існуе традыцыйны правапіс, афіцыйны правапіс ці школьны правапіс, як яго яшчэ называюць, і існуе тарашкевіца, але кола выданьняў, якія карыстаюцца гэтымі правапісамі, кола асобаў несувымернае. І такім чынам міжволі даводзіцца прызнаць, што тарашкевіца — гэта не асноўны правапіс. Калі гаварыць матэматычна, то можна сказаць, што мы цяпер маем адну цэлую і адну дзясятую правапісу беларускай мовы, прычым, адна цэлая — гэта афіцыйны правапіс, а адна дзясятая — тарашкевіца. Калі тарашкевіца будзе пашыраць свае абсягі, значыць, гэтая выразная дыспрапорцыя будзе выраўноўвацца, і такім чынам раскол будзе рабіцца на дзьве больш-менш роўныя часткі, і тым больш ён будзе складаны, тым больш увекавечаны на будучыню.

Трэба сказаць, што ў гісторыі некаторых моваў былі такія расколы, яны зь імі жывуць, але каб сказаць, што гэта дабро — мець два правапісы адной мовы, і прыхільнікі аднаго і другога правапісу пры гэтым сварацца паміж сабой, то не, бо гэта несумненна аслабляе супольнасьць дадзенай мовы. І таму я ня вельмі ўхваляў бы такую ідэю. Яна накіраваная на ўтрываленьне расколу ў правапісе”.

(Аксак: ) “І тым ня менш, праца зробленая, і праца працягваецца, мяркуючы па тым, што аўтары гэтага, як сказаў спадар Бушлякоў, першага за апошнія шэсьцьдзесят гадоў зводу правілаў клясычнае беларускае мовы, абяцалі прымаць заўвагі і прапановы і выдаваць раз на год ці на два гады новы дапоўнены звод. Але пытаньне такое. Спадар Бушлякоў, аўтары выданьня дэкляравалі “старыны ня рушыць, навіны ня ўводзіць” — дзеля таго, каб спрасьціць тарашкевіцу і зрабіць яе максымальна канкурэнтаздольнай з наркамаўкаю. Аднак у кнізе поўна наватвораў ды варыянтаў. Выглядае, што аўтары і старыну парушылі, і навіны наўводзілі, што ўжо выклікала непаразуменьне карыстальнікаў тарашкевіцы. Што скажаце на іхныя закіды?”

(Бушлякоў: ) “Я магу толькі сказаць, што гэты звод фіксуе рэальную варыянтнасьць, якой характарызуецца беларуская моўная прастора, у тым ліку ў тым яе сэгмэнце, дзе пануе новаклясычны ці клясычны моўны стандарт. Так што гэта ўсяго толькі фіксацыя варыянтаў. Дзе было магчыма, натуральна, укладальнікі гэтага зводу імкнуліся да ўаднастайненьня падыходаў, да сыстэматызаванага разьвязаньня тых ці іншых артаграфічных праблемаў. Практыка пакажа, наколькі плённая была гэтая работа.

Звод, прапанаваны публіцы, вынесены на шырокія вочы, і я лічу, што абсалютна правільна гэта было зроблена. Бо паглядзіце: так званая група Аляксандра Падлужнага ў Інстытуце мовазнаўства даволі ўжо працяглы час займаецца падрыхтоўкай праекту новай рэдакцыі правілаў артаграфіі і пунктуацыі, і трэба сказаць, што той праект, які гэтая група выносіць на публіку, ён фактычна даступны толькі вельмі вузкаму колу лінгвістаў. Ён фактычна схаваны ад вачэй карыстальнікаў. Мы ўсе павінны абмяркоўваць праблемы нашай мовы, бо гэта нашыя агульныя праблемы, і толькі тады, уласна кажучы, будзе той рух насустрач адны адным”.

(Аксак: ) “Спадар Запрудзкі, зноў вяртаюся да ўчорашняй дыскусіі. Выдрукаваны збор правілаў вы назвалі яшчэ адным варыянтам тарашкевіцы. Ці, на вашую думку, гэты збор сапраўды яшчэ больш паглыбіў супярэчнасьці і нават стварыў яшчэ адзін варыянт клясычнага правапісу — замест таго, каб уніфікаваць існыя цяпер у розных пэрыёдыках, ды загнаў праблему двух правапісаў і наагул пісьменнасьці беларусаў у глыбіню, аслабіў іх уменьне і жаданьне ўрэшце стварыць адзіны клясычны, кансэрватыўны, непарушны збор правілаў мовы?”

(Запрудзкі: ) “Мне здаецца, у дадзеным выпадку гаворка ідзе пра карпаратыўныя патрэбы карыстальнікаў тарашкевіцы. Калі яны гавораць, што яны дбаюць пра будучую канвэргенцыю, я, прабачце, у гэтыя дэклярацыі мала веру, таму што я ведаю гэтых людзей. Я магу сказаць, што калі ў 2003 годзе Таварыства беларускай мовы мела правесьці круглы стол з нагоды рэформы правапісу 1933 году, то Вінцук Вячорка зрабіў так, каб, напрыклад, Аляксандар Падлужны не прысутнічаў у гэтай дыскусіі. І ў гэтым пляне я проста ня веру, яшчэ раз паўтару, у некаторыя дэклярацыі наконт канвэргенцыі, збліжэньня, далейшага ўдасканаленьня беларускай мовы і так далей.

Калі ж гаворка ідзе пра адсутнасьць грамадзкага абмеркаваньня ў дачыненьні да праекту групы Акадэміі навук, то я павінен сказаць, што далёка не ва ўсіх выпадках гэтае грамадзкае абмеркаваньне патрэбнае і карыснае. Бо, напрыклад, калі абмяркоўваўся праект 1951 году, то тады шляхам грамадзкага абмеркаваньня прыйшлі да высновы, што трэба пісаць “весна”, “земля”. І калі б такія высновы грамадзкага абмеркаваньня былі прынятыя, то мы сёньня карысталіся б такімі артаграмамі.

Што да дэклярацыі пэўных прынцыпаў, да прыкладу, прынцыпу “старыны ня рушыць, навіны ня ўводзіць”, сфармуляваным на Праскай канфэрэнцыі. Хачу нагадаць, што Язэп Лёсік, які выступаў з радыкальнымі прапановамі ў 1920-я гады, ён таксама гаварыў: “Старыны ня рушыць, навіны ня ўводзіць”. Так што словы часам вельмі мала значаць. Значаць больш канкрэтныя крокі, канкрэтныя захады”.

(Аксак: ) “Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі сказаў учора на прэзэнтацыі, што ідэальнага правапісу не бывае ды заклікаў прыняць выдадзены да безумоўнага выкананьня. А як вы, спадар Бушлякоў, паставіцеся да тых аўтараў і выданьняў, якія ня будуць прытрымлівацца вашага варыянту?”

(Бушлякоў: ) “Я ўвогуле чалавек вельмі талерантны, таму праўдападобна, калі гэта будзе ў маіх сілах, паспрабую людзям растлумачыць тыя ці іншыя памылкі, калі, уласна кажучы, у гэтым выпадку можна будзе гаварыць пра памылкі, а ня проста схільнасьць групы людзей да пэўных моўных разьвязаньняў. Натуральна, ідэальнага правапісу не бывае. Мы ўсе павінны добра разумець, што правапіс — гэта дагавор, гэта пагадненьне. Мы ўлічваем моўна-правапісную практыку, мы гэта абагульняем, і мы прапануем на базе рэальных фактаў мовы, рэальнага моўнага ўжываньня тыя ці іншыя разьвязаньні. І вельмі важна, каб гэта рабілася кампэтэнтнымі людзьмі, каб гэта рабілася на належным лінгвістычным роўні, і каб гэта рабілася, я сказаў бы так, мудра”.

(Аксак: ) “Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў сказаў, што цяпер на старонках тэбээмаўскіх выданьняў зьявяцца і публікацыі паводле клясычнага правапісу. Пісьменнасьць нататак, напісаных на тарашкевіцы, ёсьць па чым правяраць. Выглядае, што карыстальнікаў тарашкевіцы пабольшае, клясычны правапіс пачне выцясьняць наркамаўку з выданьняў ТБМ. Як вы, спадар Запрудзкі, успрымеце такія навацыі?”

(Запрудзкі: ) “Я асабіста буду катэгарычна пратэставаць супраць гэтага, таму што для мяне вось гэтая кніга, якая днямі пабачыла сьвет, яшчэ ня ёсьць аўтарытэтным выданьнем”.

(Аксак: ) “Гэткім чынам выглядае, што два варыянты правапісу адной мовы — клясычны і афіцыйны — у Беларусі будуць яшчэ доўга існаваць, бо нават паміж спэцыялістамі, практыкамі і тэарэтыкамі, няма лінгвістычнае салідарнасьці, то што ўжо казаць пра шараговых карыстальнікаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG